20 сакавіка гэтага года мы ўспаміналі Алену Генрыхаўну Уласевіч, чалавека вядомага не толькі ў Геранёнах, але і ва ўсім раёне, з нагоды 65 - годдзя з дня яе нараджэння.
У кожным населеным пункце, асабліва калі гэта вёска, ёсць падзеі, якія памятны кожнаму, і ёсць людзі, аўтарытэт і значнасць якіх не належаць аспрэчванню, а іх чалавечая існасць - як навука для ўсіх астатніх. Такія людзі ўпрыгожваюць сабой родныя мясціны, пакідаюць пасля сябе добрую памяць.
Разам з бібліятэкарам бібліятэкі-філіяла аграгарадка Геранёны Інэсай Грынюк мы стварылі своеасаблівы дакумент падзей, дат, прыстойнасці і чалавечнасці, грамадзянскасці - мясцовы каляндар памятных і культурных дат.
Так, напрыклад, у студзені споўнілася 70 год з таго часу, калі ў вёсках Туланка, Махалы былі створаны калгасы (1951)
"1 Мая" і "Чырвоны Сцяг". А ў лютым мы адзначылі 110 - годдзе з дня нараджэння выдатнага мастака з Геранён Вацлава Касцюшкі.
Алена нарадзілася ў вёсцы Засецце Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Пасля заканчэння мясцовай працавала ў райбыткамбінаце.
У 1982 годзе сям'я Уласевіч пераехала ў Геранёны (тады калгас імя Леніна), і яна стала працаваць даяркай. Удой ад кожнай, замацаванай за даяркай, каровы склаў 5 379 тоны малака за год. Гэта быў лепшы паказчык у раёне.
Алена Генрыхаўна вяла вельмі вялікую грамадскую работу: партгрупорг на ферме "Геранёны", член бюро раённага камітэта партыі. Як член савета школы, цікавілася вучобай школьнікаў, расказвала аб XIX Усесаюзнай партыйнай канферэнцыі (1988 г.), дэлегатам якой з'яўлялася. На школьных вечарах, камсамольскіх сходах, уроках Міра вучні з вялікай цікавасцю слухалі выступленне Алены Генрыхаўны як дэлегата XII Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Маскве (1985 г.), як народнага дэпутата СССР (1989 г.). Разам з камітэтам камсамола калгаса арганізавала конкурс юных жывёлаводаў.
З вялікай павагай адносіліся аднавяскоўцы да гэтай няўрымслівай жанчыны. Яна была заўсёды там, дзе цяжэй, дзе патрэбны былі яе залатыя рукі. Такі прыклад. Алена Генрыхаўна - добрая швачка. І месца тады вакантнае было ў Доме быта, калі сям'я Уласевіч прыехала ў Геранёны. Але старшыня калгаса У.А. Баўм прапанаваў пайсці працаваць на ферму: там не хапала маладых, дужых рук. І яна згадзілася. Пазней стала загадчыцай фермы "Меляхі", заатэхнікам-селекцыянерам на свінагадоўчым комплексе, начальнікам малочнага цэха (быў і такі ў калгасе, дзе вырабляліся сыры), загадчыцай вытворчага цэха па перапрацоўцы мяса.
Гэтыя пасады яна атрымала ўжо пасля заканчэння зоаінжынернага факультэта Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута.
Пра яе працоўныя поспехі часта пісала раённая газета. А колькі ўзнагарод атрымала Алена за шчырую працу! Ад раённых ўладаў, вобласці і Вярхоўнага Савета БССР, бо была ў ліку пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва.
Усе яе ведалі як добрую гаспадыню, клапатлівую маці. Пасля заўчасной смерці мужа адна гадавала дзяцей. Вольга закончыла Ільянскі сельскагаспадарчы тэхнікум па спецыяльнасці "заатэхнік". Цяпер працуе на МТК "Геранёны". Таццяна закончыла гістарычны факультэт Гродзенскага педагагічнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Прайшло 5 гадоў, як гэтая цудоўная жанчына адышла ў вечнасць пасля цяжкай хваробы. Але і ў раёне, і ў Геранёнскім сельсавеце ўсе памятаюць добразычлівую, спагадлівую, працавітую жанчыну Алену Генрыхаўну Уласевіч, ад знаёмства з якой кожнаму станавілася неяк цяплей і святлей на душы.
А. СМАЛЯНІЧЭНКА.