6 чэрвеня ў парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі адбылася працэсія Божага Цела. Да яе былі падрыхтаваны 4 алтары, якія былі ўпрыгожаны дыванамі з кветак.
Працэсіі папярэднічала Святая Імша, на якой іўеўчане малiлiся за Каталiцкi Касцёл ва ўсiм свеце, за сваю малую радзiму, за супакой на зямлі, за любоў у сем'ях і здароўе блізкіх; аб тых, хто па стану здароўя не змог прыйсці на гэта прыгожае свята і тых, хто страціў дарогу да Бога. Маліліся таксама за раённыя ўлады i дабрабыт iўеўчан, i, канешне, за тых, хто сёння прачнуўся вельмi рана, каб упрыгожыць алтары, i падыйшоў да гэтага вельмi творча i з вялiкай адказнаcцю.
Да стварэння алтароў - вельмі сур'ёзны падыход. Спачатку вызначаюцца духоўныя асобы, малітоўныя суполкі і жыхары Іўя, якія на працягу тыдня збіраюцца, каб прыдумаць дызайн алтара, рыхтуюць матэрыялы і кветкі. Раніцай перад працэсіяй іўеўчане ўсталёўваюць алтары і выкладаюць дываны.
На дыванах адлюстраваныя эўхарыстычныя сімвалы і матывы. Стваральнікі дэкарацый такім чынам выражаюць сваю пашану да Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Самым вялікім атрымаўся дыван каля помніка ў гонар адзінства і сяброўства канфесій іўешчыны, на ім былі словы "Езу, давяраю Табе!". У яго стварэнні прынялі ўдзел бацькі дзяцей, якія тыдзень таму ўпершыню прыступілі да Першай Камуніі. Падчас працэсіі хлопчыкі і дзяўчаты нават сталі часткай алтара, упрыгожыўшы яго.
Напрыканцы працэсіі пробашч парафіі кс. Ян Гавецкі падзякаваў райвыканкаму супрацоўнікам ДАІ, парафіянам і ўсім, хто далучыўся да арганізацыі і правядзення працэсіі.
Болей фота тут ... https://vk.com/album-53390315_279557240