Жыццё ідзе сваім чынам. У кожнага, вядома, па-свойму. Аднак яго сярэднестатыстычны сцэнарый выглядае амаль аднолькова: мы атрымоўваем прафесію, ідзём на працу, заводзім сем'і, клапоцімся пра жыллё, выхоўваем дзяцей. Змяніць гэты звыклы расклад удаецца нямногім. Зрэшты, апошнім часам такіх людзей з'яўляецца ўсё больш. Змяняцца, удасканальвацца, не застойвацца - вельмі па-сучаснаму. І неяк, пасля сустрэчы з чарговым героем публікацыі, заўважыла, што зайздрошчу такім людзям. Выйсці са звыклай зоны камфорту, насамрэч, справа нялёгкая. Тут патрэбны не толькі жаданне, мара, калі хочаце, а смеласць і ўпэўненасць, вера і цярпенне.
У псіхалогіі зона камфорту - гэта вобласць жыццёвай прасторы, у якой чалавек адчувае сябе ўпэўнена і бяспечна, стан псіхалагічнай абароненасці, які ўзнікае дзякуючы захаванню паслядоўнасці звыклых дзеянняў і атрыманні меркаванага выніку. Такі камфорт бывае дастаткова зманлівым і небяспечным, калі чалавек спыняецца ў развіцці, терпіць нязручнасці і абмежаванні дзеля стабільнасці (напрыклад, нізкі заробак, праблемы ў сям'і і іншае). Менавіта таму зона камфорту лічыцца негатыўным станам, які перашкаджае набыццю чалавекам новага жыццёвага вопыту і максімальнай рэалізацыі сваіх магчымасцей.
Выйсці са сваёй зоны камфорту вырашыла Алеся Сінкевіч, памочнік ляснічага Ліпнішкаўскага лясніцтва. Пасля заканчэння мясцовай школы яна паступіла ў Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж, мяркуючы звязаць сваё жыццё са справай бухгалтара. Працягнуць адукацыю вырашыла завочна ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы. Усё, здаецца, добра атрымоўвалася. Знайшлася работа бухгалтара на мясцовым прадпрыемстве - ААТ "Фабрыка "Ромакс", утварылася сям'я, з'явіліся дзеці…
- Да мяне прыйшло разуменне, што прафесія не прыносіць задавальнення, - расказвае Алеся Сінкевіч. - А выконваць справу, якая табе не падабаецца, на сто працэнтаў немагчыма. Пагэтаму вырашыла змяніць сферу дзейнасці. Прыйшло асэнсаванне, што з'явяцца новыя магчымасці, знаёмствы, сферы, самаадчуванне сябе і свайго патэнцыялу. Мне здаецца, што найважнейшае ў жыцці, як правіла, знаходзіцца за нашымі страхамі. Пераадоленне страхаў - гэта і ёсць тая самая кропка росту, якая дае магчымасць дамагацца большага.
Алеся Сінкевіч вырашыла працаваць у сферы лясной гаспадаркі. Пачала з першай прыступкі: паступіла ў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт на адпаведную спецыяльнасць і ўладкавалася на працу ў мясцовае лясніцтва.
- На самой справе, вопыт бухгалтара прыйшоўся тут дарэчы, - разважае субяседніца. - Таму што і тут маю справу з вялікім аб'ёмам лічбаў і адпаведнымі камп'ютарнымі праграмамі.
Алеся Раманаўна задаволена калектывам, у якім яна апынулася. Яго ўзначальвае малады ляснічы Аляксей Сальмановіч, з якім новаспечанаму лесаводу ўдалося навесці добрыя стасункі. Зрэшты, як і з іншымі членамі калектыву лясніцтва, якіх 41.
- Гэта вопытныя людзі , якія вельмі добра ведаюць сваю справу, - гаворыць Алеся Раманаўна. - Мне яны шмат ў чым дапамагалі спачатку і цяпер заўсёды ідуць насустрач, а значыць - давяраюць. І я стараюся гэты давер апраўдваць.
Аднак толькі прафесійнай дзейнасцю і сямейнымі абавязкамі жыццё маладой жанчыны не абмяжоўваецца. Яна з'яўляецца членам мясцовага сельвыканкама, прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці сельсавета. Лічыць, што кожны павінен уносіць свой пасільны ўклад у развіццё мясцовасці. Уладам без падтрымкі на ўсіх узроўнях не справіцца з задачамі.
- Мы тут жывём, гэта наша малая радзіма, яе немагчыма не любіць, - разважае суразмоўца. - Хочацца не толькі пакінуць пасля сябе добры след, але і зрабіць нешта карыснае і ў сапраўдным часе.
Алеся Сінкевіч вельмі ўдзячна свайму мужу Юрыю, які падстаўляе надзейнае мужчынскае плячо сваёй другой палове ў складаных сітуацыях. Яны, між іншым, здараюцца нярэдка. Бывае, што з работы прыходзіцца вяртацца с цэлым стосам папер ці затрымацца на працы. Тады частку спраў бярэ на сябе муж. Аднак у віхуры жыцця знаходзіцца час і на сям'ю, на дваіх дзяцей, на хатнюю гаспадарку, на цікавы вольны час разам.
- Вельмі часта даводзіцца чуць, што ў вёсцы моладзі жыць складана, не хапае інфраструктуры, месцаў адпачынку і г. д., - разважае маладая жанчына. - Я ж лічу інакш. Калі мы маем патрэбу ў нейкіх гарадскіх забавах, садзімся ў аўтамабіль і едзем у горад. Атрымаўшы порцыю ўражанняў, вяртаемся дамоў і радуемся цішыні, пакою і размеранасці.
Пагутарыўшы з новай знаёмай, яшчэ раз упэўнілася, што выказванне "Не важна, дзе ты жывеш, важна, што і хто жыве ў табе", сто працэнтаў трапнае.
Ірына БУТУРЛЯ.
Станіслаў ЗЯНКЕВІЧ.