Язык:

Клякочуць буслы ў паднябессі: ЗАЛЕССЕ. Даследванне краязнаўцы Алега Ігліцкага (частка 2)

О малой родине

Залессе ў гады Першай сусветнай вайны

У 2014 годзе, да 100-годдзя з дня пачатку Першай сусветнай вайны, у газеце “Іўеўскі край” быў надрукаваны цікавы матэрыял журналіста Веры Гулідавай і выпускніка Суботніцкай сярэдняй школы 1984 года Андрэя Васілеўскага, жыхара Мінска, зацікаўленага краязнаўцы-аматара. Называлася гэта публікацыя “Пахавайце апошняга салдата Вялікай вайны, або Забытыя каля Гіравічаў”. Мэта публікацыі заключалася ў тым, каб апісаць хроніку дзеянняў акупацыйнай германскай арміі на тэрыторыі сучаснай Іўеўшчыны.
Узнавіць карціну баявых дзеянняў паміж расійскімі і нямецкімі войскамі даследчыку Андрэю Васілеўскаму дапамагла карпатлівая праца ў інтэрнэце. Галоўнай крыніцай пошуку сталі бібліятэкі Германіі, “Палкавыя гісторыі” – успаміны ветэранаў Першай сусветнай вайны, перапіска з асобнымі грамадзянамі.
У галоўным архіве Германіі Андрэй Васілеўскі даведаўся, што на тэрыторыі цяперашняй Іўеўшчыны ваявалі прускія войскі, а на ўчастку Жэмласлаў, Гіравічы, Раманы, Бялымшчына – 11-я ландверная дывізія. У ландверных палках (ланд – краіна, верн – абарона) ваявалі салдаты ва ўзросце каля 30 і за 30 гадоў. Гэта былі часці па тыпу апалчэння, якія складаліся з дабравольцаў.

Вясковыя дзеці Іўеўшчыны ў Першую сусветную вайну

Праз год пасля пачатку Першай сусветнай вайны, у канцы жніўня 1915 года, пачалося нямецкае наступленне ў напрамку Коўна – Вільня – Мінск. 4 жніўня немцы захапілі Гродна, 19 жніўня – Вільню. Нямецкія перадавыя палкі з’явіліся ў заходняй частцы Іўеўшчыны амаль адначасова – 20 верасня 1915 года.
Рускімі войскамі 10-й арміі Заходняга фронту ў 1915-1917 гадах камандаваў генерал Аляксей Ермалаевіч Эверт.
20 верасня 50-я рэзервовая нямецкая дывізія падышла да вёсак Лынтуп і Баравікі, захапіла мост праз раку Гаўя, а на наступны дзень штурмавала пазіцыі расійскай арміі каля вёсак Васілевічы, Кіслыя, Мажулі, Залессе. Далей яна прасоўвалася праз Каркеняты, чыгуначную станцыю Юрацішкі і вёску Эйгерды да Вішнева.
Галоўныя пазіцыі расійскіх войск на тэрыторыі Іўеўшчыны размяшчаліся на той час у раёне вёскі Бялымшчына і суседніх з ёй вёсак Раманы і Гіравічы. Іх штурмавалі палкі 11-й ландвернай дывізіі – 5-ы, 18-ы, 75-ы, 76-ы. Тут адбыўся найбольш інтэнсіўны бой 21 і 22 верасня.

Пазіцыі расійскіх войск на Заходнім фронце

Найбольшыя страты з боку немцаў тут панёс 5-ы ландверны пяхотны полк. Але да канца дня 22 верасня, пасля моцнай артпадрыхтоўкі і паслядоўнай нямецкай атакі, расійскае войска адступіла на ўсход да в.Трабы і заняло пазіцыі на беразе ракі Клява.

21 верасня 169-я ландверная брыгада падышла да вёскі Суботнікі. Яе палкі перайшлі на супрацьлеглы бок ракі Гаўя і размясціліся на плацдармах перад вёскамі Мажулі, Залессе і Дабраўляны. Ім была пастаўлена задача па захопу галоўных пазіцый расійскіх войск, якія размяшчаліся на высотах каля вёсак Таруці і Мількі.
У час наступлення немцаў разгарнуўся другі па значнасці бой каля вёскі Залессе. 21 верасня немцы штурмам узялі ўмацаванае Залессе, а 22 верасня былі захоплены высоты каля вёскі. У сваіх запісках нямецкі храніст назваў вёску “вогнедыхаючым” Залессем.

Нямецкія абарончыя збудаванні на р.Бярэзіна. 1916

На наступны дзень акупанты атакавалі пазіцыі расійскіх войскаў на высотах на поўдзень каля вёсак Таруці і Мількі. Вядомая колькасць нямецкіх салдатаў 229 і 230 рэзервовых пяхотных палкоў, забітых у час сутычак, – 35 чалавек. Акрамя таго, у атацы на Залессе ўдзельнічаў батальён 231 рэзервовага пяхотнага палка і ў поўным складзе 99 ландверны пяхотны полк. Па гэтым палку існуе спіс страт афіцэрскага складу. З апісання гэтага бою вядома, што пры штурме в. Залессе 21 верасня загінуў фельдфебель-лейтэнант, камандзір адной з рот.
На паўночнай ускраіне в. Залессе знаходзіцца некалькі брацкіх магіл. Жыхарамі вёскі тут пастаўлены крыж. Са слоў мясцовых жыхароў вядома, што ў час Другой сусветнай вайны сюды прыязджалі сваякі загінуўшых.
Актыўныя баявыя дзеянні ў нашым раёне праходзілі ў час Першай сусветнай вайны прыкладна з 20 па 26 верасня 1915 года. З пачатку кастрычніка пачалася пазіцыйная вайна, якая працягвалася да пачатку лютага 1918 года. На паўднёвым усходзе раёна лінія фронту з верасня 1915 па 1918 год праходзіла па рацэ Бярэзіна. Большая ж частка тэрыторыі раёна аказалася ў неглыбокім тыле германскіх войскаў.

Абжываліся тут на вякі заляшанцы-землякі

У ціхай і амаль маўклівай вёсцы Залессе цяпер налічваецца 25 дамоў, пражывае 13 жыхароў. Вызначыць, дзе пражываюць жыхары вёскі, можна нават візуальна па дагледжаных хатах і дварах, апошніх кветках у агародчыках, якія дацвітаюць пад восеньскімі дажджамі і прахалоднымі промнямі рэдкіх сонечных дзён.
Міма вёскі праносяцца легкавыя і грузавыя аўтамабілі па гравійнай дарозе з Суботнікаў на Чарнэлі. І толькі некаторыя з іх паварочваюць на Залессе. Вёску пастаянна наведваюць старшыня Суботніцкага сельвыканкама Валянціна Станіславаўна Філон, паштавікі, прадаўцы аўтамагазіна, ды дзеці, якія адведваюць сваіх бацькоў.

Мы завіталі ў Залессе ў пачатку лістапада. Экскурсаводам па вёсцы быў упаўнаважаны ад Суботніцкага сельвыканкама, жыхар Залесся Уладзімір Станіслававіч Мікша. Уладзімір называе сябе карэнным заляшанцам. Заляшанцамі называлі сябе ўсе жыхары Залесся.
– 20 гадоў назад вёска яшчэ жыла паўнакроўным жыццём, – расказвае Уладзімір Мікша. – У той час у кожнай хаце жылі маладыя людзі, трымалі ва ўласных гаспадарках 63 каровы, 10 коней, а цяпер – пенсіянеры і пустыя хлявы.
Наша Залессе цягнецца адной вуліцай даўжынёй 1,5 км. Пасярэдзіне яе ёсць прамежак – нізкае, забалочанае месца, дзе хаты гаспадары не будавалі. Далей, пад горку, зноў стаяць пабудовы. Таму жыхары і падзялілі ўмоўна сваё пасяленне на Залессе 1 і Залессе 2. Вуліца вёскі з часоў Польшчы была брукаваная. Хадзіць па бруку было зручна і шляхетна. Стараліся не адстаць ад жыхароў іншых вёсак, таму і масцілі брук. Такія патрабаванні па добраўпарадкаванні вёсак былі ў той час.
Жыхары Залесся любілі сваю вёску і працу на зямлі. Абжываліся тут на вякі, марылі, што тут застануцца іх дзеці і ўнукі і прадоўжаць сялянскі род на зямлі. Будавалі для іх прасторныя і ў той час дабротныя хаты. Такая адна пабудова ў Іўі з участкам каштуе сёння да 20 тысяч долараў. У аддаленай вёсцы, як Залессе, яна каштуе мізер – 300 долараў. І вельмі шкада працы тых, хто марыў пра веліч і светлае будучае сваіх вёсак! Ніхто раней не задумваўся, што бурнае развіццё гарадоў прывядзе да масавага адтоку сельскай моладзі, а механізацыя сельскай гаспадаркі – да незапатрабаванасці вялікай колькасці паляводаў.

Моладзь вёскі Залессе

У 1950-м годзе ў Залессі на базе былых уласных гаспадарак быў створаны калгас “Перамога”, а першым яго старшынёй быў Смірноў – франтавік, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Ён аб’язджаў калгасныя палеткі конна ў сядле і казаў калгаснікам: “Пакуль вы на павозцы ў Іўе даедзеце, то я туды мігам на кабыле даскачу!” Смірнова змяніў на пасадзе старшыні Карповіч. А ў 1959 годзе калгас “Перамога” быў далучаны да саўгаса “Жамыслаўль”. На базе былога калгаса была створана вытворчая брыгада “Залессе”, куды ўваходзілі вёскі Залессе і Нарбуты, участак “Залессе” з землямі вакол іх.
Участак Залессе быў калісьці фальваркам графаў Умястоўскіх. Тут пад саўгасныя мэты выкарыстоўвалася графская канюшня з дрэва, дзе стаялі 33 кані для гаспадарчых работ, драўляны на цагляных філярах амбар для захоўвання зерня, драўлянае гумно для сена, драўляны шматкватэрны дом на пяць сямей, дзе пражывалі ў перыяд Умястоўскіх графскія парабкі і сем’ямі працавалі тут на зямлі. Зямля на ўчастку Залессе была нізкая, але ўрадлівая.
У 1970-я гады, калі дырэктарам саўгаса “Жамыслаўль” працаваў Ілля Сямёнавіч Талака, на ўчастку Залессе паставілі вуллі пчалапасекі і заняліся вырошчваннем агародных культур. Але справа, як кажуць, не пайшла рукой, бо агародніна на той час не вельмі была запатрабаваная, сваёй хапала ў вяскоўцаў. А вось ферма па адкорме буйнай рагатай жывёлы (бычкі, цялушкі) з двух валоўнікаў на 200 галоў, якая была пабудавана на ўчастку ў 1964 годзе, давала значны прыбытак у саўгасную касу. Фермы па адкорме БРЖ працавалі яшчэ ў Жамыслаўлі, Гіравічах, Васілевічах, Раманах, Дабраўлянах, Высоцкіх, участку Гута.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

(Працяг будзе).
Алег Ігліцкі.

 

 

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@ivyenews.by

Тел/факс: (01595) 6-96-40

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.