Іх арганізавалі супрацоўнікі кафедры беларускай філалогіі філалагічнага факультэта.
З прывітальным словам да аўдыторыі звярнулася рэктар універсітэта Ірына Кітурка, якая падкрэсліла знакавасць таго, што купалаўская alma mater годна ўшаноўвае імя Янкі Купалы – аднаго са шляхетных беларускіх паэтаў, прарокаў беларускай нацыі, справядліва актуалізавала місію студэнтаў-купалаўцаў чытаць і вывучаць Купалу, каб зразумець мастацкі свет славутага песняра і наблізіцца да ўсведамлення яго мар і імкненняў. Бо, як адзначыла Ірына Фёдараўна, Купала-творца шчыра і годна маліўся “і сэрцам, і думамі”, маліўся “распятай душой” “за родны загон Беларусі”.
Ва ўступным слове загадчык кафедры беларускай філалогіі Алена Садоўская прывітала ўсіх удзельнікаў канферэнцыі, адзначыла важнасць і актуальнасць даследавання і спасціжэння неўміручага Купалавага слова, запрасіла філолагаў да змястоўнага плённага дыялогу-абмеркавання важных праблем літаратуразнаўства і мовазнаўства.
Начальнік навукова-даследчай часткі Антон Глазеў зусім справядліва акцэнтаваў увагу на ацэнцы спадчыны Купалы-класіка, а таксама на навукова-творчым патэнцыяле мерапрыемства такога фармату, якое разлічана найперш на маладое пакаленне: “знайсці” Купалу і сябе ў мастацкім свеце Купалы.
Дэкан філалагічнага факультэта Святлана Ганчар прывітала гасцей і ўдзельнікаў Купалаўскіх чытанняў, пажадала цікавых навуковых адкрыццяў, а таксама падтрымала думку рэктара пра тое, што Купалаўскі ўніверсітэт – узор таго, як у ім не толькі шануюцца традыцыі, але і наладжваюцца новыя формы працы.
На пленарным пасяджэнні, акрамя выступоўцаў і членаў кафедры беларускай філалогіі, ганаровымі гасцямі выступілі доктар філалагічных навук, прафесар Мікалай Даніловіч і намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Дзмітрый Радзівончык. Свае грунтоўныя даклады прадставілі прафесар, загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, галоўны рэдактар часопіса «Беларуская мова і літаратура» Алесь Бельскі, дацэнт кафедры беларускай філалогіі Аліна Сабуць і іншыя.
Надзвычай шырокае кола праблем літаратуразнаўства і мовазнаўства падчас секцыйных пасяджэнняў было надта інфарамацыйным. Падчас такой шыкоўнай навуковай урачыстасці грамадскія дзеячы, навукоўцы, пісьменнікі, педагогі, магістранты і студэнты падзяліліся творчымі знаходкамі і ідэямі ў шырокім дыялогу класікі і сучаснасці, ушанавалі велічную місію прарочага Купалавага Слова.
13-я Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні, прысвечаныя 140-й гадавіне з дня нараджэння Янкі Купалы, выразна падкрэслілі, што духоўным хлебам для беларусаў быў і застаецца Янка Купала – пачатак пачаткаў нацыянальнай літаратуры, беларускай класічнай спадчыны. Бо менавіта Янка Купала – апякун і абаронца нацыі, спадчыны, якая нам “засталася ад прадзедаў спакон вякоў”.