ivyenews.by

Шлюбная «пячатка». Гумарэска Галіны Нічыпаровіч

АРТ. Литература/кино/театр/музыка/живопись
Адным у жыцці не шанцуе з суседзямі, другім – з сябрамі, а калі чалавек не ў ладах з імем? Хаця бацькі заўсёды хочуць як лепш… Маёй гераіне далі яго ў гонар славутага дзеда. Здаецца, і насіць трэба з удзячнасцю, аднак… Фядора з дзяцінства не ўзлюбіла сваё імя, а таму адклікалася толькі на кароткае Дора. Людзі прывыклі.

Калі жыццё хоча пажартаваць над чалавекам, то знойдзе магчымасць. Так здарылася і ў яе жыцці. Пакахала хлопца па імені Фядот. Суседзі казалі, што чорт не адну  пару лапцяў стаптаў, пакуль гэту пару сабраў, але ж справіўся. Як гаспадар, да работы ён быў хваткі, майстар на ўсе рукі ( дзе што прыбіць, прыкруціць, паправіць…), і ў чарку рэдка глядзеў (праўда, метка: мог на тыдзень «зарадзіць», а потым з паўгода ў рот не браць).  Шанаваў ён Дору сваю – не казаў ёй слова лішняга ўпоперак, дачку адзіную песціў…   

Дык вось. Вяселле ёй, той адзінай, вырашылі ў рэстаране спраўляць, каб і самім паглядзець, што ж гэта такое, па гарадскому, з шыкам, і ўсім блізкім паказаць, каб паглядзеў народ ды запомніў… 

Не без таго – сталы былі багатыя, музыка адмысловая, пара прыгожая, тамада гаваркі і нават не пустазвон,танцы, можна сказаць, – да ўпаду… Гасцям пасля такога застолля раз′язджацца не хацелася, але ж падагналі аўтобус, у дарогу бацькам ды радні маладыя паклалі поўныя пакеты рознай смакаты – і з выпіўкі, і з закускі… А да ўсяго на пярэдняе сядзенне паставілі паднос з добрай паловай вялікага прыгожага торта.

Даўгавата развітваліся – абдымаліся, цалаваліся, выбачаліся па адным, па чарзе заходзілі ў аўтобус, займалі месцы. Фядот не мог налюбавацца  дачушкай, абдымаў зяця, нешта абяцаў, размахваючы рукамі уваліўся апошнім у аўтобус, бо на радасцях добра закінуў за каўнер, плюхнуўся на … першае ж.

Не адразу, бедны, зразумеў, што нешта не так. Чаму пад «пятай кропкай» так мякка і мокра?.. Прыпадняўся, каб паглядзець: ніжні слой торта быў «расплюшчаны» па сядзенні, верхні, рознакаляровы, моцна трымаўся на ягоным парадным пінжаку і гэткіх жа портках…Фядот  паспрабаваў быў змахнуць гэтае дабро – ледзь не па локаць спэцкаў руку. На аўтапілоце, як той казаў, злізаў трохі крэму са свайго вялікага пальца, усімі малымі паралельна шчодра запэцкаў твар…

Народ у аўтобусе, гледзячы на гэта, заходзіўся ад рогату! Шыбы звінелі!.. Хіба Дора не ведала, смяяцца ёй альбо плакаць. І што зараз рабіць, што казаць?

Самым першым апомніўся іх кум (хросны бацька нявесты), знайшоў патрэбныя словы: уголас прызнаў, што вось гэткай «пячаткай» шлюб дагэтуль ніхто не мацаваў! Значыць, добрая, шчаслівая сям′я ўтварылася!

…Ці трэба казаць, што дзеля гэтага бацька маладой зрабіў бы ўсё! Аднак тады, па дарозе з вяселля, ад яго патрабавалася зусім няшмат: ехаць стоячы  (і, вядома ж, тварам да людзей) ды час ад часу адбрэхвацца на кпіны ды рогат вясельчакоў.   

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Галіна Нічыпаровіч.

Читайте ещё:



Оставить комментарий