11 лістапада ў рамках правядзення міжнароднага Дня энергазберажэння з выхаванцамі ДУА “Ліпнішкаўскі дзіцячы сад – сярэдняя школа” праведзена шмат пазнавальных і займальных мерапрыемстваў, накіраваных на прапаганду ідэй энергазберажэння сярод дашкольнікаў і іх бацькоў, фарміраванне ў дзяцей беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя, прыродных рэсурсаў, прывіццё навыкаў энергазберажэння.
У адпаведнасці з узростам з дзецьмі быў арганізаваны занятак “Энергію эканомім - прыроду зберагаем - сабе дапамагаем”, падчас якога дзеці даведаліся пра тое, як можна эканоміць энергарэсурсы дома і ў дашкольнай установе, якую ролю адыгрывае эканомія энергіі ў захаванні экалогіі Зямлі. Дапамаглі выхаванцам засвоіць гэтыя веды памочнікі Берагошы: Электроша, Энэргоша, Вадзяша, Цяплоша і Экоша.
Гутаркі “Для чаго людзям патрэбныя электрычнасць, вада і чаму іх трэба берагчы?”, “Як захаваць цяпло ў групе?”, “Што трэба рабіць, каб зберагчы святло і цяпло ў доме?” спрыялі замацаванню вывучанага матэрыялу. Дзеці набылі шмат пазнавальнай інфармацыі, таксама навучыліся простым прыёмам энергазберажэння ў побыце. Гуляючы ў сюжэтна-ролевыя і дыдактычныя гульні, разглядаючы карцінкі, чытаючы вершы, казкі, дзеці змаглі замацаваць правілы абыходжання з электрапрыборамі. Асабліва ім спадабаліся гульнявыя хвілінкі “Адгадай электрычны прыбор”, “Адгадай электрычны прыбор па гуку”.
Вялікую цікавасць выклікала ў дзяцей прэзентацыя “Як у дамах з'явілася цяпло”, а таксама пазнавальны мультфільм “Парады беражлівасці ад Фіксікаў”, у якім любімыя героі наглядна і ў даступнай форме для дзяцей паказалі правілы энергазберажэння. Выхаванцы з задавальненнем ўключыліся ў акцыю “Беражыце святло”, падчас якой раздавалі памяткі і напаміналі дарослым аб неабходнасці эканоміць электрычнасць.
У рамках мерапрыемстваў Дня энергазберажэння была таксама арганізавана работа з бацькамі: у бацькоўскім вугалку і на сайце нашай установы размешчаны памяткі і інфармацыя па энергазберажэнні, у бацькоўскай VIBER-групе арганізавана рассылка экалістовак “ Як зберагчы энергію? Карысныя парады”, “Энергазберажэнне - разумныя рэкамендацыі для мам і тат”.
Міжнародны Дзень энергазберажэння прайшоў пазнавальна і цікава. Спадзяемся, што праведзеныя мерапрыемствы не пройдуць бясследна. Эканомія энергарэсурсаў стане нормай паводзін нашых выхаванцаў і іх бацькоў.


Таццяна Здончык, выхавальнік дашкольнай адукацыі ДУА “Ліпнішкаўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа.”