Юнакі з Іўя прынялі ўдзел у 28-м Міжнародным турніры па міні-футболу сярод дзяцей і моладзі, што адбыўся ў суседняй Рэспубліцы Польшча, і вярнуліся дамоў з перамогай сярод каманд сваёй узроставай катэгорыі.
Традыцыйна турнір праходзіць у Акадэміі фізічнага выхавання ў сталічнай Варшаве. Іўяўчане не першы год прымаюць удзел у гэтым турніры дзякуючы ініцыятыве і клопатам пробашча парафіі Св. апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі ксяндза Яна Гавецкага.
Трэба адзначыць, што ў гэтым годзе турнір сабраў больш за пяцьдзясят каманд з Польшчы, Беларусі, Украіны і Літвы. Разам з іўяўчанамі беларускую моладзь прадстаўляла яшчэ адна каманда - з г. Гродна. І іўяўчанам (каманда юнакоў 2003 года нараджэння), і гродзенцам (2002 г.н.) пашчасціла стаць пераможцамі ў сваіх катэгорыях! Серыю гульняў яны правялі ў самы першы дзень спаборніцтваў 28 студзеня.
Акрамя каманднай перамогі іўяўчане вызначыліся і асабістым дасягненнем: лепшым сярод бамбардзіраў ва ўзроставай катэгорыі 2002-2003 г.н. прызнаны ігрок Антон Дубовіч.
Узнагароды пад гукі беларускага дзяржаўнага гімна ўручыў біскуп Варшаўска-Пражскай дыяцэзіі.
Т. Болатава.
Фота Я. Гавецкага.