Каб вуснамі зноў да крынічкі прыпасці І іўеўскі ранак ружовы сустрэць.
З ранку над Іўем закружыла свята. Сёння разам са сваёй краінай шырока і вольна святкуем мы 75-годдзе з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Дзень незалежнасці.
У іўеўчан да гэтых вялікіх дат гарманічна прымкнула яшчэ адна – Дзень горада, 575-годдзе з дня першага ўпамінання Іўя ў пісьмовых крыніцах.
Свята пачалося ранкам у трох храмах горада: праваслаўным, каталіцкім і мусульманскай мячэці, дзе прайшлі Богаслужэнні за краіну, воінства, ва ўлады, за загінуўшых у імя Айчыны воінаў.
У 11 гадзін, бы раўчукі да агульнай ракі, працэсіі з трох храмаў накіраваліся ў цэнтр горада да памятнага знака ў гонар дабрасуседства і сяброўства людзей розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў Іўеўшчыны.
Іх віталі дыктары свята, гаражане, госці ўрачыстасці.
На плошчы адбылося адкрыццё свята “ Квітней, Беларусь мая родная”.
А затым на пляцоўцы з’явіліся ўдзельнікі патрыятычнай акцыі “Беларусь помніць”, якая прайшла ў нашай краіне і знайшла таксама водгукі ў сэрцах іўеўчан рознага ўзросту.
Інакш і не можа быць у краіне, якая першай прыняла на сябе масіраваны ўдар нямецка-фашысцкіх войскаў, якая праз усю вайну змагалася ў глыбокім тыле захопнікаў і сярод былых савецкіх рэспублік назаўжды засталася з імем рэспублікі-партызанкі.
У акцыі прынялі ўдзел кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, школ, госці горада.
Свята выказала пашану і славу нашым дарагім ветэранам, працаўнікам тылу, якія разам адстаялі свабоду і незалежнаць Айчыны.
15 хвілін над Іўем гучалі мелодыі ў выкананні ваеннага духавога аркестра. Мелодыі ваенных гадоў, песень, якія ведае і любіць кожны чалавек больш сталага ўзросту, а таксама моладзь, якая цікавіцца гісторыяй і культурай роднай краіны.
Сцяг Рэспублікі Беларусь над нашым горадам узнялі: наш зямляк, міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Андрэй Паўлавіч Худык, загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі , урач-рэаніматолаг Іўеўскай цэнтральнай бальніцы Іван Іванавіч Халява, вядучы юрысконсульт унітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства “Новы двор агра” Іна Валер’еўна Вольская.
Перад іўеўчанамі і гасцямі горада выступіў са святочнай прамовай старшыня Іўеўскага раённага выканаўчага камітэту Аляксандр Іванавіч Булак, які павіншаваў прысутных са святам, адзначыў вялікае значэнне Перамогі ў жыцці кожнага беларуса, расказаў аб тых стратах, што панесла падчас вайны наша Іўеўшчына.
Віншавалі прысутных са святам духоўныя настаўнікі горада, прадстаўнікі мусульманскай супольнасці Беларусі з МІнска. Таксама свае віншаванні выказалі і прадстаўнікі Лідскай яўрэўскай абшчыны.
Гучаць фанфары “Радзіма, мая дарагая”, якія своеасабліва апавясцілі пра пачатак тэатралізаванага мітынгу “Родны горад – горад маёй краіны” і тэатралізаванае шэсце “Плынь вякоў і наша памяць”.
І мы бы паглыбіліся ў вякі і эпохі, пачулі голас сівой даўніны, убачылі першых мусульман і іўдзеяў, якія ў марах аб лепшай долі, прыбылі на землі талерантнага і свабодалюбівага Вялікага княства Літоўскага.
У гэтых постацях, у гэтых тварах, словах і дзеяннях, якія адбыліся на плошчы, пранесліся гады і эпохі гісторыі Іўя. Іх расказалі Беларус, Паляк, Татарын і Яўрэй – тыя, што, як сказаў паэт, “скрозь ліхалецці яркім суквеццем” крочаць на нашай іўеўскай зямлі.
З’явілася на плошчы і яснавяльможная княгіня Ева, уладарка мястэчка, жонка вялікага князя ВЛК Гедыміна са сваімі ўказамі, а таксама вялікі гуманіст і мысліўца беларускага Сярэднявечча Сымон Будны…
Гісторыя дадзена для таго, каб апраўдаць сучаснасць. І на плошчы йшла размова пра гады і стагоддзі да тае пары, пакуль чорным крылом не накрыла Айчыну вялікая і страшная вайна, Вялікая Айчынная вайна савецкага народа супраць фашысцкіх захопнікаў.
Тэатральная кампазіцыя перанесла прысутных у 40-я гады.
Болем і роспачу паплылі ўспаміны пра забітых, спаленых, не прыйшоўшых з палёў бітвы.
Пра вёскі і гарады, хаты і палацы, якія разбурыла фашысцкая нечысць. Пра разбураныя і знішчаныя лёсы і жыцці.
Вечная слава героям, якія загінулі ў баях з свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Над горадам павісла цішыня хвіліны маўчання, якую падкрэслілі залпы армейскага салюта.
Да помніка салдат, партызанаў і мірных жыхароў, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі нашага раёна, ляглі кветкі і вянкі.
Як рэквіем, загучалі песні “Абеліск” і “Баллада о красках” у выкананні таленавітых Вольгі Аўдзевіч і Наталлі Лапата з Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу.
І раптам над плошчай, пасля песень болю і памяці, загучала мелодыя песні “Венскі вальс”. Як і ў той майскі дзень 1945 года ў сталіцы Аўстрыі, закружылі пары ў вальсе Перамогі. Між іншым, больш, як 70 пар прынялі ўдзел у гэтай цудоўнай акцыі.
У блакіт ліпеньскіх нябёс узляцелі паветраныя шары.
Тэатралізаванае шэсце накіравалася на канцэртную пляцоўку ля возера. У калоне йшлі ўдзельнікі акцыі “Беларусь помніць”.
Са святам, родны мой горад ! Са святам вас, з 75-годдзем вызвалення роднай Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў! На сцэне канцэртнай пляцоўкі — духавы аркестр Лідскага пагранічнага атрада.
575-годовы юбілей з нагоды першага ўпамінання Іўе у летапісе –гэта магчымасць азірнуцца на пройдзены шматлікімі пакаленнямі іўеўчан шлях, аддаць даніну памяці гістарычнаму, ваеннаму і працоўнаму подзвігу яго жыхароў, ацаніць дасягненні і акрэсліць шляхі і задачы,якія адчыняе гісторыя перад нашымі нашчадкамі.
Аб гэтым і павялі гутарку сцэнічныя героі прадстаўлення – княгіня Ева, Шляхціч.
Стала добрай традыцыяй на Дзень горада прысваіваць пачэснае званне “Ганаровы грамадзянін горада Іўе” лепшым прадстаўнікам нашага краю. Сёлета кагорта Ганаровых грамадзян горада павялічылася. За значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Іўеўшчыны, значную грамадскую дзейнасць на карысць горада, рашэннем Іўеўскага раённага Савета дэпутатаў званне “Ганаровы грамадзянін горада Іўе” прысуджана ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Мікалаю Іванавічу Данілаву і міністру прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Андрэю Паўлавічу Худыку.
Ганаровай граматай Iўеўскага раённага выканаўчага камiтэта за шматгадовую добрасумленную працу, значны уклад у сацыяльна - эканамiчнае развiццё раёна i ў сувязi з Днём Незалежнасцi Рэспублiкi Беларусь узнагароджана вялікая група прадстаўнікоў галін народнай гаспадаркі раёна. Узнагароды ўручыў старшыня Іўеўскага райвыканкама Аляксандр Іванавіч Булак.
За значны ўклад у развіццё прафсаюзнага руху Беларусі і сацыяльна – эканамічнае развіццё краіны, актыўную дзейнасць па абароне сацыяльна – эканамічных правоў і інтарэсаў членаў прафсаюзаў юбілейным медалём “115 – гадоў прафсаюзнага руху Беларусі” былі ўзнагароджаны старшыня равыканкама Аляксандр Іванавіч Булак і група прафсаюзных актывістаў Іўеўшчыны. Узнагароды ўручыў старшыня Іўеўскага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Анатоль Паўлавіч Букліс.
Свае віншаванні з вялікім дзяржаўным святам і з юбілейнай датай горада Іўе выказалі прадстаўнікі дэлегацый гарадоў - пабрацімаў Татарстана, Літвы, Польшчы, Эстоніі і Латвіі.
Вялікі канцэрт, які доўжыўся да позняга вечара¸ і ў якім прынялі ўдзел лепшыя творчыя калектывы раёна, артысты з Азнакаева (Татарстан) і заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Эскуі Абалян, стаў прыгожым абрамленнем свята.




















Выявай памяці, патрыятызма, любові да роднай старонкі стане акцыя “Спяваем гімн разам”, якая пачнецца ў 22 гадзіны вечара.
Файер-шоу і святочным салютам завяршыцца гэты цудоўны день.
В. ГУЛІДАВА.
Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.
(Дапоўнена).