Шмат у нашай краіне маецца населеных пунктаў з назвай Крывічы. І не дзіўна зусім… Яны прыйшлі на гэтую зямлю тысячу і яшчэ некалькі стагоддзяў таму. Далі імёны яе рэкам і пушчам, далі імёны паселішчам, з якіх выраслі нашы гарады, далі аснову нашай мове. Яны пакінулі нам - нас, у нашых жылах цячэ іх кроў. Пакінулі свае гарадзішчы на азёрных выспах, свае курганы ў лясах, свае свяцілішчы і сваіх багоў…
Крывічы, дрыгавічы, радзімічы - з іх вырас беларускі народ. І таму па ўсёй нашай краіне ёсць вёскі і вёсачкі, нават гарадскія пасёлкі з назвай Крывічы. Гэта як памятка аб нашых прашчурах, аб сівой даўніне, аб вытоках нашых, аб добрых і працавітых людзях, якія, бадай, і засталіся такімі праз стагоддзі.
Ёсць і на Іўеўшчыне населены пункт з гэтай назвай. Некалі да таго, як пабудавалі дарогу на Навагрудак, гэта была вёска за Нёманам, за лесам, у якую можна было трапіць толькі на пароме. Снаваў ён туды, назад. Калі змяльчэе вада ў адным месцы, перацягвалі на больш глыбокае. Зусім адарваная ад раёна, вёска хутчэй адносілася да Навагрудскага раёна, аднак была нашай. А зараз па добрай дарозе, па мосце дык і зусім блізка - нейкіх 10 кіламетраў.
Крывічы, як і многія прынёманскія вёскі, будаваліся па-асабліваму. Не адной вуліцай, як большасць нашых вёсак, а астраўкамі: там, сям. А з цягам часу ўжо і вуліцы (некалькі вуліц) вырысаваліся, і маленькія мікрараёнчыкі таксама. Вось у Крывічах і сёння можна пачуць:" Схаджу на Загорку, ў Гарэлікі, Бардзіцішкі, на Сельшчыну, Дзям'янаўшчыну, у Цыбулі…" Напэўна, былыя жыхары вёскі ведалі ад дзядуль і бацькоў, чаму так названы часткі паселішча, аднак зараз памяць пра тое адыходзіць разам са старажыламі.
У добрыя часы вёска налічвала 220 і больш двароў і хацін. Там жылі добрыя працавітыя людзі, якія мелі вялікія сем'і. Адарваная ад усяго раёна, нёманская вёска жыла насычаным і змястоўным жыццём. Перапоўненай была базавая школа, кіравала якой Заслужаная настаўніца школ БССР, легендарны педагог Іўеўшчыны Галіна Іосіфаўна Жураўская. Якія веды давала тая прынёманская школа, якія людзі з яе выйшлі! І бібліятэка была, і клуб свой. А Купалле вяскоўцы рабілі без работнікаў культуры. Менаві-та ў купальскую таямнічую ноч тое свята рабілі, традыцыі якога прыйшлі ад бацькоў. Вёска вялікая, то вогнішчы, кастрышчы, пляцоўкі для Купалля ладзіліся ў розных яе канцах на беразе Нёмана. І плылі вянкі дзяўчат, і луналі над хвалямі купальскія песні…
Светлыя і адначасова сумныя атрымліваюцца ўспаміны. Таму што тое жыццё, якое бруіла ў абасобленай ад усіх вёсцы адышло ў гісторыю. Калі калгас "Прынёманскі" далучылі да філіяла "Азот Агра" УСП "Новы Двор-Агра", яно пачало затухаць, хоць і дарога, і мост, і даехаць лёгка…
Палі перасталі засяваць сельгаскультурамі, пасадзілі новы лес. А людзі соткі перасталі садзіць. Немагчыма абрабіць. Калгаса тут няма, няма тэхнікі, няма, зрэшты, і сіл у старэючых жыхароў. Кароў таксама не трымаюць. Ёсць і маладыя, канешне, сем'і, але сталых людзей больш.
…Мы размаўлялі пра ўсё гэта з маладым прадстаўніком вёскі, сацыяльным работнікам Наталляй Міхайлаўнай Рагач, якая паспытала шчасця і ў горадзе, а гадоў пятнаццаць назад разам з мужам Юрыем Пятровічам, які таксама працуе сацыяльным работнікам, вярнуліся ў Крывічы.
А затым мы сустрэлі на вуліцы (на яе гародчыку) і старасту вёскі, былога працаўніка канторы мясцовага калгаса "Прынёманскі" Лідзію Канстанцінаўну Найдзен. Жанчына актыўнейшай жыццёвай пазіцыі, у якой баліць душа за кожны, нават самы маленькі, нюанс жыцця Крывіч.
Зараз, як яны расказалі мне, у вёсцы 42 жыхары і амаль столькі ж дачнікаў, якія ахвотна скупляюць старыя сядзібы, прыводзяць іх да ладу. Гэта і чужыя людзі, і дзеці былых гаспадароў. І вёска ажывае ад іх прысутнасці. І не адзін-два чалавекі прыходзяць да аўталаўкі, як бывае зімой і позняй восенню, а бывае, што і цэлы натоўп. І пагавораць, і пасмяюцца разам. Праўда, апошнім часам, як і паўсюдна, бывае, і спрэчкі разгараюцца. Неспакойна ў краіне, неспакойна і сярод людзей.
Лідзія Канстанцінаўна, дзіця вайны, якая паспытала ў жыцці шмат цяжкасцей, вырасла без бацькі, усёй душой жадае роднай зямлі спакою і міру, падтрымлівае дзейнічаючую ўладу. І кажа, што старэйшае пакаленне не хоча ніякіх сутычак, ніякіх войнаў. У часы Вялікай Айчыннай вайны 23 марта 1945 года загінуў яе бацька, 7 мая - родны дзядзька. Пасля Перамогі ўсе дзеці-крывічане бегалі штодня да парома сустракаць бацькоў з фронту. Яны прыязджалі ў Морына, а затым на пароме перапраўляліся ў родную вёску. І стайкі дзятвы днямі да цямна сядзелі на беразе ў чаканні сваіх татаў…
Лідзія Канстанцінаўна памятае, як вяртаўся сусед, які ваяваў разам з бацькам. І які бачыў, што той загінуў (чамусьці вельмі доўга не было паведамлення). Мужчына сышоў на бераг, спытаў, чые яны, і сказаў:"Пайшлі, дзеткі, дамоў, сёння ўжо салдаты не прыплывуць". Іх салдат не прыплыў больш ніколі… Таму выказванне "Абы не было вайны", які маладыя часам успрымаюць скептычна, для такіх людзей носіць глыбокі сэнс. А зараз і ўнук яе збіраецца служыць тэрміновую службу. Няхай нашы салдаты будуць салдатамі мірнай дзяржавы.
Непакояць вяскоўцаў і іншыя праблемы. У адным канцы вёскі нам расказалі і паказалі, што дачнікі выкапалі асабіста для сябе дзесьці 5-6 сажалак. Асобныя ля самай дарогі. Тыя вадаёмы зараслі цінай, зацягнуліся балотам. А вось прыроднае возера змяльчэла ад іх дзеянняў дзесьці на метр. У 70 працэнтах калодзежаў прапала вада. Інспекцыя па ахове прыроды, па словах вяскоўцаў, ведае пра тое, аднак жа нічога не мяняецца.
У другім канцы вёскі жанчыны расказалі пра тое, што ў іх перастаў працаваць ФАП. Яны гатовы за свае сродкі і рамонт там рабіць, і паліва для печак купляць. Іх жа на пастаяннай аснове тут жыве дастаткова шмат - 42 чалавекі, а ўлетку, наогул, чалавек пад двесце. Неяк на іх скаргі крывічанам адказалі. што ніхто не жадае ехаць сюды працаваць. А падтрымаўшая нашу гутарку 57-гадовая дачніца, медык па адукацыі, сказала, што яна б згадзілася пераехаць сюды і стаць сельскім медыкам. Чаму не?!
З гэтым пытаннем крывічанам, канешне ж, патрэбна звярнуцца да галоўнага ўрача Іўеўскай раённай бальніцы Івана Сяргеевіча Глаза. Толькі ў яго кампетэнцыі вырашэнне падобных пытанняў. А вяскоўцы маюць рацыю.
Дом агульнага спакою і ладу

Дапамагае наладзіць быт гэтага незвычайнага дома Наталля Міхайлаўна Рагач. Яна не толькі сацыяльны работнік гэтых сямі чалавек. Яны, 60-гадовыя і старэй, называюць яе сваёй мамай. Ну хто, як не мама, і бліноў з маслам ранкам напячэ, і пірагоў намесіць, і слова добрае скажа?!
"Абед на стале. Збірайцеся есці!" - крыкне яна з кухні. А ёй у адказ:"Крышку пазней. Суд ідзе."
Гэта значыць, што яе падапечныя глядзяць сваю любімую праграму "Суд ідзе". Таму абед часам і стыне на стале.
На гародзе і ў цяпліцы яны дапамагаюць, як могуць Наталлі МІіхайлаўне. І, канешне ж, дапамагае жонцы і гэтым людзям і Юрый Пятровіч Рагач.
65-гадовы Станіслаў Баляслававіч і 70-гадовы Іван Іванавіч адказваюць за паліў, рыхленне і апрацоўку кустоў, перасадку кветак. Тут, як у разумнай сям'і, дзе ўсе работы размеркаваны па сіле і магчымасцях, і дзе за сталымі людзьмі прыглядаюць клапатлівыя і сардэчныя маладыя.
Менавіта такімі і з'яўляюцца муж і жонка Рагачы. Наталля Міхайлаўна ладзіць і святы сваім падапечным. Гэта дні нараджэння, Вялікдзень, Каляды, Новы год. Гэта застолле, на якім бывае і шампанскае.
Тут усё агульнае. Замкоў няма. Ніхто не бярэ нічога ўпотайкі. А калі прыязджаюць сваякі ці ўнукі, прывозяць гасцінцы, то насельнікі дома сумеснага пражывання прыносяць іх на стол у кухні - частавацца ўсім.
У гэтай вёсцы з такой цудоўнай, старадаўняй, сімвалічнай назвай знайшлі гэтыя людзі другі дом, дзе цяплей, дзе святлей, няма адзіноты і маркоты. Можа яно і лепш было б з роднымі. Ды так атрымалася. Але, як бачна, атрымалася зусім не блага.
В. ГУЛІДАВА.
Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.