На самой справе гэты год для Іўя вельмі важны. На той момант прайшло 25 год з таго моманту як касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла быў вернуты католікам. Мікалай Кішка запрасіў бернардынаў на іўеўшчыну і распачаў будову драўлянага кляштара для іх. Склалася сітуацыя, што Петрапаўлаўскі касцёл будзе перададзены манахам, а для парафіянаў патрабавалася зрабіць новую святыню. Таму Мікалай Кішка вырашае пабудаваць новы касцёл і школу для навучання дзяцей. Ён выдзяляе зямлю ў "Закасцельцах" - гэта прыкладна тэрыторыя сучаснай вуліцы Зарэчнай і Калгаснай. Святыню было вырашана будаваць з дрэва. Для забяспячэння будаўнічых прац Кішка перадае парафіі фальварк пад назвай Ліпск, які знаходзіўся непадалёк мястэчка і дадае да яго 20 вазоў сена. Дрэва на будову загадвае браць з іўеўскай пушчы і Старчанятаў. Таксама ваявода абавязваецца забяспечыць касцёл усімі неабходнымі рэчам для цэлебрацыі Імшы.
Далей Мікалай Кішка просіць святароў каб у памяць аб ім і яго продкаў цэлебраваліся дзве Імшы ў тыдзень, адна за памерлых продкаў, другая за яго.
У парафіяльнай школе павінен быць добры настаўнік які будзе вучыць дзяцей не толькі агульным дысцыплінам, але і каталіцкай веры. І "для асістэнцыі і большай урачыстасці" просіць каб дзеткі удзельнічалі ў працэсіях Найсвяцейшага Сакрамэнту, якія бернардыны часта праводзяць пад час сваіх святаў.
Новую святыню пабудавалі за год, але ў 1659 годзе, пад час руска-польскай вайны яна была знішчана, як і касцёл Пятра і Паўла, ад якога засталася толькі сучасная частка сцен прэзбітэры. Яшчэ ў 1674 годзе Святыя Імшы цэлебраваліся ў імправізаванай шопе. І на пачатку ХVIII стагоддзя ў Іўі з’яўляецца яшчэ адна святыня - касцёл Святога Міхала. Ён раззмяшчаўся ў цэнтры мястэчка.
Паводле даследванняў Марыі Каламайскай-Саед.