Як толькі не называюць у свеце нашу родную Беларусь! Яна і краіна лясоў і балот, і краіна старажытных замкаў і палацаў, і краіна бульбы, ільну…
Аднак Беларусь – гэта яшчэ і краіна валуноў. А каб пабачыць гэтыя цудоўныя стварэнні прыроды, не абавязкова браць водпуск, адкладваць грошы, адпраўляцца ў далёкае падарожжа. Многа незвычайнага і дзіўнага можна ўбачыць у нашых суседзяў, на воранаўскай зямлі.

Цёпла і гасцінна прыняў воранаўскі край навучэнцаў і настаўнікаў ДУА “Геранёнская сярэдняя школа”.
Гарадскі пасёлак Радунь. Прыродазнаўча-гістарычны музей ледніковых валуноў “Валуны крутых дарог мінуўшчыны”. Экспазіцыя музея складаецца з чатырох раздзелаў. Кожны па-свойму цікавы і змястоўны. А сустрэцца з кіраўніком музея Іванам Іванавічам Фясенка—гэта значыць віртуальна прайсці дарогамі гісторыі, этнаграфіі, геалогіі, краязнаўства…
Спрадвеку беларус жыў побач з валунамі, дружыў з імі, любаваўся імі, знаходзіў агульную мову. І ніколі не задумваўся, што яны не тутэйшыя, не мясцовыя. Нашы валуны-іншаземцы. Апошні ледавік адарваў іх ад Скандынаўскіх гор і , разлучыўшы з радзімаю, прынёс на нашу зямлю. І воранаўская зямля стала для некаторых вечнай радзімай.
У музеі пад адкрытым небам ”Валуны крутых дарог мінуўшчыны” сабраны каштоўныя ледніковыя камяні, помнікі прыроды, гісторыі і культуры воранаўскага краю. Кожны камень мае сваю асабістую гісторыю. “Старажыла” калекцыі - вялікі камень Бальцішскі. Ляднік прынёс на нашы землі 220-150 тысяч год назад. Яго вага дасягае пятнаццаці тон.
Цікавы аповед з вуснаў кіраўніка І.І. Фясенкі пачулі аб ролі культавых камянёў у жыцці мясцовага насельніцтва. Людзі вераць, што валуны вылечваюць ад хвароб і прыносяць шчасце і ўдачу. Уразіў аповед пра камень, на вяршыні якога знаходзіцца адбітак жаночай ножкі. Паводле легенды, яго пакінула Багародзіца, калі ішла ў Іерусалім.
Музей ледніковых валуноўу г.п. Радунь наведваюць турыстычныя групы з Літвы, Германіі, Ізраіля…
Выклікаў цікавасць і турыстычны комплекс для яўрэйскіх паломнікаў. Гэта толькі пачатак будоўлі. Мяркуецца пабудаваць гасцініцу на дзвесцемесц, сінагогі, рэстараны… Чаму менавіта ў г.п. Радунь? Калісьці гэта мястэчка было цэнтрам яўрэйскага духоўнага і культурнага жыцця.
Шмат яшчэ чаго цікавага хавае воранаўская зямля. На развітанне кожны з нас разумеў, што гэта не апошняя сустрэча з цудоўным гістарычным краем. Вельмі хочацца паслухаць гісторыю кахання Адама Міцкевіча і прыгажуні- шляхцянкі Марылі Верашчакі. Але гэта тэма нашага наступнага падарожжа.

І.І. Барысевіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Геранёнская сярэдняя школа”