З 19 па 23 верасня ў Суботніцкай СШ прайшоў тыдзень роднай мовы “Як ты дорага мне, родная мова!”.
Распачаўся тыдзень з лінейкі, на якой быў абвешчаны план і правілы ўдзелу. Вучні наведалі выставу кніг “Сэрцам роднага слова краніся”, прысвечаную творчасці пісьменнікаў-юбіляраў, а таксама пазнаёміліся з літаратурнымі навінкамі.
Паглыбіць свае веды аб майстрах беларускага слова школьнікі змаглі падчас літаратурнай гасцёўні “Янка Купала і Якуб Колас”, “Чытаем Максіма Танка разам”, віртуальнай экскурсіі “Дарогі да творчасці”. Вялікая ўвага надавалася не толькі пазнанню роднай мовы і літаратары, але і культуры Беларусі, яе маляўнічым краявідам. Для вучняў быў арганізаваны прагляд беларускіх мультфільмаў, батлейкі, музычныя перапынкі “Дыскатэка па-беларуску”, выстава-конкурс дзіцячай творчасці “Пад небам сінім”.
Багаты тыдзень быў на конкурсы, якія раскрываюць і развіваюць творчыя задаткі школьнікаў: конкурс творчых пісьмовых работ “За што я люблю родную зямлю”, конкурс чытальнікаў “Чытаем вершы пра родную мову”.
Прызнацца ў любові сваёй роднай мове вучні змаглі праз прэзентацыю пажаданняў “Пажаданні роднай мове”. На рознакаляровых далоньках школьнікі пажадалі дабрыні, дабрабыту, шчаслівага лёсу, працвітання, пашырэння ва ўжыванні.
У рамках акцыі “Размаўляй са мной па-беларуску” праведзена апытанне “Дзве цукеркі, або Далучыся да народнай мудрасці”, якое выявіла веданне школьнікамі прыказак і прымавак. Той, хто здолеў закончыць прапанаваную прыказку, атрымаў салодкі пачастунак ад Васілька і Васілінкі.
Сваю актыўнасць навучэнцы праявілі ў анлайн-чэленджах “Льецца мова” і “Мова краіны маёй”, старанна папрацавалі пры стварэнні інтэрактыўных воблакаў слоў “Маё любімае слова па-беларуску”. Квэст-гульня “Фальклор, фальклор – душа народа” стала цікавым, займальным момантам тыдня. Дзеці з задавальненнем шукалі падсказкі, выконвалі прапанаваныя заданні.
Ярка, запамінальна, смачна прайшоў гастранамічны фэст “Беларуская кухня”, падчас якога школьнікі з задавальненнем прэзентавалі падрыхтаваныя дома справы, частавалі ўсіх жадаючых.
Веды, цікаўнасць і добры настрой забяспечылі поспех праведзеных мерапрыемстваў. Вынікі падведзены, узнагароды знайшлі сваіх пераможцаў. Актыўны ўдзел вучняў ва ўсіх мерапрыемствах тыдня стаў самай лепшай падзякай арганізатарам.
Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры.