Самы вясёлы двор у Геранёнах ля дома №2 па вуліцы 40 год Перамогі. Сюды прыходзяць гуляць амаль усе дзеці з нашай вуліцы. А летам да бабуль і дзядуль прыязджаюць яшчэ і ўнукі.
Цікавую гульнявую пляцоўку зрабілі жыхары нашага дома Міхаіл Іосіфавіч Дайлідка і Генрых Часлававіч Уляш.
Гэты казачны домік пабудавалі яны па сваім праекце ў вольны ад працы час. Вядома, ім дапамагалі жыхары першага пад'езда.
З кемлівым, жвавым хлапчуком Марцінам Уляшом у мяне адбылася такая размова:
- А навошта вы фатаграфуеце наш домік?
- Хачу пра твайго дзядулю Генрыха напісаць у газету.
- А дзеду дапамагаў будаваць гэты домік мой тата Андрэй.
Вельмі вялікую дапамогу аказаў вучань восьмага класа Дзяніс Дайлідка. Ён і фарбаваў домік, і рабіў плот. Хлопец валодае сталярным майстэрствам. Гэтаму вучыцца ў свайго бацькі.
Адно толькі правіла ёсць, якога трэба прытрымлівацца ўсім дзецям: на пляцоўцы павінен быць хтосьці з дарослых. Адным дзецям тут гуляць забараняецца.
А. Смалянічэнка.