Сёння ў Іўі адбылося адкрыццё пякарні-кандытарскай «Сапраўдны смак», якая размясцілася па вул. Энгельса, 28.
Пасля калючага марознага паветра велізарнае задавальненне падарыць сваім рэцэптарам прыемны водар свежай выпечкі, паспрабаваць цёплы хлеб з хрумсткай скарыначкай і папесціць сябе салодкім дэсертам, запісаўшы ў памяці выдатную снежаньскую раніцу.
Гаспадыня малога бізнесу Іна Лобач палюбіла працэс прыгатавання выпечкі яшчэ ў юнацтве, калі пасля заканчэння школы пайшла працаваць кандытарам на хлебазавод.
Нягледзячы на набытую пазней прафесію псіхолага, Іна Іванаўна заўсёды выпякала дома, здзіўляла родных і сяброў прысмакамі. І аднойчы, атрымаўшы прапанову прыгатаваць выпечку на замову, задумалася аб адкрыцці ўласнай справы, якая прынясе не толькі прыбытак, але і задавальненне ад працы.
- Калі хлеб пячэш з любоўю, ён атрымліваецца асаблівым! – з натхненнем кажа Іна Іванаўна.
І людзей, з якімі жанчына працуе бок аб бок, яна таксама выбірае выключна сэрцам.
- Спецыяльная адукацыя не мае асаблівага значэння. Я ўпэўнена, што ўсяму можна навучыцца. Галоўнае – у поўнай меры, з вялікім жаданнем і творчым падыходам аддавацца сваёй справе.
Пякарня-кандытарская матэрыялізавалася з мары ў рэальнасць дзякуючы вялікай сям'і, якая ад ідэі да ўвасаблення падтрымлівала Іну Лобач. Падрыхтоўка памяшкання да адкрыцця ажыццяўлялася сваімі рукамі.
Будынак выглядае акуратна, пры ўваходзе – венецыянская тынкоўка прыемнага мятнага адцення, усярэдзіне кандытарскай – прыгожы рознакаляровы дызайн. Рамонт выкананы прафесійна і з густам.
- Мне пашчасціла з роднымі. Усе мае ініцыятывы яны заўсёды адабраюць і гатовы прыйсці на дапамогу, калі гэта патрэбна.
Муж Іны Яўген працуе вадзіцелем, сын Дзяніс – ваенны, служыць у Баранавічах. Заўсёды выручае маму і дачка Дар'я – будучы лекар, якая зараз вучыцца ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Вялікую падзяку Іна Іванаўна выказвае і другой дачцэ - нявестцы Аляксандры, якая таксама унесла свой паўнацэнны ўклад у адкрыццё бізнэсу.
Яўген Лобач
Што б ні адбывалася, адмаўляцца ад сваёй мары нельга, гаспадыня пякарні-кандытарскай ведае гэта не па чутках.
- Былі моманты, калі апускаліся рукі. Але мэта, якая натхняе – гэта вельмі важнае ў жыцці. Я не ўмею здавацца, іду толькі ўперад і без аглядкі.
Выпякаюць шэдэўры кулінарыі на месцы. Для нас прыадчынілі заслону таямніцы, каб мы змаглі ўбачыць магію на свае вочы.
Усё прадумана да дробязяў: у бізнэса ёсць інстаграм, брэндаваная форма, экалагічнае крафтавае пакаванне, розныя спосабы аплаты прадукцыі.
Пякарня-кандытарская для гаспадыні «Сапраўднага смаку» - толькі першы этап. У перспектыве – адкрыццё ўтульнага кафэ на другім паверсе. Завяршыць работы Іна Іванаўна плануе да лета.
Сёння, назіраючы шматлікіх наведвальнікаў у гэтай яскравай зале, можна пераканацца, што праца і жаданне – раўназначныя складаныя поспеху.
На вітрыне кандытарскай-пякарні велізарны выбар: чыябата, факачча - італьянскі хлеб з таматамі, праванскімі травамі і сырам, багеты, круасаны з сырам і карамеллю, слойкі з ягадным джэмам, мерэнгавы рулет, трайфлы – парцыённыя дэсерты з трапічнай і карамельнай начыненнямі, сінабоны, пірагі, кексы і другія прысмакі.
Таксама ў продажы барадзінскі, пшанічны і іншыя віды бездражджавога хлеба. Муку для прыгатавання выпечкі заказваюць у рамесніка, які сам займаецца яе памолам.
Вочы разбягаюцца і хочацца паспрабаваць адразу ўсё!
Тут можна выпіць кавы і гарбаты, саграваючыся пасля прагулкі, ці ўзяць для родных свежы хлеб і кандытарскі сюрпрыз, прыгатаваныя з вялікай любоўю і павагай да пакупніка.
Прыходзьце, каб адчуць «Сапраўдны смак», і пераканайцеся самі!
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Рыта Рэй.
Фота Станіслава Зянкевіча.