Акцыі, дыстанцыйныя алімпіяды, інтэлектуальныя турніры і іншыя мерапрыемствы на трэцім тыдні лютага прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы, які, як і ва ўсёй рэспубліцы, адзначаецца ў Іўеўскім раёне.
Распавядае загадчык Іўеўскага вучэбна-метадычнага кабінета Таццяна Васільеўна Бакуновіч:
- Гучы, гучы, родная мова! У мэтах рэалізацыі Плана мерапрыемстваў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства 15 лютага стартаваў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры.
На працягу ўсяго тыдня навучэнцы будуць далучацца да акцыі і размаўляць на беларускай мове з педагогамі і сябрамі. Педагогі і адміністрацыя, у сваю чаргу, будуць заахвочваць дзяцей да гэтага з дапамогай правядзення разнастайных тэматычных мерапрыемстваў напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, які па ініцыятыве ЮНЕСКА ва ўсім свеце адзначаецца 21 лютага.
Дыстанцыйную алімпіяду па беларускай мове для вучняў 1-4 класаў арганізавалі настаўнікі Іўеўскага ясляў-сада - пачатковай школы.
На сайце Ліпнішкаўскага дзіцячага сада - сярэдняй школы размешчана спасылка для ўдзелу ў анлайн-турніры "Слова дарэмна не гаворыцца".
У гімназіі №1 г. Іўе арганізаваны чэлендж "Мова краіны маёй". Настаўнікі пачатковых класаў, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, бібліятэкары запланавалі конкурсы малюнкаў па творах беларускіх пісьменнікаў, чытальнікаў твораў, творчых пісьмовых работ, сачыненняў-эсэ, а таксама інтэлектуальныя турніры, кніжныя выставы/
Акрамя таго, прадметны тыдзень даў старт раённаму этапу абласнога конкурсу буктрэйлераў "Чытаем беларускіх класікаў", прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Івана Шамякіна, Івана Мележа, 125-годдзю з дня нараджэння Кандрата Крапівы.
Свята з'яўляецца асабліва актуальным у Год народнага адзінства, бо яно служыць захаванню моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрымцы нацыянальных моў і культур, забеспячэнню права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай.
Гутарыла І. Халява.