Днямі на базе сацыяльнага пункта Бакштаўскага сельсавета адбылася сустрэча арганізатараў праекта "Санаторий на дому" з яго ўдзельнікамі.
Нагадаем, што праект стартаваў 1 жніўня мінулага года і ўяўляў сабой трохмесячны лячэбны курс пажылых людзей, якія маюць патрэбу ў хатнім лячэнні. На дадзены момант у свайго рода эксперыменце ўдзел прынялі ўжо дзве групы па адзінаццаць і дзесяць чалавек адпаведна. А той факт, што на сустрэчу завітала добрая палова старэйшага пакалення, сведчыць пра іх неабыякавасць да свайго здароўя і да таго, што адбываецца.
- Першаснай задачай, якую мы ставілі на пачатку, было павышэнне эфектыўнасці медыцынскай дапамогі і лячэнне пажылых людзей менавіта ў хатніх умовах, - адзначыла загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Жанна Аляксандраўна Жэбрык. - Таму цяпер мы сабраліся, каб яшчэ раз нагадаць усім прысутным, што пачатую справу трэба працягваць. Неабходна памятаць, што падтрыманне фізічнага і духоўнага стану арганізма залежыць (у большасці выпадкаў) толькі ад самога чалавека. Не спыняйцеся на дасягнутым і беражыце сваё здароўе!
Па словах урача агульнай практыкі Бакштаўскай амбулаторыі Дар'і Леанідаўны Бекіш, кожнаму пацыенту быў прызначаны індывідуальны курс лячэння, які, акрамя прыняцця лекавых сродкаў, уключаў і шэраг спецыяльных практыкаванняў: для суставаў - гімнастыка, масаж, для памяці - вершы і песні, для здароўя ўсяго арганізма - фітачай.
- Хвароба не шкадуе нікога, таму цяжкія выпадкі таксама ёсць, - дзеліцца Дар'я Леанідаўна. - На душы становіцца лягчэй, калі пацыент, які, здаецца, яшчэ ўчора не мог падняцца з ложка, пасля лячэння ўжо самастойна перамяшчаецца па хаце. Узнікае жаданне дапамагаць яшчэ больш. Безумоўна, у сілу ўзросту пацыентаў ніхто і не абяцаў 100-адсоткавага адужання, аднак большасць з іх перасталі скардзіцца на болі ў суставах, павышаны артэрыяльны ціск.
- Для людзей, якія маюць праблемы з пазваночнікам, добра падыйдзе "скандынаўская хада", - далучаецца да размовы псіхолаг ТЦСАН Іна Іванаўна Лобач. - Для Беларусі гэта яўленне новае, але, галоўнае, што эфектыўнае. Уяўляе сабой від фізічных практыкаванняў, прагулкі на свежым паветры з парай мадыфікаваных лыжных палак. Для таго, каб зняць эмацыйную нагрузку, раю прысутным збірацца кампаніямі, каб за кубкам гарачай гарбаты пагутарыць на хвалюючыя адзін аднаго тэмы. Памятайце, патрэбу ў зносінах адчувае кожны чалавек.
Было што сказаць і прысутным. Словы падзякі выказала Галіна Іванаўна Селюн. Жанчына сказала, што адчувае сябе значна лепш, і праігнараваць той факт, што агульны стан здароўя палепшыўся, таксама не можа. Гэта адчувалася, бо як не паверыць чалавеку, у вачах якога агеньчыкі, а на твары - усмешка. Хуценька падхапіла размову і Галіна Кірылаўна Чэрнік. У жніўні гэтага года жанчыне споўніцца ажно 88 год, а яна, нібы кветачка, прыгожая і напоўненая сіламі.
Дарэчы, 1 лютага ў рамках праекта была сфарміравана трэцяя група, якая налічвае сем чалавек. Адзначу: аналагаў праекта ў іншых сельсаветах пакуль няма, але, думаецца, што стварэнне чагосьці падобнага павінна быць у прыярытэце.
В. ЗАЕНЧКОЎСКАЯ.