Урачысты сход і святочны канцэрт пад назвай “Пад адзіным небам”, прысвечаны Дню народнага адзінства, адбыўся сёння ў цэнтры культуры і вольнага часу. Удзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі ўлады, грамадскіх і релігійных аб’яднанняў, працоўных калектываў, моладзь.
Самае маладое дзяржаўнае свята – свята патрыятызму, узаемадапамогі, яднання ўсяго беларускага народа – мае пад сабой гістарычную аснову. Менавіта 17 верасня 1939 года стала пачаткам уз'яднання Заходняй і Усходняй Беларусі, якая была падзелена ў 1921 годзе па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора. Адноўленае ў 1939 годзе адзінства тэрыторыі краіны, сем'яў, беларускага народа ў цэлым дазволіла Беларусі з усім савецкім народам выстаяць у гады Вялікай Айчыннай вайны, заняць ганаровае месца ў міжнароднай супольнасці, стаць адным з сузаснавальнікаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.
У сваім звароте да прысутных у зале старшыня Іўеўскага райвыканкама Ігар Генец, што за апошні час самасвядомасць беларусаў прайшла шлях, на які пры іншых абставінах спатрэбіліся б гады. Падзеі, якія адбыліся ў грамадска-палітычным жыцці краіны, дапамаглі выразна ўсвядоміць, што сіла народа - у адзінстве. У яго згуртаванасці вакол нацыянальнага лідэра. І гэта ўжо не абстрактныя словы, як магло здацца яшчэ некалькі гадоў таму.
–Дзень народнага адзінства - напоўнены магутнай энергетыкай, - сказаў кіраўнік раёна. – Свята з'яўляецца сімвалам згоды і згуртаванасці розных пакаленняў беларусаў. Ён дапамагае кожнаму адчуваць плячо адзін аднаго. Не разбураць, а ствараць і памнажаць усё, што створана намі. «Прайшоўшы праз боль страт Вялікай Айчыннай вайны, разруху 90-х, гібрыдную агрэсію, развязаную сёння супраць дзяржавы, мы захавалі тое, што жыве ў сэрцы, што ніколі нельга аддаць і чым нельга паступіцца. Гэта нашая краіна – Беларусь, дзякуючы якой мы заўсёды будзем адным народам». Гэтыя зразумелыя кожнаму словы Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі знаходзяць разуменне і падтрымку ў грамадстве.
Да прысутных у зале звярнуліся старшыня раённага Савета ветэранаў Іван Жыдзель і першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Вераніка Кучынская. У сваіх выступленнях яны яшчэ раз падкрэслілі важнасць маладога беларускага свята ў сучасных рэаліях і пажадалі іўяўчанам новых працоўных здзяйсненняў.
Мерапрыемства прадоўжылася святочным канцэртам, кожны нумар праграмы якога быў напоўнены вялікай любоўю да Радзімы, Беларусі адзінай і гасціннай, якая працягвае руку сяброўства і адкрывае сваё шчырае сэрца усім народам і суседзям, усім, хто жадае жыць на зямлі мірна.
Гледачы карцэртнай залы ў чарговы раз упэўніліся, ў таленавітасці нашых работнікаў культуры. З дапамогай мілагучнай песні перады вачыма ажывала прыгажосць роднага куточка, ракой ліласся пявучая беларуская мова, а ў душы з’яўлялася адчуванне вялікага гонару за сваю Радзіму. Мы мацнейшыя, калі адзіныя, калі мы разам! Толькі ў адзінстве і згодзе, адчуваючы адзін аднаго, мы зможам захаваць незалежнасць нашай краіны!
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Ірына Бутурля.
Фота Станіслава Зянкевіча.