ivyenews.by

Захоўваць скарбы ведаў і перадаваць іх людзям. 15 верасня - Дзень бібліятэк

Главное

Дзень народнага адзінства беларусы адзначаць ужо ў гэтую нядзелю - 17 верасня. Літаральна два дні аддзяляюць яго ад прафесійнага свята бібліятэкараў - Дня бібліятэк. Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 верасня, свята ўпершыню адзначалася ў 2001 годзе. Ідэя і стварэнне падобнага прафесійнага свята была ініцыявана Беларускай бібліятэчнай асацыяцыяй. А дата свята - 15 верасня - выбрана ў гонар дня заснавання Нацыянальнай бібліятэкі, галоўнага кнігасховішча краіны.

На працягу Тыдня народнага адзінства ў Беларусі пройдуць патрыятычныя акцыі, конкурсы, форумы і канферэнцыі, будуць працаваць дыялогавыя пляцоўкі і круглыя сталы, марафоны добрых спраў - усе гэтыя мерапрыемствы прасякнуты ідэяй аб’яднання беларусаў як нацыі.

У публічных бібліятэках Іўеўскага раёна да Дня народнага адзінства арганізаваны кніжныя выставы і адбудзецца шэраг культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў: інфарміна “Краіна незалежная мая” (бібліятэка-філіял аг. Дайліды), відэа-экскурс “Мая васільковая Радзіма” (бібліятэка-філіял г.п. Юрацішкі), краязнаўчае падарожжа “Любы кут маёй Радзімы” (бібліятэка-філіял аг. Ліпнішкі), гадзіна гісторыі “Сіла Беларусі – у адзінстве народа” (бібліятэка-філіял аг. Геранёны), гісторыка-культуралагічны экскурс “Куточак зямлі, што Радзімай завецца” (Іўеўская раённая бібліятэка”), якія будуць садзейнічаць больш глыбокаму вывучэнню і захаванню гісторыі нашай дзяржавы, умацаванню ідэі нацыянальнага адзінства і кансалідацыі беларускага грамадства, папулярызацыі беларускай культуры, патрыятычнаму выхаванню карыстальнікаў бібліятэк.

Дзень бібліятэк у Беларусі адзначаецца рознымі ўрачыстымі мерапрыемствамі, акцыямі, навуковымі канферэнцыямі.

У бібліятэках Іўеўскага раёна таксама запланаваны мерапрыемствы, прысвечаныя прафесійнаму святу: бібліяпрыцемкі “Баба-Яга НЕ супраць” у Іўеўскай раённай бібліятэцы (пройдуць у форме квэста для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту), бібліядзень “Россыпы кніжных скарбаў” у бібліятэцы-філіяле аг. Ліпнішкі, гутарка-разважанне “Пакінь усё і чытай” у бібліятэцы-філіяле аг. Дайліды, хвілінка славы “Непрафесійны бібліятэкар” у Іўеўскай раённай бібліятэцы, Дзень адчыненых дзвярэй “Сардэчна запрашаем у кніжны свет” у бібліятэцы-філіяле аг. Геранёны, гадзіна цікавых паведамленняў “Бібліятэка – храм часу, памяці, душы” ў бібліятэцы-філіяле г.п. Юрацішкі, сустрэча ў бібліятэцы “Дом, дзе жыве кніга” ў бібліятэцы-філіяле аг. Цэнтральная, экскурсія ў бібліятэку “Кніжная вясёлка дзяцінства” (бібліятэка-філіял аг. Ліпнішкі) і іншыя.

На працягу стагоддзяў бібліятэкар займаў важнае месца ў духоўным жыцці грамадства. На першы погляд можа здацца, што яго праца не такая значная, як праца ўрача ці настаўніка, бо канчатковы вынік у гэтай прафесіі ўбачыць адразу немагчыма, але ўвесь той уплыў, які аказвае яна на грамадства - неацэнны. І таму Дзень бібліятэк – гэта не толькі прафесійнае свята, гэта яшчэ і прызнанне важнасці гэтай прафесіі.

Асноўная работа супрацоўніка бібліятэкі звязана з сістэматызацыяй і забеспячэннем захаванасці наяўнага кніжнага фонду. Пры гэтым цяпер бібліятэкары працуюць не толькі з папяровымі кнігамі, рукапісамі, але і з электроннымі носьбітамі інфармацыі, рознымі базамі дадзеных. Таму бібліятэкар сёння выступае ў якасці правадніка, своеасаблівага пасрэдніка паміж чытачом, карыстальнікам інфармацыі па розных галінах ведаў і кнігасховішчах.

У наш век інфармацыйных тэхналогій, калі даступнасць сучасных электронных прылад і лічбавыя носьбіты інфармацыі дазваляюць ахапіць увесь бібліятэчны фонд свету, бібліятэкі і папяровыя кнігі па-ранейшаму карыстаюцца папулярнасцю і для многіх застаюцца адзінай магчымасцю азнаёміцца з неабходнай інфармацыяй або дасягненнямі сусветнай мастацкай літаратуры.

Не варта забываць, што Дзень бібліятэк адзначаюць не толькі бібліятэчныя супрацоўнікі, але і ўсе, хто не ўяўляе свайго жыцця без кніг, хто мае дачыненне да чытання, асветы. Многім людзям бібліятэкі адкрылі дарогу ў вялізны свет ведаў, навукі і чалавечай мудрасці. Высокая і высакародная місія бібліятэкара - захоўваць скарбы ведаў і перадаваць іх людзям.

Паважаныя калегі і нашы любімыя чытачы! Ад усёй душы віншуем вас з Днём бібліятэк Рэспублікі Беларусь! Жадаем усім моцнага здароўя, шчасця, цудоўнага настрою, міру і дабрабыту. Няхай вам спадарожнічае поспех і творчае натхненне!

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

 

Вольга КЕПЕЛЬ, бібліятэкар аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці Іўеўскай раённай бібліятэкі.

Читайте ещё:



Оставить комментарий