Паэтычныя прагнозы навагоднія, як і сам паэт, старамодныя! Святочнае прывітанне ад Івана Карэнды
ПАЭТЫЧНЫЯ ПРАГНОЗЫ
НАВАГОДНІЯ,
ЯК І САМ ПАЭТ,
СТАРАМОДНЫЯ
У нашы дні трывожныя
прагнозы асцярожныя
чуваць з усіх кутоў.
Сіноптыкі, астролагі
і знаўцы-палітолагі
з экранаў і гуртоў
сцвярджаюць: навагоднія
надзеі мала годныя -
нібы гульня ў лато.
А я свае, лірычныя,
прагнозы паэтычныя,
прапанаваць гатоў -
з гарантыяй нязменнаю,
зусім не летуценнаю, -
ажно на 100 гадоў!
Што бачу я, - адбудзецца,
на 100 адсоткаў збудзецца,
на ўсе, паверце, 100!
Няварта нам маркоціцца:
жыццё назад не скоціцца,
не выйдзе за кругі:
крутыя, высачэзныя,
але зусім не цесныя
стагоддзі-берагі.
І ўсё ж крыху палепшае,
таму і рытм для вершыка
я выберу другі...
* * *
Толькі Новы год сустрэнем -
пойдзе ўсё на новы лад.
Прагу жыць у сэрцы вернем,
будзе новых планаў шмат.
З першых дзён, без прамарудкі,
будзем шчыра працаваць
і краіне да мінуткі
час рабочы аддаваць.
Адзімуем, не замёрзнем -
хопіць дроў і газу нам,
дый мароз не будзе грозны,
не запозніцца вясна.
Сонца будзе крыху болей,
чым у леташнім жыцці.
А зямля нап'ецца ўволю -
дождж часцей будзе ісці.
Здзівяць буйным цветам вішні -
хоць да шлюбу іх вядзі.
Будзем з радасцю, увішна
агароды зноў садзіць.
Потым прыйдзе час праполкі, -
гэта нельга забываць, -
паасобку, ці суполкай
будзем зелле з градак рваць.
Не заўважым, як на градах
стануць зыркаць агуркі, -
ох, як будуць вельмі рады
мець закуску мужыкі!
Зацвітуць на полі ўроссып
сярод жыта васількі.
Пабяжым мы лугам росным
на купанне да ракі.
Будзе сёлета раскоша
ўсім заядлым рыбакам:
кожны дзень лаві хоць кошык -
горш затое чарвякам.
Лес па ягады пакліча,
а за імі - па грыбы.
Хто багацце гэта злічыць?! -
тут багач ужо любы!
Будзем з пахкім, свежым хлебам,
з караваем для гасцей -
цалаваць вачыма неба
будзем з кожным днём часцей.
Зноў парадуе нас бульба,
і гатунак хоць які:
ураджай рэкордны будзе -
насыпай адно ў мяшкі.
Малака рагулі ўдосталь
будуць круглы год даваць,
будзе нават больш, чым досыць, -
лішкі будзем прадаваць.
І з прыплодам ладным будзем -
без скаціны жыць нам як? -
будуць радавацца людзі:
падрастае маладняк.
Мацаваць здароўе будзем,
напаткаем менш хвароб,
пра таблеткі ўраз забудзем:
будзем біць хваробе ў лоб.
Пазіраць мы меней будзем
на марскія берагі.
Стане болей любы людзям
край наш родны, дарагі.
Будуць з ног валіць жанчыны
чарадзейнай пекнатой.
Ой, пазнаюць зух мужчыны! -
у каго і быў прастой.
Будзе больш у нас вяселляў -
шмат каму хто будзе люб.
Стане горкім пустазеллем
зарастаць бясшлюбны шлюб.
Нараджацца будуць дзеці -
з імі столькі хараства!
Весялейшая на свеце
беларуская дзятва!
Азірацца рэдка будзем
на мінулыя вякі:
што мы ў іх цяпер здабудзем? -
мы ж наперад хадакі.
Мы наперад будзем крочыць,
не прыпынімся нідзе.
Будзе шчасціць днём і ноччу
беларускай грамадзе!
Будзе добра добрым людзям -
вось галоўны мой прагноз.
Пацвярджае гэта Зюзя -
беларускі Дзед Мароз.
З Новым, 2024-м годам!