ivyenews.by

Пройдзем разам, раздзелім пакуты, ачысцім душы…

Культура и творчество

Аб Крыжовай дарозе Езуса Хрыстуса апавядаюць усе чатыры евангелісты, прычым Матфей і Марк аднолькава: "сустрэлі аднаго Кірынеяніна па імені Сымон; яго заставілі несці  крыж Яго".

Дарога гэтая, святая і нялёгкая, напамінае людзям пра апошні дзень зямнога жыцця Езуса.

У многіх каталіцкіх краінах, дзе ёсць манастыры ці  вельмі  шануемые храмы, якія размяшчаюцца ў гарах ці аддаленых месцах, уздоўж дарогі, якая вядзе да святыні, устанаўліваюцца скульптурныя ці жывапісныя выявы стацый крыжовай дарогі. Богаслужэнне спалучаецца з паломніцтвам.

У Іерусаліме ў Вялікую Пятніцу праводзіцца богаслужэнне Крыжовай дарогі на вуліцах горада ўздоўж дарогі, якая  вяла Езуса на Галгофу, так званая Віа Далароза.

На сценах каталіцкіх касцёлаў размяшчаюцца па перыметру чатырнаццаць карцін ці скульптурных кампазіцый, якія адпавядаюць  чатырнаццаці стацыям Крыжовай дарогі. Такім чынам, веруючыя падчас імшы абходзяць увесь касцёл.

Традыцыйнае богаслужэнне, якое напамінае хрысціянам асноўныя моманты пакут крыжовай дарогі Пана Езуса, прайшло 1 красавіка і ў Іўеўскім касцёле Святых апосталаў Пятра і Паўла. Разам са сваім святаром ксяндзом дзеканам Янам Гавецкім парафіяне касцёла ад іўеўскай каплічкі крочылі за Езусам, хацелі перажыць з Ім Яго пакуты, хоць крышачку аблегчыць Яго крыжовую дарогу, хацелі адчуць Яго прысутнасць, жадалі наблізіцца да Яго, дапамагчы несці Яго крыж.

Немагчыма выказаць словамі, што людзі перажываюць у такія моманты. Кажуць, што сэрца хоча ў гэтай дарозе любові і просіць прабачэння за свае грахі, за тое, што  цяжка нам у гэтым жыцці выконваць Яго наказы... А так хочацца быць годнымі Яго вялікай любові, якая спадзвігла Яго аддаць жыццё ў імя выратавання нашых душ.

Працэсія несла крыж і спынялася на кожнай з чатырнаццаці стацый, каб памаліцца,  выказаць хваляванні душы і розуму.

Апошняя стацыя: Пан Езус памірае на крыжы. Прыйшоў час задумацца над сваім жыццём: як я жыву, ці жыццё з'яўляецца для мяне дарам? А смерць? Можа, смерць - апошні пункт, за якім усё губляе сэнс? Але не, асноўны сэнс хрысціянства ў тым і заключаецца, што смерць - гэта адчыненыя дзверы ў іншы свет, дзе чакае нас сам Бог. А тады і жыццё знаходзіць сэнс...

У той дзень усе ўдзельнікі Крыжовай дарогі, напэўна, штосьці пакідаюць на тым шляху. Частку сваіх клопатаў і сумненняў. А набываюць цеплыню ў душы, узмацняюць сваю веру і сваю надзею. Няхай Крыжовая дарога вядзе нас да веры, да Бога, да чысціні думак і ўчынкаў, да людскасці.

В. ГУЛІДАВА.

Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.

Читайте ещё:



Оставить комментарий