У прафесію Валерыя Янкевіча прывёў, па сутнасці, бацька. З'ездзіў аднойчы чалавек у райцэнтр і прывёз баян. Просценькі, але з даволі прэтэнцыёзнай назвай -"Эра". Дарэчы, грошы за музычны інструмент прыйшлося аддаць для вяскоўца на той час немалыя. Але нічога не зробіш, калі душа хацела музыкі, прагнула песні.
Бацька некалькі разоў правёў пальцамі па бліскучых кнопках і…неяк вінавата паставіў баян на стол: не вельмі хацеў слухацца натруджаных мазолістых рук, больш звыклых да сялянскіх прылад працы, гэты новенькі, пахнуўшы свежым фабрычным лакам музычны інструмент…
Зраблю невялікі водступ. Вёска канца 70-х - пачатку 80-х гг. жыла па-сапраўднаму весела. Вечарамі на яя вуліцы збіралася моладзь, разліваўся гармонік, срэбрам звінела гітара, гучалі песні. Амаль што кожнаму без выключэння верылася: "Близится эра светлых годов…".
Няхай даруе мне чытач за каламбур, але ці мог у такім разе бацька Валерыя Янкевіча паставіць "Эру" ў які-небудзь цёмны закутак!? А таму ён з надзеяй паглядзеў на сына - і не памыліўся.
У музычнай школе Валерый быў адным з лепшых вучняў. Больш таго, яму зайздросна пашанцавала: хлопчык трапіў да настаўніка, слава пра якога ляцела тады не толькі па ўсёй рэспубліцы, але і за яе межамі - мастацкага кіраўніка фальклорнага ансамбля "Лявоны" Вячаслава Мацкевіча. Менавіта Вячаслаў Канстанцінавіч і разглядзеў у сваім вучні вялікія задаткі, высокі творчы патэнцыял добрага ў будучым музыкі, выдатнага акампаніятара.
Далей былі вучоба ў Лідскім музычным вучылішчы, армія, адзін курс педагагічнага ўніверсітэта імя МаксімаТанка, настаўніцтва ў музычнай школе, што была ў калгасе імя Кірава, праца акампаніятарам у Бобравіцкім Доме культуры.
Я пацікавіўся ў Валерыя Іванавіча, чаму давялося яму скончыць толькі аздін курс "універа", пры ўсім тым, што з вучылішча ён выйшаў выдатнікам? Адказ на гэта пытанне, як высветлілася, кранаўся бытавых праблем: сесіі не аплачваліся, а жонка Ірына была ўжо цяжарная першай дачкой.
Сёння ж у сям'і Валерыя і Ірыны Янкевічаў пяцёра дзяцей. Старэйшая дачка Марыя -студэнтка Мінскага ўніверсітэта культуры. Аляксандра, Надзея, Ксенія - вучаніцы Бобравічскай дз/с - сярэдняй школы, а маленькі Аляксей там жа наведвае дзіцячы садзік. Маці Ірына Аляксандраўна Янкевіч узнагароджана ордэнам Мацярынскай славы.
Маючы такое багатае сузор'е ў хаце, не крыўдуе Валерый Іванавіч, што сям'ю яму прыйшлося паставіць вышэй за сваю вучобу, а два гады назад - і Дом культуры пакінуць. На заробак клубнага акампаніатара сёння цяжка пракарміць сям'ю ў сем душ. Папоўніць сямейны бюджэт спрабавала дапамагчы жонка. Тры гады запар Ірына працавала ў мясцовай гаспадарцы цялятніцай. Але калі аднойчы прымарозіла шчокі (цяляты і зімой утрымліваліся на двары), муж сказаў - хопіць! Сам жа вырашыў цалкам аддацца працы на зямлі. І да гэтага часу былі ў Валерыя Янкевіча і паўтара гектара зямлі, і трактар, але пастаянная занятасць у клубе, дзе без акампаніятара аніяк, усё ж не давала поўнай магчымасці цалкам развярнуцца на гаспадарчай ніве. А да кожнай справы гэты чалавек з дзяцінства прывык ставіцца з вялікай адказнасцю. Вось і нядаўна Валерый закончыў будаўніцтва цяпліцы. На славу яна атрымалася. У гэтым мне давялося ўпэўніцца асабіста. У хляве ў Янкевічаў сёння тры каровы, бычок, двое цялят, гусі, індыкі, куры… Гэта колькі намаганняў, колькі працы трэба прыкладваць, каб трымаць такую колькасць жыўнасці?!..
Дарэчы, я забыўся ўпамянуць, што Валерый Іванавіч Янкевіч - ураджэнец не нашага раёна. Нарадзіўся ён у вёсцы Германішкі, што на Воранаўшчыне. Гэта тут, ужо ў Лаздунах, ён знайшоў сваю сяброўку па жыцці, тут і асеў.
Напярэдадні Каляд я, канечне, не змог не пацікавіцца ў субяседніка, як там, на яго "малой радзіме" адзначалі гэтае свята. Выявілася цікавая акалічнасць. У калядную ноч адно акно ў хаце павінна было быць без дубэльтаў. Пад яго і прыходзілі калядоўнікі, стукаліся. Гаспадар адчыняў акно наўсцяж і прадстаўленне пачыналася. Праз акно гаспадары і разлічваліся з вясковымі артыстамі за пацеху каляднымі прысмакамі, тым, чым хата была багата, а дакладней - калядны стол.
А колькі разоў асабіста Валерыю Янкевічу прыходзілася ўдзельнічаць у калядных і навагодніх пацехах, і прадстаўленнях, несці людзям музыку, радасць, песні, жарты, смех - не злічыць. Іншым разам да далёкіх вёсак ці хутараў у снежныя, завірушныя зімы мясцовым артыстам мастацкай самадзейнасці прыходзілася дабірацца і на конях…
Гэтыя вершаваныя радкі пасля размовы з В. Янкевічам склаліся самі сабой:
Не раз скрыпелі палазы
За свежым следам коніка,
І ноч будзілі галасы
Вясёлага гармоніка…
Зразумела, хто быў гарманістам.
Г. Мірончык.