Лета культработнікаў Іўеўшчыны – гэтая сапраўдная скарбонка праектаў, задумак, розных форм адпачынку для насельніцтва раёна. Людзям нічога не трэба рабіць. Проста пакінуць канапы і тэлевізары і выйсці на свае вясковыя і гарадскія канцэртныя пляцоўкі, як гэта сёння робяць бакштане, жыхары і госці цудоўнай вялікай вёскі, што прымасцілася на ўскрайку Налібоцкай пушчы, што адвеку была месцам добрых людей, гераічных і працоўных спраў, таленавітых і майстравых людзей, а зараз таксама годна жыве і запрашае на такія вось адмысловыя святы.
Што ж асаблівага ў брэндавым свяце, што пачалося а 17 гадзіне сёння ў Бакштах?
Гэта самы сапраўдны фестываль мясцовай культуры. Яго назвалі “Бакштаўскі каларыт”. І паказваюць зараз гледачам, у чым ён заключаецца – каларыт той.
Спачатку дзейства дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах частавалі ўсіх прысутных смачным караваем з водарам жытнёвых і пшанічных палеткаў, блакітных васількоў – абавязковых суседзяў збажыны, блакіту нябёс і паветра роднай старонкі.
Вітаў прысутных добры гаспадар бакштаўскага рэгіёну, старшыня сельскага выканаўчага камітэта Аляксандр Уладзіміравіч Буляк. Ён дзякаваў людзей за добрасумленную працу, за ўменне быць сваімі на вёсцы. А гэта вялікая асаблівасць чалавечай натуры – жыць у ладзе з людзьмі, з суседзямі, з аднавяскоўцамі.
А потым распачалася галоўная “фішка” гэтага асаблівага свята – конкурс побытавых танцаў “Танцуем па- даўнейшаму”. І яго галоўнымі танцорамі сталі і культработнікі, і тыя, хто прыйшоў паглядзець, паслухаць, адпачыць.
Першым этапам конкурсу стаў майстар-клас побытавых танцаў ад арганізатараў фестывалю. Гэты былі танцы “Лысы”, “На рэчаньку”, “Каханачка”.
Потым была рэпетыцыя з тымі, хто пажадаў прыняць удзел у конкурсе.
А затым пачаліся конкурсныя выступленні параў.
Пераможцы атрымалі дыпломы Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу і сувеніры аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы вёскі Бакшты.
Беларускі народ на працягу сваёй гісторыі стварыў мноства яркіх самабытных танцаў, якія ляглі ў аснову народна-харэаграфічных традыцый Беларусі.
Народныя святы і абрады ў Беларусі ніколі не абыходзіліся без песні і танца. Яны з'яўляліся неабходнай часткай народнага вяселля, святкавання Купалля, Калядак, зажынак і дажынак і г.д. У зімовыя месяцы ў вясковым побыце былі шырока распаўсюджаныя так званыя кудзельніцы і музыкі - вячоркі, на якіх збіраліся дзяўчыны і хлопцы і, вядома ж, не абыходзіліся такія сумесныя зборы без танцаў. А конкурс паказаў найбольш папулярныя побытавыя танцы нашага рэгіёну.
Якое ж свята без дранікаў і дранкі?! Таму частавалі імі ўсіх.
Святочным падарункам гледачам стаў канцэрт народнага ансамбля народнай песні “Спадчына” з аграгарадка Лаздуны1.
В. ГУЛІДАВА.
Фота аўтара.