ivyenews.by

Што ў цябе ёсць, акрамя мовы, з якой складаюцца твае думкі і словы? Беларускія дзеячы пра родную мову

Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову. (Я.Колас)

Роднае слова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет. (Я.Колас)

Трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і ўмець дасканала валодаць ёю. (Я.Колас)

Кожны народ мае свой гонар. Англічанін перад усім светам горда вызначае: я – англічанін! Тое самае скажа француз, немец, аўстрыец, рускі і іншыя прадстаўнікі другіх нацый. А мы, беларусы, не адважываемся празнацца ў тым, што мы – беларусы. Бо на галаву беларускага народа, як вядома, многа выліта памыяў, годнасць яго прыніжана і мова яго асмеяна, у яго няма імя, няма твару. (Я.Колас)

Толькі праз родную мову чалавек можа стаць беларусам, бо ў ёй хімія і фізіка, гісторыя і батаніка, эканоміка і культура таго, што называецца нацыяй, народам. (Я.Сіпакоў)

Мова – гэта вялікі народны скарб. Яе нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ.(І.Мележ)

Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму – на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае – гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць – калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны – гэта родная мова. (З.Бядуля)

Хто не шануе родную мову, той не шануе сябе самога, ні свой род, ні сваіх дзядоў-бацькоў, якія той жа мовай гаварылі. (В.Ластоўскі)

Хто саромеецца роднай мовы, варты таго, каб і яго добрыя людзі саромеліся. (В.Ластоўскі)

Яно добра, а нават і трэба знаць суседскую мову, але найперш трэба знаць сваю. (Ф.Багушэвіч)

Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш сваю мову, так як той чалавек перад скананнем, катораму мову займае, пасля зусім замерлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі. (Ф.Багушэвіч)

Ігнараваць мову – гэта значыць ігнараваць народ, нацыю. (П.Пестрак)

Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў. (Ф.Скарына)

Хто адрокся мовы бацькоў сваіх, хто ўдзеў чужую апратку – той адышоў ад народу далёка-далёка. Ён чужы ў роднай вёсцы, у сваёй сям’і. І на яго браты глядзяць як на чужынца. (Цётка)

Родная мова, быццам цэмент, звязвае людзей. Яна дае ім найлепшы спосаб разумець адзін аднаго, адной думкай жыць, адной долі шукаць. (Цётка)

Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны творы, і гэты твор – мова. (А.Разанаў)

Незвычайнае хараство і зладжанасць чуецца нам у гучанні роднага слова. (А.Крывіцкі)

Хто забыў сваіх продкаў – сябе губляе, хто забыў сваю мову – усё згубіў. (У.Караткевіч)

Мова, прыгожае пісьменства, паэзія, музыка ‒ сродак сувязі між душамі людзей, вышэйшы сродак.(У.Караткевіч)

Выбірай: быць пасрэднасцю на мове суседа або нечым значным на сваёй. (У.Караткевіч)

Існуе няпісаны (і неабвержны) закон, які цудоўна ведаюць усе па-сапраўднаму адукаваныя і культурныя людзі: чым лепей ведаеш нейкую мову (і гэта можна сказаць не толькі пра мову, але і пра краіну, навуку, сяброў, многіх жанчын, мастацтва і г.д.) – тым больш яна прыгожая і значная. (У.Караткевіч)

Беларусь-католік, ці беларусь-праваслаўны павінны то помніць, што ў іх адна Бацькаўшчына – Беларусь, адна мова родная – беларуская, адны звычаі і абычаі, адвеку перадаваныя з пакалення ў пакаленне. (Я.Купала)

Хто не разумее роднай мовы, той не павінен займаць урадавай пасады на Беларусі. (Я.Купала)

Там, дзе не шануюць роднай мовы, мялеюць рэкі, нішчацца дубровы, народ той мёртвы, а той край нямы. (Г.Бураўкін)

Што ў цябе ёсць, акрамя мовы, з якой складаюцца твае думкі і словы? (В.Марціновіч)

Мова – гэта этыка. Гэта наша спрадвечнае разуменне таго, што ёсць дабро і што ёсць зло, зашыфраванае ў словах. (В.Марціновіч)

Сёння для нас важней за ўсё – мова, на першым плане павінна быць мова. Будзе мова – будзе нацыянальная свядомасць і будзе Беларусь. Ня будзе мовы – ня будзе Беларусі. (Ніл Гілевіч)

Без усведамлення, што такое мова ў жыцці народа, што такое нацыянальная культура, нацыянальная гісторыя, у народа не можа быць будучыні. (Н.Гілевіч)

Паміраньне мовы такая ж натуральная зьява, як і нараджэньне яе. Быць можа, што і мая мова некалі памрэ. Як памру я сам, чалавек. І я аніяк не баюся натуральнай сьмерці. А от калі насільна паміраць – страшна. (Я.Скрыган)

Нам мова далася крывёю. (А.Сыс)

Мова – аснова ня толькі нацыянальнай культуры, але і існаваньня нацыі, існаваньня этнасу. (В.Быкаў)

Бог размаўляе з табой на тваёй роднай мове.(Л.Дайнека)

Беларуская мова – нашая галоўная сакральная каштоўнасць. Усё найлепшае, што было створанае на гэтай зямлі, створанае на беларускай – ад Бібліі Скарыны да Статута ВКЛ. І яна гэтай каштоўнасцю будзе заставацца, нават калі знікне. (В.Акудовіч)

Ва ўсім свеце чалавек, размаўляючы на роднай мове, проста размаўляе. У нас зусім інакш. Кожны раз, калі на людзях мы прамаўляем па-беларуску, дык не проста сумовімся, а як бы ладзім грамадзянскую акцыю ці мастацкі перформанс, паколькі ўвага ўсіх, хто выпадкова апынуўся побач, адразу засяроджваецца на нечаканым дзіве. (В.Акудовіч)

Мова — той азонавы слой, які дазваляе больш-менш устойліва функцыянаваць, развівацца і нарошчваць свой патэнцыял усім астатнім чыннікам культуры нават у неспрыяльных для яе ўмовах. (В.Акудовіч)

http://libpost.of.by/

Читайте ещё:



Оставить комментарий