Язык:

А там, за лясамі, Бялымшчына (частка 2). Краязнаўца Алег Ігліцкі працягвае падарожжа па малой радзіме

О малой родине

Працягваем цікавае падарожжа па малой радзіме краязнаўцы Алега Ігліцкага.

Радавод Паплаўскіху гісторыі Бялымшчыны

Меншы родны брат Сцяпана Паплаўскага Іосіф быў па прафесіі інжынер, працаваў намеснікам дырэктара завода ў Вільнюсе. Родная сястра Яўгенія пражывае ў Вільнюсе, да пенсіі працавала на швейнай фабрыцы.

Злева направа Іосіф Паплаўскі, Рэгіна і Уладзіслаў Хаткевічы з децьмі Тарэсай і Ясяй, Эдуард Паплаўскі. 1965 год


Дзядзька Сцяпана Паплаў-скага Людвік, родны брат бацькі Браніслава, жыў з жонкай Стэфанідай ў Бялымшчыне і мелі яны двух сыноў – Іосіфа і Эдзіка, дачок Рэгіну і Яніну. Калі сыны сталі дарослыя, бацька пакінуў хату ў Бялымшчыне сыну Іосіфу, а сам купіў сабе хату ў вёсцы Шаркуці і пераехаў туды жыць з сям’ёй. Эдзік працаваў ветсанітарам у саўгасе “Жамыслаўль”. З жонкай Янінай яны гадавалі дзяцей: сына Юзіка, дачок Дануту, Крысціну, Ірэну. Але потым жыццёвыя планы памяняліся. Бацька і маці Людвік і Стэфаніда, сем’і Эдзіка, Рэгіны і Яніны выехалі ў Польшчу.

Злева направа Яніна Паплаўская (Кропа), Іосіф Паплаўскі, Іосіф Кропа, дзеці Кропаў Генадзь і Анастазія, Эдуард Паплаўскі. 1965 год

Жыхаркі Бялымшчыны. Стэфанія Паплаўская з сяброўкай. 1940-я гады

Сын Іосіф, які застаўся з сям’ёй у Бялымшчыне, працаваў у будаўнічай брыгадзе саўгаса “Жамыслаўль”. З жонкай Хеленай яны выгадавалі пяцёра дзяцей: дачок Алену і Тарэсу, сыноў Эдзіка, Сцяпана і Анастаса. Алена пражывае ў Вільнюсе і працуе з сынам Дзімам на прадпрыемстве. Дачка Тарэса пражывае з сынам Валодзем у вёсцы Мількі Трабскага сельсавета, да пенсіі працавала ў паляводстве. Сын Эдзік пражываў у Шаркуцях з жонкай Галінай, пры жыцці працаваў жывёлаводам саўгаса “Жамыслаўль”. Трагічна загінуў. Іх дачка Таццяна пражывае ў Жамыслаўлі, дачка Наталля – у Эйгердах, сын Станіслаў – у Лідзе. Сын Іосіфа і Хелены Сцяпан пражываў у Бялымшчыне, сям’і не меў, пры жыцці працаваў у будаўнічай брыгадзе саўгаса “Жамыслаўль”.

Бялымшчынскія хлопцы Анастас Паплаўскі і Лёня Юралевіч

Анастас Паплаўскі ў час службы ў Савецкай Арміі. 1965 год

Старшы сын Паплаўскіх Анастас, 1947 г.н., пасля заканчэння Жамыслаўльскай школы і Ашмянскага СПТВ пайшоў працаваць на трактар МТЗ-80 у брыгаду “Раманы” саўгаса “Жамыслаўль”. У 1969 годзе Анастас ажаніўся з дзяўчынай Лідай, 12.04.1953 г.н., з вёскі Дзядзічы Трабскага сельсавета. А ў 1970 годзе маладая сям’я, як і многія тады ў часы СССР, вырашыла пашукаць сваё шчасце ў іншай рэспубліцы Саюза і паехала ў Латвію. Месцам пражывання выбралі горад Лімбажы ў 78 км ад Рыгі. Уладкаваліся працаваць на торфанарыхтоўчы завод. Тут выраблялася розная прадукцыя: торф расфасоўвалі ў мяшкі як паліва і з дабаўкамі мінеральных угнаенняў для падкормкі раслін, выраблялі торфабрыкет. Адсюль палівам забяспечвалася Рыжская ТЭЦ.

Анастас і Лідзія Паплаўскія
з дзецьмі Станіславам і Таццянай

Анастас працаваў тракта-рыстам-машыністам на нарыхтоўцы торфу. Жонка Лідзія Пятроўна закончыла ў 1978 годзе завочна Калінінградскі горны інстытут і працавала на торфазаводзе майстрам. Заробкі на прадпрыемстве былі высокія. Сям’я Паплаўскіх пабудавала ў Лімбажы двухпавярховы дом. Двор патанаў у кветках, дзякуючы клапатлівым рукам гаспадыні.
Але ў 1991 годзе адбыўся распад СССР. Паплаўскія маглі застацца ў незалежнай Латвіі, ніхто іх адтуль не выганяў. Лідзія Пятроўна дасканала ведала латышскую мову. Паплаўскія сябравалі з латышамі, у час працы на заводзе часта ездзілі на экскурсіі па гарадах СССР.
Але Анастас Паплаўскі настаяў сям’і вярнуцца на радзіму ў Беларусь. І яны вярнуліся ў 1992 годзе. Месцам пражывання выбраў Шаркуці каля Жамыслаўля. Ён вельмі любіў гэтую вёску ў маляўнічым месцы на беразе Гаўі, бо тут праводзіў свае дзіцячыя і юнацкія гады ў дзеда Людвіка і бабулі Стэфаніды.
Але пераезд на радзіму прынёс сям’і шмат турботаў і цяжкасцяў. Анастас пайшоў працаваць у саўгас “Жамыслаўль” трактарыстам. Трактара на той час яму не было. І ён, як чалавек тэхнічна здольны, творчы, не паленаваўся, аб’ехаў брыгадныя трактарныя станы саўгаса, сабраў асобныя агрэгаты гусенічных трактараў, а потым з іх сабраў гусенічны трактар і пачаў працаваць у полі. Потым перайшоў на калёсны трактар, працаваў зваршчыкам у мехмайстэрні ў Жамыслаўлі, перад пенсіяй – вартаўніком.
Жонка Лідзія Пятроўна таксама працавала ў саўгасе вартаўніком. Жылля не было, і сям’я часова пражывала ў флігелі былога палаца графаў Умястоўскіх. А пасля работы і ў выхадныя дні сваімі сіламі сям’я будавала ў Шаркуцях вялікі і прасторны дом.
Парушыўся жыццёвы ўклад і ў дзяцей Паплаўскіх. Дачка Таццяна з рускамоўнай школы ў Лімбажы прыйшла вучыцца ў 9 клас беларускамоўнай Жамыслаўльскай сярэдняй школы. Сын Станіслаў закончыў сярэднюю школу ў Лімбажы, а ў 1989 годзе – Рыжскае чыгуначнае вучылішча па спецыяльнасці машыніст поезда. Працаваў у Лімбажы памочнікам машыніста, перавозіў таварныя саставы па рэспубліках Прыбалтыкі да 1992 года.
У саўгасе “Жамыслаўль” Станіславу прыйшлося змяніць прафесію. Па сённяшні дзень ён працуе вартаўніком у КСУП “Суботнікі”, а ў перыяд уборачнай кампаніі пераходзіць на абслугоўванне зернесушыльнага комплекса ў Суботніках. Станіслаў Паплаўскі пражывае з жонкай Таццянай у вёсцы Шаркуці ва ўласным доме. Вядуць хатнюю гаспадарку, дапамагаюць дзецям і ўнукам. Іх дачка Крысціна пражывае з сям’ёй у Гудах Лідскага раёна, дачка Алёна пражывае з сям’ёй у Лідзе. Меншая дачка Карына закончыла Лідскае педвучылішча, набыла прафесію настаўніка пачатковых класаў. Пражывае з мужам у Геранёнах і працуе выхавальнікам дзіцячага сада.
Дачка Лідзіі Пятроўны Паплаўскай Таццяна закончыла Жамыслаўльскую сярэднюю школу і Міжнародны гуманітарна-эканамічны інстытут па спецыяльнасці бухгалтар. Ужо 21 год працуе вядучым бухгалтарам ВА “Інтэграл” у Мінску. Пражывае з сям’ёй у горадзе Фаніпаль Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці.
У 2012 годзе не стала Анастаса Іосіфавіча Паплаўскага. Але Лідзія Пятроўна, паспытаўшая шмат цяжкасцяў на сваім шляху, не падае духам. Адна вядзе гаспадарку ў Шаркуцях. Трымае дзве каровы, чатыры казы і чацвёра казлянят, курэй. Яе аптымізму і дзелавым якасцям могуць пазайздросціць маладыя. Бо яна паказвае прыклад маладым жыхарам Жамыслаўля і Шаркуцёў, як не сумаваць у вёсцы, а жыць і працаваць з карысцю для сябе і сваіх дзяцей. Адной было б цяжка справіцца, але дапамагаюць у працы сын Станіслаў, хлопец з Таруцяў Часлаў Васілеўскі.
Веру, што радавод Паплаўскіх будуць дастойна працягваць дзеці і ўнукі і далей пісаць свой радаводны летапіс. А мы працягнем падарожжа ў вёску Бялымшчына.

Сялянскаму роду не было пераводу

Пісаць пра вёску Бялымшчына, якая ўжо не існуе, вельмі цяжка, бо няма ўжо тых, хто мог бы расказаць гісторыю свайго пасялення, пра жыццё і лёсы аднавяскоўцаў. Апошні жыхар Бялымшчыны Віктар Іосіфавіч Юралевіч пражыў каля 90 гадоў і памёр у пачатку 2010-х.
У аграгарадку Трабы мне ўдалося адшукаць былую жыхарку Бялымшчыны Яніну Іосіфаўну Юралевіч (дзявочае прозвішча Кудзін), 20.06.1940 г.н. Яна пражыла ў Бялымшчыне амаль усё жыццё і расказала пра многае перажытае асабіста і жыхарамі вёскі, бо тут яна ведае кожную сцяжынку, дом і кожнага чалавека.
Вёска Бялымшчына, як вядома з раённай кнігі “Памяць”, была пабудаваная на месцы фальварка Суботніцкай парафіі ў другой палове ХVIII ст. каля лясной дарогі з Жамыслаўля на Трабы. Лясы, нізіны ды балоты пакрывалі гэтую мясцовасць. І толькі ў 1960-я гады ХХ стагоддзя тут была пабудаваная гравійная дарога, якая злучыла Жамыслаўль з Трабамі працягласцю 12 км. Вёска стаіць пасярэдзіне гэтага шляху: 6 км да Жамыслаўля і 6 км да Трабаў.
Вырабленай каля Бялымшчыны на месцы лясоў зямлі было няшмат. 50 га поля ў адной плошчы і цяпер апрацоўваюцца КСУП “Суботнікі” па левы бок дарогі за лесам. 4 га вырабленай зямлі сяляне апрацоўвалі па правы бок дарогі за хатай Паплаўскіх.
Каля Бялымшчыны няма ні возера, ні рэчкі. На былой сенажаці, дзе калісьці вяскоўцы касілі сена для ўласных кароў і коней, захавалася каля 5 штучных мачул, дзе калісьці ільнаводы вёскі мачылі ў вадзе лён, каб адбяліць валакно, зрабіць яго мяккім. Тут бялымшчынскія жанчыны паласкалі бялізну, а дзеці купаліся ў спякотныя летнія дні.
Вясенняй забавай для бялым-шчынскіх дзяцей быў калісьці ручай, які жывілі снегавыя і дажджавыя воды. Ён цёк калісьці з нізіны за бялымшчынскім полем у канаву каля вёскі Раманы, жывіў у вясеннюю паводку раку Гаўя. Таго ручайка ўжо даўно няма. Ён застаўся ў памяці жыхароў Бялымшчыны як светлы напамін аб дзяцінстве.
Землі ў Бялымшчыне пясчаныя, бедныя. Жыхары атрымоўвалі ўраджай, дзякуючы арганічным угнаенням і стараннаму догляду пасеваў. З ХІХ ст. вёска фактычна не развівалася. Тут было 12 хатаў, жыло 12 сямей.
У савецкі час жыхары Бялымшчыны карысталіся аб’ектамі сацкультбыту за 1 км у бліжэйшай вёсцы Раманы. Тут працавалі клуб і бібліятэка, саўгасная баня, магазін, пачатковая школа, мехдвор трактарнай брыгады “Раманы” саўгаса “Жамыслаўль”.
Жыхары Бялымшчыны адно-сіліся да суботніцкай парафіі касцёла Святога Уладзіслава, памерлых хавалі на могілках у Суботніках.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Алег ІГЛІЦКІ. (Працяг будзе).

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Реклама

В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@ivyenews.by

Тел/факс: (01595) 6-96-40

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.