Весела, цікава і займальна прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў Ліпнішкаўскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе. Прайшоў ён з 21.02.2022 па 26.02.2022 года. Дэвізам тыдня сталі наступныя словы: “Давай адпачнём ад мовы рускай , а пагаворым лепш па-беларуску!”
Неабходна адзначыць, што школьны прадметны тыдзень – гэта адна з форм пазакласнай работы, якая прадстаўляе сабой шматмэтавае адзінства мерапрыемстваў, аб’яднаных агульнымі задачамі. Мерапрыемствы прадметнага тыдня даюць магчымасць стварыць дадатковыя ўмовы для праяўлення творчых здольнасцей вучняў, паглыбляюць і павышаюць узровень ведаў вучняў, пашыраюць іх кругагляд, спрыяюць развіццю пазнавальнай і творчай актыўнасці, выяўленню і заахвочванню найбольш адораных дзяцей. Канешне, тыдзень беларускай мовы і літаратуры мае на мэце і папулярызацыю роднай мовы, прывіццё цікавасці да яе.
А стартаваў тыдзень беларускай мовы і літаратуры сёлета з 21 лютага, з дня, які з 1999 года па рашэнні ЮНЕСКА стаў Міжнародным днём роднай мовы. Гэта свята, якое прымушае кожнага задумацца пра лёс той, адзінай, якую мы называем матчынай. Беларуская мова жывая, мілагучная, паэтычная і песенная, старажытная і сучасная, самабытная і адметная… Мова – гэта неацэнны духоўны набытак нашага народа.
Дзень роднай мовы ва ўстанове адукацыі стаў падставай для размовы пра тое, што кожная мова па-свойму багатая, прыгожая, непаўторная. І беларуская мова не выключэнне. Таму трэба берагчы яе, вывучаць, гаварыць на ёй, ганарыцца ёю.
Дзень прайшоў насычана і цікава. Педагогі ўстановы, бацькі некаторых вучняў прынялі ўдзел у Гродзенскім абласным дыктанце, які быў прысвечаны Году гістарычнай памяці, а таксама 140-годдзю з дня нараджэння беларускага класіка Янкі Купалы (тэкст “Музей паэта”). Дыктант – гэта адна з магчымасцей выказаць пашану і любоў да роднай мовы.
У гэты ж дзень было наладжана свята мовы “Гучы, роднае, спеўнае слова! ”, у час якога гучалі вершы пра родную мову, беларускія песні ў выкананні вучняў школы, а таксама ў выкананні вядомых беларускіх майстроў слова. Некаторыя вучні 9, 11 класа выказалі жаданне прыняць удзел у чэленджы “Мова” і паказалі дэкламатарскае майстэрства пры чытанні паэтычных твораў. Завяршыўся дзень акцыяй “Гавары са мной па-беларуску”, у якой прынялі ўдзел не толькі вучні і работнікі ўстановы, але і жыхары мястэчка. У час акцыі гучалі вершы на беларускай мове, прыказкі і прымаўкі, фразеалагізмы.
Такім чынам, далучыца да штогадовай традыцыі і тым самым выказаць падтрымку жывому беларускаму слову мог кожны жадаючы.
Працягам тыдня стала афармленне калажа “Смак роднай мовы”. Вучнямі 5-7 класаў былі падабраны ілюстрацыі, якія адлюстроўвалі “смак”, прыгажосць, мілагучнасць, адметнасць беларускай мовы, яе самабытнасць.
Квэст-гульня “Чароўнае слова” сабрала каманды вучняў 6,7 класаў. Удзельнікам гульні давялося прайсці праз разнастайныя займальныя прыпынкі (“З рога ўсяго многа”, “Лінгвістычны”, “Энцыклапедычны”, “Этнаграфічны” і інш.) і выканаць усе заданні, каб атрымаць званне лепшага знаўцы роднага слова. У час гульні вучні паказалі свае веды па мове, літаратуры, культуры Беларусі ў нестандартнай сітуацыі, праявілі творчыя і інтэлектуальныя здольнасці, а таксама ўменне працаваць у камандзе.
Вучні пачатковай школы пабывалі ў вандроўцы “Таямніцы мовы”, падчас якой ім былі прапанаваны загадкі, рэбусы, крыжаванкі, метаграмы.
Намаганнямі бібліятэкара была арганізавана віншавальная старонка “Пісьменнікі-юбіляры”. Вучні мелі магчымасць не толькі паглядзець і пагартаць кнігі пісьменнікаў-юбіляраў, паслухаць цікавыя факты з іх жыцця, але і самі паспрабавалі зрабіць прэзентацыю сваёй любімай беларускамоўнай кнігі.
Вучні 5-7 класаў паспрабавалі сябе ў ролі мастакоў і прынялі ўдзел у выставе ілюстрацый “У краіне літаратурных герояў”. Малюнкі адлюстроўвалі не толькі сюжэты беларускіх мастацкіх твораў, але і ўнутраны свет маленькіх мастакоў.
Інтэлектуальна-пазнавальная гульня “Моцнае звяно” дала магчымасць дзевяцікласнікам праверыць свае веды па беларускай мове і літаратуры, фальклоры, музыцы, мастацтве і гісторыі Беларусі. Гульня была накіравана на выхаванне любові і павагі да беларускай літаратурнай і культурнай спадчыны. На працягу ўсёй гульні панавала атмасфера зацікаўленасці, здаровага спаборніцтва. Нягледзячы на тое, што былі і пераможцы, і пераможаныя, усе засталіся задаволены гульнёй. Лепшыя гульцы былі ўзнагароджаны дыпломамі.
Гульня “Разумнікі і разумніцы” выявіла самых кемлівых і дапытлівых вучняў, сапраўдных знаўцаў народнай мудрасці. Каманды вучняў 5 класаў: “Валошкі” і “Рамонкі” змаглі прымяніць веды, атрыманыя на ўроках беларускай мовы і літаратуры, гісторыі, чалавека і света, у новай для іх сітуацыі. Пяцікласнікі дабудоўвалі прыказкі, ілюстравалі фразеалагізмы, інсцэніравалі фрагменты казак.
Хочацца адзначыць, што ў арганізацыі мерапрыемстваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры дапамагалі вучні старэйшых класаў. Яны ўдала распрацоўвалі цікавыя заданні, уносілі свае прапановы па афармленні інфармацыйнай прасторы ўстановы адукацыі, праяўляючы творчы падыход, самастойнасць і адказнасць. Так, напрыклад, вучнямі 11 класа былі праведены вясёлыя перапынкі “Здагадайся”, падчас якіх кожны жадаючы мог выбраць сабе пытанне, адказаць на яго і атрымаць салодкі пачастунак (“На пытанне адкажы – пачастунак свой вазьмі!”). Адказваючы на пытанні, неабходна было прадэманстраваць веды па вуснай народнай творчасці, культурнай спадчыне Беларусі, роднай мове і літаратуры. Дзесяцікласнікі запрасілі вучняў сярэдняга звяна прыняць удзел у стварэнні калажа “Фразеалагізмы ў малюнках”. Дадаткова ўдзельнікам прапаноўваліся цікавыя пытанні па лексіцы беларускай мовы, загадкі “Жартам і ўсур’ёз”. Перапынкі праходзілі арганізавана, весела і, што вельмі важна, з карысцю.
У прадметным тыдні прынялі ўдзел настаўнікі і вучні 1-11 класаў. Кожны дзень тыдня быў цікавым, насычаным і пазнавальным. Разнастайныя інтэлектуальныя гульні, конкурсы, віктарыны, падарожжы далі магчымасць вучням пашырыць чытацкі кругагляд, раскрыць таямніцы паэтычнага слова, паказаць веды па вуснай народнай творчасці, па гісторыка-культурнай спадчыне краіны. Кожны знаходзіў занятак па душы.
Гэта толькі частка тых мерапрыемстваў, якія былі арганізаваны падчас правядзення тыдня беларускай мовы і літаратуры, мерапрыемстваў, якія садзейнічаюць выхаванню сапраўдных патрыётаў сваёй Радзімы, а выхаваць патрыёта без любові да роднай мовы немагчыма. Мова - гэты бясцэнны скарб, які мы павінны любіць, шанаваць і зберагчы для сваіх нашчадкаў.
Алена Звярко, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Ліпнішкаўскага дзіцячага сада – ся