Не капай ямы…
Ёсць людзі, якія лічаць: «Як гэта быць каля агню і не пагрэцца, не прыхапіць тое, што дрэнна ляжыць?» Асабліва, калі гэта калгаснае.
Надвячоркам, падчас вячэрняй дойкі, яны ўдвух з брыгадзірам неўпрыкмет занялі пост у кормазапарніку, што стаяў трохі наводдаль. Месца выбралі ўдалае: уваход у кароўнік — як на далоні, сцежка, па якой павінны ісці даяркі, таксама.
Прыстаўшы каля невялічкага акенца, заатэхнік і брыгадзір ціха гаманілі, курылі, чакалі... Дзверы за сабой не зачынялі, пакінулі ладны прасвет, каб у патрэбны момант спрытней было выскачыць, знянацку з’явіцца на сцежцы перад даяркамі.
Ды ці то гутарка ў мужчын была дужа цікавая, ці то даяркі занадта ціхія і асцярожныя, але ж ні Мікалай Пятровіч, ні Леанід Рыгоравіч не згледзелі, калі жанчыны скончылі працу і пачалі разыходзіцца па хатах…
Апомніліся канспіратары толькі тады, калі адна з даярак ціха прабурчала: «І хто гэта тут дзверы не зашчапіў? Усю ночку ветрам ганяла б…» і добрасумленна зачыніла іх, накінуўшы кручок.
Мужчыны яшчэ маглі падаць голас, выйсці з «пасткі», у якой апынуліся, але ж тады давялося б тлумачыць, што яны тут робяць. Выкрываць сябе начальству, вядома ж, не хацелася. Ды і спадзяваліся яшчэ неяк вылезці…
Але ж не: як той казаў, не з іх шчасцем! Акенца ў памяшканні было малое: праз яго такім мацакам не выбрацца, пра сотавыя тэлефоны ў той час ніхто і не чуў.
Аж да раніцы давялося мерзнуць у засадзе. На дварэ была позняя восень…
З няволі іх на досвітку выпусціў вартаўнік. Уважліва выслухаў тлумачэнні, паківаў у знак згоды галавой, нібыта з разуменнем паставіўся да просьбы трымаць язык за зубамі. Аднак, мусіць, не даў рады языку, бо плёткі пра гэты канфуз разляцеліся па ўсёй акрузе.
І толькі лянівы не прамовіў: «Не капай ямы іншаму, тады і сам у яе не трапіш».
Спагадлівыя дзікі
«О-хо-хо! — уздыхнула баба Ульяна. — Вось і світаць пачынае, а я так і праляжала ўсю ноч з расплюшчанымі вачыма. Усё думкі ды ўспаміны...» Цяжка дажываць свой век. Сын Васіль — у горадзе, кліча да сябе жыць. Але ж лепш не будзе, чым у сваёй хаце, бо памятае баба Ульяна, як летась гасцявала ў яго. Нявестка нядрэнная, чаго Богу грашыць, ды.... То не там паставіла кубак, то не так прысунула фіранку на акне, то гучна размаўляе, аж суседзі чуюць...
Вясной, калі прыязджаў на адзін дзянёк, Васіль ускапаў агарод. Баба Ульяна пасадзіла тады па некалькі радкоў і морквы, і цыбулі, і бурачкоў. А яшчэ — вялікую граду бульбы. Сын прывёз ёй з горада «заводнага» насення, якое купіў на рынку.
Баба Ульяна была задаволеная. Хоць і размяняла ўжо апошні дзясятак жыцця, але заставалася ўвішнай і рухавай. У яе агародзе не было ніводнай травінкі, не тое, што ў суседкі Параскі. Пустазелле мінае плот, а тая і ў вус не дзьме: «Вырасце бульба, чорт яе не возьме! Гэта не морква ці цыбуля — бульба зелля не баіцца».
Васіль прыязджаць з горада не спяшаўся, і баба Ульяна вырашыла капаць бульбу сама. Падышла раніцай да свайго «выпеставанага» агарода і ледзь не аслупянела. Нібы смерч прайшоў па градах, узадраў зямлю ўздоўж і ўпоперак.
— Параска! — гучна паклікала Ульяна суседку. — Паглядзі, што робіцца! Эх, злыдні!.. Яшчэ ўвесну казала сыну, што трэба адгарадзіцца ад лесу, а яму ўсё няма часу. Што ж я цяпер рабіць буду? А мая ж ты бульбачка!.. А ў цябе, Параска, былі гэтыя ікластыя?
— Ды не, — усміхнулася кабета. — Чаго ім у мой бур’ян лезці? Ды і ў цябе ж бульба не простая, а «заводная». Вось і спакусіліся толькі на твае грады. Але, глянь, яны яшчэ сумленна рыліся: пакінулі корчыкаў дзесяць. Будзе што пакаштаваць. Можа, і мяне на вячэру запросіш? — Параска крыху памаўчала і супакоіла: — Ды не бядуй ты так, суседка. Сыну ўсё няма калі прыехаць, а дзікі прыйшлі і ўраз усю бульбу выкапалі...
Сорам не прапіў
Вярнуўшыся з арміі, Кастусь, як і многія тады, у савецкія часы, запісаўся на курсы шафёраў. Кіраваць машынай ён умеў, але каб працаваць, трэба было мець пасведчанне вадзіцеля.
Пасля гэтага ў яго з’явіліся праца, грошы і новыя сябры. З імі хадзіў у кіно, на танцы, у бар. А дзе кампанія, там і выпіўка... Ушчувалі Косцю бацькі, ды толку…
Неяк раз вярнуўся хлопец ноччу з гулянкі. У хаце ўжо спалі. І такая смага пачала яго мучыць! Успомніў, што на прыпечку стаіць кампот з сушаных яблыкаў. Намацаў гаршчэчак, прылажыўся, пасля падаўся спаць…
Раніцай Кастуся не падняць. На працу ісці пара, а яго не дабудзіцца. Маці снедаць кліча. Ды дзівіцца:
— І каму гэта прыйшло ў галаву цялячае пойла выліць? Мне ж цяпер бярыся ды зноў вары. Нібыта іншай работы няма!
— А дзе яно было? — уміг падхапіўся з ложка Кастусь.
— Як дзе? У гаршчэчку на прыпечку.
— Дык там жа кампот стаяў! — залыпаў хлопец соннымі вачыма.
— Ён і цяпер стаіць, — паціснула плячыма маці.
— А што ж я тады ноччу выпіў?!
За сталом грымнуў невясёлы смех.
— Малайчына, сынок, — «пахваліла» маці. — Ты ўжо цялятка стаў аб’ядаць. Так, крый божа, і да свінак дойдзеш, бо гарэлка такая: да дабра не давядзе…
Чамусьці адразу ўзгадаўся даўні выпадак, як Косця, яшчэ малым, гуляў са стальным абручыкам і незнарок уздзеў яго на шыю. Туды жалязяка лёгка ўскочыла, а вось назад — аніяк.
— Паўвёскі тады на раду сабралася, — успамінаў бацька. — На шыйцы той абруч пілаваць ніяк не выпадала. Вырашылі пастрыгчы цябе нагала. Намылілі галаву, пагалілі — усё роўна не атрымліваецца сцягнуць, бо то нос замінае, то вушы. Думалі, што і ў школу пойдзеш з тым «ашыйнікам». А як нарэшце знялі (ужо і не памятаю, як), ты так з хаты ірвануў, што паўдня паўсюль шукалі…
— А цяпер бы ён, можа, і спатрэбіўся б, — задуменна прагаварыла маці.
— І зручна было б як, — падтрымаў яе бацька. — Навязалі б цябе за яго на ланцуг, дык і гарэлкі не піў бы. Кармілі б, як тое цялятка…
— П’яніцу знайшлі! — пакрыўдзіўся сын і выскачыў з-за стала.
Пасля той размовы ён, на радасць бацькам, кінуў піць: відаць, сорам прапіць не паспеў…
Галіна НІЧЫПАРОВІЧ.