У дзяржаўнай установе адукацыі “Навучальна-педагагічны комплекс Трабскі яслі-сад – сярэдняя школа” прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да тыдня беларускай мовы і літаратуры.
Адкрыццё тыдня прыпала на 21 лютага, калі адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы. Ужо з самага ранку адзінаццацікласнікі ветліва сустракалі ўсіх прысутных. У ходзе акцыі “Размаўляй са мной па-беларуску” старшакласнікі прапаноўвалі розныя заданні: прачытай верш на беларускай мове, адгадай загадку, працягні прыказку, растлумач значэнне слова, пазнай твор. Удзельнікі мерапрыемства даведаліся шмат новага пра роднае слова, родную мову, беларускую культуру. Гродзенскі абласны дыктант у гэты дзень пісалі як вучні школы, так і педагагічныя работнікі. Усіх аб’яднала адна вельмі важная якасць – любоў да роднай мовы. На памяць кожны атрымаў сімвалічны падарунак - бланк са сваім тэкстам. У гэты ж дзень адбыўся і флаер-фэст “Родная мова! Жыві, гучы, звіні…”, дзе вучні выказалі свае пажаданні роднай мове.
У рамках тыдня вучні 10-11 класаў паказалі трывалыя веды на веданне гісторыі, культуры Беларусі падчас удзелу ў інтэлектуальна-пазнавальнай гульні “Ці ведаю я Беларусь?”. Васьмікласнікі былі ўдзельнікамі інтэлектуальнага конкурсу “Сваімі словамі”. Мерапрыемства садзейнічала развіццю вобразнага мыслення, кемлівасці, знаходлівасці, абуджэнню пачуцця нацыянальнай годнасці. У ходзе гульні вучні праверылі і сваю арфаграфічную граматнасць. Цікава прайшла гульня “Турнір знаўцаў роднай мовы” для вучняў 5-6 класаў. Школьнікі паглыбілі веды пра вусную народную творчасць. Мерапрыемства садзейнічала выхаванню пачуцця гонару і глыбокай павагі да здабыткаў нацыянальнай літаратуры.
На працягу ўсяго тыдня на перапынках быў арганізаваны прагляд мультыплікацыйных фільмаў на беларускай мове, відэафільмаў пра пісьменнікаў-юбіляраў, гучалі відэазапісы песень на словы беларускіх паэтаў.
Конкурс творчых пісьмовых работ ”За што я люблю родную зямлю?” сярод вучняў 5-11 класаў садзейнічаў выхаванню патрыятызму, пачуцця годнасці і гонару за нашу краіну, развіваў маўленне і творчае мысленне, фарміраваў грамадзянскую пазіцыю.
Цікавымі і запамінальнымі былі віктарына “Пазнай фразеалагізм” і конкурс малюнкаў да праграмных твораў “Пазнай твор і аўтара”, акцыя “Чытаем Якуба Коласа і Янку Купалу разам”.
Завяршыўся тыдзень літаратурна-музычнай вечарынай “Сэрцам роднага слова краніся”. Вучні прынялі удзел у конкурсе выразнага чытання твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа “Нам засталася спадчына”, які быў прымеркаваны да 140-годдзя з дня нараджэння народных песняроў.
Мерапрыемствы тыдня беларускай мовы і літаратуры садзейнічалі павышэнню цікавасці вучняў да вывучэння прадмета, паглыбленню ведаў па беларускай мове і літаратуры, развіццю моўнай культуры, выхаванню любові да гісторыі беларускага народа.
Людміла Рыбалоўская, настаўнік беларускай мовы і літаратуры.