ivyenews.by

Хвала і гонар вашаму ўменню!

Культура и творчество

Так назвалі вечар - сустрэчу, які прайшоў у аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры  Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу. Такую хвалу сёння ў раёне ёсць каму спяваць. Таму што амаль у кожнай установе культуры ёсць свае майстры, якія збераглі, памножылі, а зараз шчодра дзеляцца з моладдзю  і людзьмі больш сталага пакалення сваімі ўменнямі і навыкамі ў традыцыйных беларускіх рамёствах. Асабліва ў нас распаўсюджаны заняткі саломапляценнем, разьбой па дрэве, вышыўкай, стварэннем  нацыянальнай лялькі і г.д.

У той вечар ушаноўвалі ў клубе “Скарбніца” аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу майстра асаблівага, таленавітага, са сваім почыркам, са сваім адметным бачаннем саломкі, яе магчымасцей, узораў і вырабаў, якія не падобны на работы іншых майстроў.

Безумоўна, гутарка  ідзе пра Веру Паўлаўну Чурэйна.

Яна першай на Іўеўшчыне пачала займацца гэтым сонечным рамяством яшчэ 20 гадоў таму.

Неабыякавая да жыцця і ўсяго прыгожага, да культурнай спадчыны, што пакінулі нам нашы прашчуры, Вера Паўлаўна з задавальненнем і захапленнем паглыбілася ў гэты цуд, гэтае сонца, гэтую цеплыню – саломапляценне — адвечнае, залатое і прыгожае, рамяство беларусаў.

Яна – майстар знатны, вядомы. Яе вырабы  вабяць сваёй арыгінальнасцю, асабістым густам і высокім прафесіянальным узроўнем. Гэта непаўторныя цыклы работ, прысвечаныя народным святам і абрадам Беларусі (калядныя маскі, зоркі, павукі, анёлы). А якія адметныя і прыгожыя капелюшы плятуць яе залатыя рукі з залатой саломкі!

Майстэрства Веры Паўлаўны прызнана не толькі ў раёне, але і ў вобласці, краіне, нават за яе межамі. Майстар пабывала на святах і фестывалях народнай творчасці самага рознага ўзроўню: фестываль нацыянальных культур, Славянскі базар у Віцебску, рэспубліканскія і абласныя дажынкі.

Вера Паўлаўна Чурэйна — член беларускага саюза майстроў народнай творчасці. У каталогу “Жывыя крыніцы”, дзе размешчаны фотаздымкі лепшых майстроў рэспублікі, знаходзяцца і работы нашай цудоўнай майстрыцы.

Аб усім гэтым і расказвала загадчыца аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Ірына Смірнова. Цяжка пераацаніць  заслугі калектыву, які яна ўзначальвае, у адраджэнні, узнаўленні, зберажэнні асноўных народных рамёстваў і промыслаў рэгіёна. Гэта менавіта тут канцэнтруецца ўся работа ў гэтым накірунку, гэта менавіта ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры ведаюць імя кожнага вядомага і невядомага майстра раёна, час ад часу сустракаюцца з імі, каб павучыцца, падзякаваць, сказаць добрыя і шчырыя словы сталым людзям. Гэта менавіта дзякуючы іх намаганням вучацца хлопчыкі і дзяўчынкі  адвечным беларускім рамёствам. Гэта дзякуючы творчым асобам пад кіраўніцтвам Ірыны Смірновай  дастаюцца з куфэркаў і гарышчаў цуды-рэчы сялянскага побыту  мінулых гадоў і стагоддзяў, набывае новае дыханне сівая даўніна.

Вера Паўлаўна слухала  шчырыя словы калег, вершы і песні – падарункі ад малых гурткоўцаў цэнтра рамёстваў. А потым дала майстар-клас. І гэта быў сапраўдны клас!

Застаецца дадаць крышачку сумнага. Сустрэча праходзіла з нагоды таго, што Вера Паўлаўна выходзіць на заслужаны адпачынак. Ды нішто. Дзе вы бачылі творцу, які ідзе на пенсію? Безумоўна, мы яшчэ ўбачым яе новыя творы, вырабы.

А каб памяць пра яе майстэрства жыла, Вера Паўлаўна падарыла аддзелу свае шыкоўныя саламяныя вырабы, якія запаліліі твары супрацоўнікаў аддзела шчасцем і ўдзячнасцю.

В. ГУЛІДАВА.

 

Читайте ещё:



Оставить комментарий