ivyenews.by

Немагчыма ўявіць Беларусь без яе літаратуры!

Культура и творчество

Штогод у першую нядзелю верасня беларусы аддаюць даніну павагі продкам, якія стварылі фундамент беларускга пісьменства і адукацыі. Бо без пісьменства, культуры і граматы не можа жыць нацыя, народ, дзяржава.

Дзень беларускага пісьменства - гэта сімвал шанавання культурнай і духоўнай спадчыны нашай Радзімы. Невыпадкова і тое, что свята праводзіцца ў першыя дні навучальнага года. Адукацыя, інфармацыя і культура - вось "три кита", якія фарміруюць інтэлектуальную эліту нацыі, яе сучаснасць і будучыню.

Пісьменства - гэта сапраўдны скарб, якім авалодаў чалавек.
Так у старажытнасці людзі абменьваліся інфармацыяй, пасылаючы адзін аднаму розныя прадметы. Атрымлівалася грувастка і не надта зразумела. Калі людзі зразумелі, што абменьвацца прадметамі-пасланнямі - справа клапотная, яны сталі гэтыя прадметы маляваць.
Такія выявы знайшлі на сценах пячор, у якіх калісьці жылі старажытныя людзі. Гэта першыя крокі чалавека да стварэння пісьменства. Паступова людзі сталі замяняць малюнкі знакамі.
Надпісы рабіліся на камянях, скале, на дошцы. Вядома, пераносіць такія "лісты" на адлегласці было нязручна і зразумець гэтыя знакі можна было па-рознаму.
Ішоў час. Паступова ад малюнка людзі перайшлі да знакаў, якія сталі называць літарамі. Так зарадзілася пісьменства.
Святкаванне Дня беларускага пісьменства - гэта паказ непарушнага адзінства беларускага друкаванага слова і гісторыі беларускага народа, а таксама асэнсаванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі.
Менавіта ў кнігах, у "прыгажэйшым пісьменстве", у словах паэтаў і мысліцеляў паказваецца гіторыя народа, яго слаўныя справы. Беларусам ёсць чым ганарыцца - наша пісьменства мае шматвекавыя традыцыі, а асветнікі беларускага народа - фігуры еўрапейскага маштабу.
Што ведае пра беларускую літаратуру сярэднестатыстычны грамадзянін нашай краіны? Роўным рахункам нічога. Магчыма, пэўны адсотак людзей ўспомніць пару прозвішчаў, якія адлюстраваны ў назвах вуліц, - Купала, Колас, Багдановіч.
Асабліва прагрэсіўныя назавуць Быкава. На гэтым і ўсё. Аб саміх творах казаць няма сэнсу, бо нават у школе іх чытае невялікая колькасць свядомых вучняў. Астатнім хапае кароткага ўтрымання ў інтэрнэце, якое вылятае з маладых галоў праз 2 дні.
Я вырашыла выправіць гэтую сітуацыю і скласці рэйтынг лепшых, на мой погляд, твораў беларускай лiтаратуры. Паадрывайцеся ад нізкапробных дэтэктываў і "50 адценняў шэрага". Вы можаце смела купляць любую кнігу са спісу і ў якасці падарунка. Асалода ад шэдэўраў роднай літаратуры чакае вас.

Янка Маўр
"Палескія рабінзоны"
Янку Маўра часта называюць бацькам беларускай дзіцячай мастацкай літаратуры. Ён умела пераняў эстафету ад іншых прыгодніцкіх аўтараў (Даніэль Дэфо, Майн Рыд) у стварэнні займальных гісторый.
Яго кніга "Палескія рабінзоны" прымусіць плакаць ад замілавання. Па сюжэце два хлопцы, Мірон і Віктар, воляю лёсу апынуліся выкінутыя на кавалак зямлі, акружаны балотамі. Выжыванне на незаселеным востраве, пошукі ежы, цяпла, прытулку, бітва са страшным супернікам - фанатам серыяла "Застацца ў жывых" кніга да чытання абавязковая.

Ян Баршчэўскі
"Шляхціц Завальня,
або Беларусь
у фантастычных
апавяданнях"
Гэты дзіўны зборнік прозы часта знаходзіцца ў цені чытацкай увагі. Але ён можа лёгка разварушыць вашу фантазію, калі вы будзеце чытаць пра ваўка-пярэваратня або Караля Вужоў.
Акрамя гэтага Ян Баршчэўскі прарабіў каласальную працу па апісанні Беларусі сярэдзіны XIX-га стагоддзя. У яго творах можна знайсці апісанні прыгожых пейзажаў паўночных зямель, асаблівасцяў нацыянальнага характару беларуса, цікавыя эканамічныя факты. Гэтая кніга будзе цікава людзям, неабыякавым да гісторыі і культуры нашай Радзімы.

Якуб Колас
"На ростанях"
Галоўная праца аднаго са слупоў беларускай лiтаратуры. Раман у трох кнігах, які пісаўся Якубам Коласам на працягу ўсяго жыцця.
Падзеі адбываюцца з 1902 па 1911 год і распавядаюць пра жыццё настаўніка ў глухіх вёсках Палесся. Галоўны герой Лабановіч займаецца пошукам сэнсу і мэты ў сваім жыцці. У рамане можна ўбачыць і палітычны стан грамадства, і комплекс праблем паміж рознымі пластамі соцыуму, і цудоўныя апісанні прыроды Беларусі.
Таму аматарам маштабных, разумных і фундаментальных раманаў дадзеная кніга да чытання абавязковая.

Іван Мележ
"Людзі на балоце"
Лірычны раман пра жыццё на Палессі (так, Палессе ў нас "пуп зямлі"). Апісвае змены ў глухой вёсцы, якая адрэзана ад знешняга свету балотамі. Падзеі развіваюцца ў часы калектывізацыі, таму фонам сюжэту служаць шматлікія праблемы соцыуму і адносін паміж сялянамі.
Тым не менш у рамана магутная лірычная складаючая, кніга распавядае нам гісторыю кахання паміж маладымі сялянамі Ганнай і Васілём, глыбока раскрываючы характары герояў. Раман таксама каштоўны падрабязным апісаннем побыту, традыцый і культуры палешукоў, якія і да гэтага часу адрозніваюцца ад астатніх беларусаў шэрагам асаблівасцяў.
Янка Купала "Тутэйшыя"
Гэтай п'есай Янка Купала, наш літаратурны геній, балюча б'е па самым праблемным беларускім пытанні - па пытанні нацыянальнай самасвядомасці.
Адзін з галоўных герояў твора, Мікіта Зносак, уяўляе сабой класічнага прыстасаванца. Яму напляваць на прынцыпы, ідэі, Радзіму і народ, калі яны ўсе не абяцаюць яму нейкую выгоду. Ён гатовы быць то палякам, то рускім - кім заўгодна, абы ўладкавацца пры ўладзе, якая яго пракорміць.

Іван Шамякін
"Сэрца на далоні"
Раман апавядае пра жыццё людзей розных прафесій і ўзростаў, і характары ва ўсіх іх розныя. У гэтай кнізе кожны знойдзе сябе. Тут паказана простае шчасце, і гэтым яна і добрая. Кожнаму яна будзе цікавая: апавяданні пра падполле, любоў, працу - усё што ёсць і ў нашым з вамі жыцці, са сваімі перажываннямі, падзеннямі і ўзлётамі. Яна больш пра людзей, чым пра факты ці пра нешта большае, але ў гэтым і ёсць яе хараство, менавіта гэтым яна і адметная, і менавіта таму застаецца актуальнай і ў нашы дні.
"Паслясмак" ад твора прыемны, як ад добрай кавы. Няма ўражання зацягнутасці або недаказанасці, аўтар з намі сумленны ва ўсім: ён паказвае чалавечыя парокі і слабасці, як чалавек спрабуе з імі змагацца і да чаго гэта прыводзіць.

Уладзімір Караткевіч
"Каласы пад сярпом
тваiм"
Самы цікавы і захапляльны твор беларускай літаратуры, які прымусіць вас на час выпасці з рэальнасці і, не адрываючыся, прагна праглынаць старонкі.
Сюжэт апісвае падзеі ў Беларусі, якія адбываліся напярэдадні паўстання Каліноўскага ў 1863-ім годзе. Галоўным героем выступае Алесь Загорскі, спадчыннік багатага шляхецкага роду, які вырас з моцным пачуццём любові да беларускага народа.
"Каласы пад сярпом тваім" варта прачытаць не толькі таму, што там патрыятызм і Каліноўскі. Гэта проста вельмі цікавы раман, які лёгка можа стаць асновай для выдатнага фільма ці серыяла.
Хацелася б уключыць у гэты спіс і сучасных пісьменнікаў, якіх яшчэ не праходзяць у школе, іх імёны амаль нікому не вядомыя, але імі ўжо можна ганарыцца.

Віктар Марціновіч
"Мова"
На сённяшні дзень Віктар Марціновіч - самы папулярны малады беларускі пісьменнік. І яго раман-антыўтопія "Мова", які выйшаў ў 2014-ым годзе, заслугоўвае самай пільнай увагі.
У будучыні няма ніякай Беларусі. Мы жывем у Расійска-Кітайскім саюзе. У цэнтры Мінска знаходзіцца чайна-таўн, дзе пражывае каля мільёна кітайцаў. А наша родная мова знаходзіцца пад забаронай, i за яе распаўсюджванне можна займець вялізны турэмны тэрмін. Але "мова" дзейнічае як наркотык на "тутэйшых" (былых беларусаў), якія падсвядома не могуць застацца абыякавымі да роднай мовы.
Раман "Мова" Віктара Марціновіча мала каго пакідае абыякавымі. Ён можа вам здасца альбо лухтой, альбо прыгажосцю. Чытайце і ўражвайцеся.

Таня Скарынкіна
"Шмат Чэслава Мілаша,
крыху Элвіса Прэслі"
Паэтка і аўтарка прозы на мяжы мастацкай і нон-фікшну мае вельмі самабытны, незвычайны стыль пісьма і адметны погляд. У яе творчасці няма ні пераймання, ні збітых слоў і метафар - гэта вытанчаныя, але без мудрагелістасці, творы.
Зборнік эсэ "Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі" расказвае пра асаблівасці дзіўнага паўсядзённага жыцця ў райцэнтры. Жыцця, поўнага супярэчнасцяў і супадзенняў. Гумару і грубасці. Павагі і падазронасці. Сяброўства і смерці. Шчырасці і фальшу. Местачковай моды і мовы.

Антон Кулон
"Сіняя кніга
беларускага
алкаголіка"
Анатоль Астапенка, які хаваецца за псеўданімам Антон Кулон, на сваім прыкладзе расказвае пра велізарную праблему Беларусі. У гэтай нон-фікшн-кнізе аўтар расказвае не толькі пра сябе, але пра трагічныя лёсы беларускіх пісьменнікаў.
Кніга напісана надзвычай таленавіта і пакідае страшнае ўражанне. Яна паказвае, як алкаголь ламае чалавека і робіць з творцы нішто. Антон Кулон расказаў пра тое, чаго б мы не хацелі ведаць - але мусім. Гэта праўдзівы і цвярозы погляд на гісторыю беларускай літаратуры.

Вось такі спіс з дзесяці кніг атрымаўся. Таму, калі вас мучыць бяссонніца, ці вы проста не ведаеце, чым заняцца ўвечары, то пачніце чытаць. Але будзьце асцярожныя, бо некаторыя кнігі настолькі цікавыя, што вы не заўважыце, як наступіць ранак.

П. КЁЛЕР.

Читайте ещё:



Оставить комментарий