
Гутарыць з Галінай Лявонцьеўнай - адно задавальненне! Яе цікавая працоўная біяграфія напоўнена рознабаковымі гісторыямі і фактамі, а масла ў агонь, як кажуць, дабаўляюць падзеі асабістага жыцця, ад якіх аж мурашкі па скуры…
Ураджэнка Палесся скончыла Пінскае педагагічнае вучылішча і нават ў думках не здагадвалася, што прыйдзецца ёй наладжваць сваю працоўную дзейнасць далёка ад родных месцаў - на Іўеўшчыне. Спачатку непрацяглы час працавала ў Брэсцкім раёне, а затым яе родная сястра Валянціна, якая выйшла замуж за іўяўчаніна, перацягнула Галіну да сябе бліжэй. І вось у 1984 годзе 21-гадовай дзяўчынай яна прыехала ў в. Цэнтральную, дзе яшчэ толькі завяршалася будаўніцтва дзіцячага садка. Тагачасны старшыня калгаса Уладзіслаў Пятровіч Кільчэўскі, праводзячы маладому спецыялісту экскурсію па новым будынку дашкольнай установы, сказаў: "Глядзі, думай, што патрэбна для садка, а потым мне скажаш, купім. Будзеш тут гаспадыняй". Гэтым самым даў зразумець Галіне Лявонцьеўне, што яна прынята на работу загадчыцай.
За некалькі месяцаў у новым будунку закіпела жыццё, пачалося абсталяванне памяшканняў. Новая загадчыца з вялікім энтузіязмам, зрэшты, яна яго не растраціла і да гэтай пары, "закруціла" жыццё ў дзіцячым садку. Успамінае, што тады прыйшло першых пяць выхаванцаў. Адчынілася ўстанова ў лютым, а у маі з яе сцен выйшаў першы выпускнік. Яна і цяпер памятае, што гэта быў Андрэй Жылевіч, цяпер ксёндз, узначальвае арганізацыю "Карытас" у Мінску.
Між іншым, дзве яе выхаванкі прыйшлі працаваць выхавальнікамі ў свой дзіцячы садок - Вікторыя Юхнік і Святлана Качан. Атрымоўваецца, што Галіна Лявонцьеўна з катэгорыі педагога перайшла да іх у катэгорыю кіраў-ніка.
- Трыццаць тры гады я працавала загадчыцай дзіцячага сада, - гаворыць суразмоўца. - За гэты час змяніліся методыкі выхавання, падыходы і г. д., але нязменным засталіся галоўныя чалавечыя якасці, з якімі мы павінны заўсёды прыходзіць да нашых выхаванцаў - гэта любоў, цеплыня і дабрыня. Дзеці гэта адчуваюць на ўзроўні падсвядомасці. Пагэтаму без прызвання ў педагогіцы аніяк.
Вялікі пласт работы ў загадчыцы дзіцячага сада быў з неблаганадзейнымі сем'ямі. Яна старалася ім дапамагаць спраўляцца са шкоднымі звычкамі, правільна размяркоўваць сямейны бюджэт, каб хапіла на харчаванне, даваць карысныя парады па вядзенні хатняй гаспадарцы і многае іншае. Усю сваю непатрачаную любоў яна аддавала чужым дзецям. Таму што сваіх Бог не даваў, гаворыць жанчына. Аднак яна не скарылася лёсу, вырашыла паспаборнічаць з ім, і цяпер упэўнена, што выйграла гэту сутычку.
Аднойчы ёй паведамілі, што ў дзіцячым аддзяленні райбальніцы ёсць пяцігадовы хлопчык, у якога не стала бацькоў. Галіна Лявонцьеўна паехала, пагутарыла з ім, запрасіла на выхадныя дамоў. Маленькі, худзенькі, як спалоханы звярок, - такое першае ўражанне складвалася пра хлопчыка. Выхадныя праляцелі, і прыйшоў час вяртацца ў бальніцу. Аб гэтым яна паведаміла малому, а той нацягнуў коўдру на галаву і буркнуў: "Нікуды я не паеду, мне і тут добра!".
Галіна Лявонцьеўна не ведала, як сябе паводзіць, што рабіць, бо абяцала вярнуць малога ў бальніцу. Гэта было толькі знаёмства?! Аднак на дапамогу прыйшоў муж, які развеяў усе сумненні адным сказам: "Няхай будзе ў нас!". Так у сям'і Гудовічаў з'явіўся Дзімка, а з ім шчасце мацярынства. Яму ўжо дваццаць пяць, і ён сам бацька паўтарагадовага Грышкі!
Усё добра і гладка бывае толькі ў кінафільмах. Здавалася б, на гэтай шчаслівай ноце патрэбна было б скончыць публікацыю. Аднак не атрымоўваецца. Калі Дзіме споўнілася 10 гадоў, не стала бацькі. Галіна Лявонцьеўна засталася ўдавой. Ёй быў сорак адзін год. Толькі яна адна ведае, як цяжка, а парой невыносна, было перажыць страту мужа. Гэтае непасільнае выпрабаванне прыйшлося вытрымаць дзеля сына, дзеля яго будучыні. Выратоўвала работа, якая стала прызваннем, і жыццё без яе немагчыма было ўявіць.
Чатыры гады назад жанчына ўсё ж сустрэла сваё жаноцкае шчасце. Лёс усміхнуўся ёй, ды і яна сама супраціўляцца не стала. Новым выбраннікам Галіны Лявонцьеўны стаў яе зямляк с Брэстчыны. А паўтара года назад сын яе ашчаслівіў унукам, якога яна з двух тыдняў і амаль да года дапамагала маладой сям'і выхоўваць. Здарылася так, што дашкольная ўстанова зачынілася. А тут маленькі хлопчык, які патрабуе клопату. Тым больш жонка сына была яшчэ навучэнкай каледжа.
Са жніўня мінулага года Г. Гудовіч прапанавалі работу ў Жамыслаўльскім дз/с-БШ. Яна згадзілася: сядзець дома без работы - не ў яе характары. А тут яшчэ грамадскія нагрузкі падаспелі.
Старшыня Ліпнішкаўскага сельсавета Яніна Уладзіміраўна Бузар падкрэслівае, што Галіне Лявонцьеўне ўключацца ў грамадскую дзейнасць, асвойваць новае не прыйшлося. Бо яна і так у віхуры жыцця, яе актыўнасці і іншыятыве пазайздросцяць многія. Менавіта яе намаганнямі некалькі гадоў назад вёска займела краму. Да гэтага тут працаваў гандлёвы аб'ект райспажыўтаварыства, які быў зачынены. І толькі зварот у раённыя ўлады па ініцыятыве Галіны Гудовіч дапамог прыцягнуць у сельскую мясцовасць прадпрымальніка.
Яшчэ шмат усялякіх праблем новаспечаны стараста стараецца вырашыць разам з кіраўніком мясцовай улады. Бывае, што дробязь, а не рэагаваць на яе немагчыма. Бо за кожнай, нават непрыкметнай, на першы погляд, праблемай, стаіць чалавек.
…Напаўняць кожны дзень аптымізмам, душэўнай цеплынёй і бачыць сярод вялікай колькасці шэрых будняў яркія фарбы - гэта ў стылі нашай гераіні. Яна даўно зразумела, што ў жыцці патрэбна браць ініцыятыву ў свае рукі, лавіць сваю птушку шчасця, інакш можна не паспець, не дабегчы, не зрабіць. Пагэтаму лепш некалькі разоў памыліцца, чым потым шкадаваць аб неспраўджаным.
І. БУТУРЛЯ.
С. ЗЯНКЕВІЧ (фота).