Прыгожае, светлае, духоўнае свята ў славу Божага Нараджэння - фэстываль калядных песень "Gloria in Excelsis Deo", які адбыўся ў мінулую нядзелю 24 студзеня ў раённым цэнтры культуры і вольнага часу, традыцыйна сабраў вялікую колькасць і гледачоў, і ўдзельнікаў. Некалішняя ініцыятыва парафіяльнага конкурсу, якую 13 гадоў таму ажыццявіў ксёндз Іўеўскай парафіі Ян Гавецкі, дзякуючы выдатнай аргані-зацыі была ўспрынята з захапленнем усімі, хто хацеў праз песню выказаць свае шчырыя пачуцці вялікай радасці і падзякі Нованароджанаму Хрысту.
Знайшлася вялікая колькасць жадаючых з ліку яго галоўных удзельнікаў - дзецей, падлеткаў і моладзі з розных парафій Іўеўшчыны, - і рамкі мерапрыемства пашырыліся да дэканальнага. І нельга не заўважыць, што з кожным годам шліфуюцца рэпертуар, узровень вакалу і музычнага суправаджэння, сцэнічнай культуры яго ўдзельнікаў, якія ў шыкоўных касцюмах прыгожа выходзяць і пакідаюць сцэну. Толькі нязменнымі застаюцца сардэчныя прывітанні ўсім, хто наведвае свята, і шчодрае ўзнагароджанне канкурсантаў па ініцыятыве яго пастаяннага арганізатара і галоўнага сцэнарыста ксяндза Яна Гавецкага. А таксама шырокае прадстаўніцтва гасцей фэстывалю. У гэтым годзе яго наведалі бiскуп Гродзенскi Аляксандр Кашкевiч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса.
З улікам вышэй названых спрыяльных акалічнасцей ужо многія з тых, хто пастаянна бывае на свяце, агучваюць думку, што гэта духоўнае культурнае мерапрыемства можа дастойна выглядаць і як дыяцэзіяльнае.
У сваім прывітальным слове да гледачоў і ўдзельнікаў ксёндз Ян Гавецкі адзначыў асаблівасці бягучага года, які для каталіцкага Касцёла ва ўсім свеце абвешчаны Годам міласэрнасці, а ў Беларусі - Годам культуры, і пажадаў прыемных хвілін усім прысутным у супольным яднанні ў Веры і Любові да Бога.
Каля 200 удзельнікаў з розных парафій праз прыгожы спеў калядных песень і пастаралак выказвалі свае шчырыя пачуцці да вялікай падзеі ў жыцці хрысціян, дэманстравалі сваё майстэрства ў адзіночным вакале, у складзе дуэтаў, трыо, квартэтаў, ансамблей і хароў. Трэба адзначыць, што журы было вельмі няпроста вызначыцца з пераможцамі, але паўнамоцтвы абавязвалі зрабіць выбар! Таму пасля абмеркавання пад гучныя апладысменты залы былі абвешчаны вынікі конкурсу ва ўсіх катэгорыях. А гран-пры справядліва прысуджана ансамблю "Oremus" з Іўеўскай парафіі.
Гэтаму музычнаму калектыву больш дзесяці гадоў, і ў яго складзе ў асноўным - пасталелыя ўдзельнікі музычнага калектыву з самых маленькіх іўеўскіх парафіян, які носіць прыгожую назву "Jutrzenka" ("ранішняя зорка"), і каторы таксама даўно існуе і заўжды бярэ ўдзел у конкурсе.
Ніхто не застаўся па-за ўвагай арганізатараў фэстывалю і яго мецэнатаў у заключны момант уручэння падарункаў: іх атрымалі ўсе ўдзельнікі.
На свяце не аднойчы і заслужана прагучалі словы падзякі ў адрас ініцыятараў свята, а таксама музычных кіраўнікоў, без працы якіх немагчымы былі бы прыгожыя і таленавітыя выступленні.
Такія падзеі ў нашым жыцці, безумоўна, спрыяюць не толькі творчаму, але і духоўнаму росту чалавека, а тым больш гэта важна падчас станаўлення чалавечай індывідуальнасці. Менавіта такія моманты дапамагаюць адчуць, наколькі глыбока і важна ў жыцці духоўнае багацце, свядомае жаданне быць карысным людзям і магчымасць ўвасабляць гэта…
Як аднойчы ў прыватнай размове заўважыў ксёндз Ян Гавецкі, патрэбна дзяліцца талентамі і дарамі, якія маем. Каб дапамагчы ў гэтым усім, з кім ён звязаны душпастырскай працай, святар са сваімі памочнікамі і арганізоўвае падобныя мерапрыемствы, і намячае новыя праекты, якія, упэўнена, абавязкова ажыццявяцца ў бліжэйшым часе.
Т. Болатава.
С. Зянкевіч (фота).