19 снежня навучэнцы Бакштаўскай сярэдняй школы імя М.М.Чэрнік наведалі Літаратурны музей Максіма Багдановіча. Максім Багдановіч - паэт, публіцыст, літаратуразнаўца, перакладчык, адзін са стваральнікаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы.
Паэзія Максіма Багдановіча ўвайшла ў духоўную скарбніцу беларускага народа. Шматлікія творы паэта пакладзены на музыку, а такія, як «Зорка Венера» і «Слуцкія ткачыхі», сталі, па сутнасці, народнымі.
Адзіны прыжыццёвы зборнік М.Багдановіча «Вянок» быў надрукаваны ў віленскай тыпаграфіі Марціна Кухты ў 1913г. Гэта было важнай падзеяй ў беларускай літаратуры і прынесла аўтару вялікі поспех, прызнанне і славу. Творы паэта перакладзены на два дзясяткі розных моў свету,друкаваліся ў Францыі, Германіі, Польшы і іншых краінах.
У музеі Максіма Багдановіча з дапамогай мастацкіх прыёмаў і экспанатаў створаны непаўторны паэтычны свет паэта. Рабяты ўбачылі ўнікальныя фатаграфіі і рукапісы паэта, а таксама розныя прадметы, звязаныя з яго сям'ёй і сябрамі. Прысутнічалі рэчы, якія сталі сімваламі Беларускай культуры: слуцкі пояс і арыгінальны зборнік «Вянок».
Супрацоўнік музея падрабязна і вельмі цікава расказала пра творчасць паэта, яго жыццёвы шлях. Яна адкрыла невядомыя старонкі кароткага, але яскравага жыцця маладога паэта, які, на жаль, пайшоў з жыцця занадта рана, але пакінуў незабыўны след. Вершаваныя радкі, якія гучалі у канцы аповеда, пра марнасць і бессэнсоўнасць чалавечых канфліктаў «Нашто ж на зямлі // Сваркі і звадкі, боль і горыч, // Калі ўсе мы разам ляцім // да зор?» даўно сталі хрэстаматыйнымі, але, на жаль, і сёння вельмі актуальныя.
Вучні ўважліва слухалі; яны адзначылі, што экскурсія была цікавай і пазнавальнай , дала ўсім удзельнікам магчымасць глыбей зразумець і ацаніць уклад Максіма Багдановіча ў беларускую культуру.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Таццяна Рагачук, класны кіраўнік 9 класа Бакштаўскай сярдняй школы імя М. М. Чэрнік.