Памятаю свае адчуванні, калі ўпершыню ўбачыла цягнік. Доўгай змейкай ён цягнуў за сабой бясконцую колькасць вагонаў, скіраваны некуды наперад. Яго працяжны свісток заўсёды вабіў маленькую дзяўчынку, клікаў да сябе і сваёй моцы. А ўжо тады, каб не спазніцца, бегла на гэты гук і выпраўляла яго ў дальнюю дарогу. Прайшло шмат гадоў з тае пары, але назіраць за цягнікамі да гэтага часу не перастала. Ёсць у гэтым нейкая рамантыка: грукат колаў, пейзажы, якія так хутка мяняюцца за акном, пагружаюць у бясконцыя думы. Чаго толькі вартыя доўгія развітанні на пероне… І гэта тычыцца не толькі нас з вамі.
Ёсць людзі, якія назіраюць за гэтым кожны дзень. Сустракаюць і тут жа выпраўляюць у дарогу ўсё новых і новых пасажыраў, прымаюць цягнікі і сочаць за тым, каб у іх рабоце не было ніякіх збояў, ствараючы тую самую рамантыку. Работнікі чыгункі ведаюць, што ад іх залежыць многае, таму кожны з іх - чалавек адказны і з высокім пачуццём абавязку.
Вось ужо больш за стагоддзе існуе і дзейнічае чыгуначная станцыя Юрацішкі, гісторыю якой прадаўжаюць 7 штатных работнікаў: начальнік станцыі, 2 дзяжурных па станцыі, 3 прыёмаздатчыка грузу і багажу з выкананнем абавязкаў білетных касіраў, станцыйныя рабочая. Асаблівая і важная роля таксама ў манцёраў пуці пад кіраўніцтвам дарожнага майстра і электрамеханіка з электраманцёрам.
Штогод на станцыі вядзецца вялікі аб'ём грузавой працы. Гэта і пагрузка леса Іўеўскім лясгасам, Бакштанскім участкам ААТ "Мастоўдрэў", і адгрузка збожжа Іўеўскім ПУ ААТ "Лідахлебапрадукт", а таксама пагрузка цукровых буракоў з далейшым прызначэннем на жабінкаўскі цукровы завод. Так, напрыклад, за 2016 год пагрузка склала 2424 вагоны, за 7 месяцаў 2017 года - 1019 (гэта 42497 тоны груза). У сувязі з правядзеннем работ па ўстаноўцы лініі электраперадачы, якая праходзіць і праз мясцовасці юрацішкаўскай станцыі, вядзецца выгрузка жалезных канструкцый з вагонаў. Акрамя гэтага курсіруюць і пасажырскія цягнікі напрамкаў "Гродна-Віцебск", "Гродна-Магілёў", "Гродна-Мінск" і часам "Гродна-Масква".
Зараз у планавым парадку ідзе рамонт пуці на перагонах Юрацішкі-Гаўя, Юрацішкі-Багданаў, замена стрэлачных перакладаў на самой станцыі. Дадзеныя работы патрабуюць асаблівай адказнасці, зладжанасці, вопыту. Усё гэта ёсць у работнікаў юрацішкаўскай станцыі: начальніка ўчастка П4-8 М. Каскевіча, дарожнага майстра станцыі В. Сільвановіча, брыгадзіраў і манцёраў пуці, а таксама старэйшага электрамеханіка В. Звярко, электраманцёра В. Андрукевіча, манцёраў В. Сакаловіча, які, дарэчы, у гэтым годзе быў заахвочаны за добрую працу ў гонар прафесійнага свята.
Нельга не адзначыць калектыў станцыі, які адрозніваецца згуртаванасцю, адказнасцю і, што самае галоўнае, вопытнасцю сваіх работнікаў. Большая частка з іх працуе ў гэтай сферы больш за 20 гадоў. Нават нягледзячы на тое, што прыёмаздатчыкі грузу і багажу з выкананнем абавязкаў білетных касіраў І. Яновіч і І. Каспяровіч далучыліся да калектыву трохі пазней, у ведах сваіх абавязкаў яны нічым не саступаюць іншым.
На цяперашні час на станцыі вядзецца рамонт, ствараюцца лепшыя ўмовы як для пасажыраў, так і для работнікаў. З 2010 года станцыя Юрацішкі падключана на ДЦ (дыспетчарскую цэнтралізацыю). Акрамя гэтага, ў планах - падключэнне сістэмы "Экспрэс" для продажу праязных дакументаў.
Яшчэ раз пераконваюся у тым, што калі ёсць любімая праца, дружная сям'я, згуртаваны калектыў, разуменне і падтрымка, любыя цяжкасці хоць бы што. І я ўпэўнена, што зялёнае святло станцыі Юрацішкі будзе яшчэ доўгія гады вітаць сваіх выпадковых і невыпадковых гасцей.
А. ШЫМКО.
Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.