Язык:

Клякочуць буслы ў паднябессі: ЗАЛЕССЕ. Даследванне краязнаўцы Алега Ігліцкага (частка 1)

О малой родине

Залессе – вёска ў Суботніцкім сельсавеце за 26 км ад Іўя, 184 км ад Гродна, 7 км ад чыгуначнай станцыі Юрацішкі на лініі Ліда – Маладзечна.

У сярэдзіне 18 ст. фальварак Суботніцкай парафіі ў Ашмянскім павеце Віленскага ваяводства. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795г.) у Расійскай імперыі. З 1805 года – уласнасць Умястоўскіх.

У сярэдзіне 19-пачатку 20 ст. – вёска Залессе ў Суботніцкай воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні. У 1861 г. у Залессі пражывала 57 рэвізскіх душ мужчынскага полу. Фальварак Залессе ўваходзіў нядоўгі перыяд у склад маёнтка Якунь памешчыцы Дмахоўскай. Затым зноў павернуты ў склад маёнтка Жэмласлаў графаў Умястоўскіх. У 1897 годзе 41 двор, 308 жыхароў. У 1909 годзе ў вёсцы Залессе 44 двары, 295 жыхароў. У фальварку – 5 двароў, 38 жыхароў.

З верасня 1915 г. да канца снежня 1918 г. вёска акупіравана нямецкімі войскамі. З мая 1919 г. да ліпеня 1920 г. – войскамі Польшчы. З 01.01.1919 г. ў БССР, з 27.02.1919 г. у Літоўска-Беларускай ССР. З сакавіка 1921 г. - у складзе Польшчы, у Суботніцкай гміне Валожынскага, з 1926 г. Лідскага паветаў Навагрудскага ваяводства. У 1921 г. у вёсцы 25 двароў, 126 жыхароў.

З лістапада 1939 г. зноў у БССР. З 12.10.1940 г. (71 двор, 370 жыхароў) і былы маёнтак (6 двароў, 25 жыхароў) у Суботніцкім сельсавеце Іўеўскага раёна Баранавіцкай вобласці. У Вялікую Айчынную вайну з 26.06.1941 г. да 08.07.1944 г. акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На фронце загінулі 8 вяскоўцаў. 

З 20.09.1944 г. Залессе ў Маладзечанскай, з 08.01.1954 г. у Гродзенскай абласцях. У кастрычніку 1950 г. арганізаваны калгас “Перамога”. У 1959 г. - у саўгасе “Жамыслаўль”, 211 жыхароў. У 1970 г. – 201 жыхар. У 1999 г. 31 гаспадарка, 53 жыхары. З 2007 г. у складзе СВК “Суботнікі”. З 2012 г. у СВК “Умястоўскі”. Цяпер у КСУП “Суботнікі”.

Усе дарогі вядуць у Залессе

КАЛІ ПАГЛЯДЗЕЦЬ на карту Іўеўскага раёна, то назва вёскі вельмі адпавядае мясцовасці, у якой яна размешчана. Вёска пабудавана адной вуліцай, акружаная полем, за полем з усіх бакоў падступае лес – больш сасновы.

Залессе размешчана каля прамой гравійнай дарогі з Суботнікаў на Чарнэлі, у 5 км ад Суботнікаў. Калісьці патрапіць у Залессе з Суботнікаў можна было праз вёску Дабраўляны лясной коннай дарогай працягласцю 4,5 км. 

Найбольш доўгі і цікавы маршрут з Жамыслаўля ў Залессе цягнецца 7 км праз мост на рацэ Гаўя, а далей палявымі і ляснымі дарогамі праз вёскі Жамайтукі, Раманы, Навасяды, Таруці. Гэтым маршрутам калісьці часта арганізоўвалі конныя паездкі Умястоўскія з гасцямі і захапляліся прыгажосцю навакольнай прыроды.

Тут, як і ў тыя далёкія часы, ад падарожжа застаецца радасны настрой, які апісала ў кнізе ўспамінаў графіня Яніна Умястоўская: “Дарога праз лес такая цудоўная, а паветра з пахам соснаў такое асвяжаючае!”

БЫЎ КАЛІСЬЦІ яшчэ адзін цікавы маршрут да Залесся, пакуль існаваў драўляны мост праз Гаўю каля вёскі Рыбакі, насупраць дома графскага ўпраўляючага. Падарожнікі рухаліся на конях з Жамыслаўля ўздоўж Гаўі праз вёскі Шаркуці і Рыбакі. Праехаўшы мост у Рыбаках, праз 2 км яны дабіраліся ў Дабраўляны, дзе размяшчаўся цагельны завод Умястоўскіх. Далей зноў лясной дарогай рухаліся 2 км да Залесся. З Залесся была і ёсць прамая дарога на Чарнэлі да чыгуначнай станцыі Юрацішкі.

З залескіх і дабраўлянскіх забалочаных нізін, якія былі асушаныя меліяратарамі ў 1964 годзе, выцякае невялікая рачулка Качарга. На меліярыраваных землях, дзе былі сенажаці, яе русла выпрамленае. А ў лесе, паблізу Дабраўлян, яна мае выгіб, які напамінае качаргу. Таму назіральныя мясцовыя людзі калісьці далі такую назву рачулцы. Далей Качарга цячэ праз лес, пятляючы ў сваім натуральным русле, імкліва бяжыць праз бетонную трубу пад асфальтавай дарогай блізка каля Суботнікаў і ўпадае ў раку Гаўя.

Залессе ў графскім маёнтку Умястоўскіх

Драўляны Жэмласлаўскі палац з двума драўлянымі афіцынамі і навакольнай мясцовасцю набыў Якуб Умястоўскі ў 1805 годзе ад маршалка мазырскага Кяневіча, які некалькі месяцаў раней купіў яго ад Юзафа Шчыта, а Шчыт – ад Жэмлы. Ад прозвішча першага ўладальніка назва маёнтка паходзіць – Жэмласлаў.

Якуб перанёс сваю рэзідэнцыю ў Жэмласлаў, дзе і пачаў жыць з жонкай Ганнай. Умястоўскія пабудавалі ў Жэмлаславе на беразе ракі Гаўя драўляную і часткова мураваную гажэльню (спіртзавод), новы мураваны свіран (склад для зерня). У 1809 годзе Якуб памёр у Жэмлаславе ва ўзросце 45 гадоў

Пасля паўналецця трох сыноў удава Якуба Ганна пераехала ў Клявіцу, а маёнткі падзяліла паміж сынамі. Старэйшы Антоні атрымаў Квяткоўцы з фальваркамі і лясамі, мястэчка Суботнікі над ракой Гаўяй, зямлёй, лесам і млынам. Другі сын Людвік атрымаў Жэмласлаў з фальваркамі: Гута, Залессе, Роцкішкі. Малодшы сын Казімір атрымаў фальварак Казімірава, створаны яго бацькам у 1804 годзе ў 5 вярстах ад мястэчка Дзявенішкі.

На шляхецкім сходзе Ашмянскага павету Людвік, уладальнік Залесся, атрымаў павятовы чын харунжага. Гэта быў актыўны і дзелавы чалавек, любіў дапамагаць кожнаму і ахвотна аддаваўся грамадскай справе.

Харунжы Людвік – гаспадар і паляўнічы – будучы яшчэ вельмі маладым, упаў з каня і пашкодзіў сабе косць. Вымушаны быў паехаць на лячэнне за мяжу, дзе 8 лістапада 1828 года памёр, маючы трошкі больш за 20 гадоў. Пахаваны ў Дрэздэне. Перад смерцю ён завяшчаў Жэмласлаў малодшаму брату Казіміру. Казімір паставіў велічны помнік на дрэздэнскай магіле Людвіка. У памяць аб Людвіку Умястоўскім прысвечана пліта, умураваная ў магільнай крыпце новага касцёла ў Суботніках, збудаванага сынам Казіміра графам Уладзіславам Умястоўскім.

Маршалак шляхты Ашмянскага павету Казімір Умястоўскі пераехаў у 1828 годзе са свайго фальварка Казімірава ў Жэмласлаў, які атрымаў у спадчыну ад свайго брата Людвіка. У 1832 годзе Казімір ажаніўся з Юзэфай Дунін-Раецкай, дачкой маршалка Навагрудскага Францішка. Казімір і Юзэфа пабудавалі ў Жэмлаславе дзве двухпавярховыя мураваныя афіцыны замест старых драўляных, прыгожую лядоўню і аранжарэю. За афіцынай дабудавалі вялікую стайню, вазоўню і манеж, дзе сам маршалак, а пазней, з сынамі ў пагодныя дні ездзіў конна, бо быў вялікім аматарам коней і коннай язды. У гаспадарцы Умястоўскіх было 48 выяздных і рабочых коней.

У сям’і Казіміра Умястоўскага было пяцёра дзяцей. Дачка Канстанцыя памерла яшчэ дзіцём і пахавана ў склепе Суботніцкага касцёла. Сыны Уладзіслаў і Альберт, дочкі Аляксандра і Габрыэля выхоўваліся пад наглядам вельмі добрых, але разумна суровых бацькоў.

Калі сыны падраслі, Казімір з імі, звычайна пад вечар, выязджаў на прагулку конна, часцей за ўсё у лес дарогай да Сурвілішак, або ў бок Залесся.

Маршалак Казімір Умястоўскі пражыў 59 гадоў, яго не стала ў 1863 годзе. Уладальніцай маёмасці ў Жэмлаславе стала яго жонка Юзэфа. Пры ёй ва ўсіх фальварках працягвалася гаспадарчая дзейнасць. У высокіх ботах, на кані, яна аб’язджала фальваркі, кантралявала дзейнасць эканомаў. Разбурыўшы да фундаменту даўнейшы палац у Жэмлаславе, Юзэфа пабудавала на яго месцы новы, мураваны, вельмі падобны да палаца Лазенкі ў Варшаве, але вышэйшы. Паставіла каплічку з крыжам пры дарозе на Суботнікі

Юзэфа Умястоўская некалькі гадоў перад смерцю цяжка хварэла і знаходзілася на лячэнні ў Вільні. Смерць сына Альберта паскорыла яе скон у 1877 годзе. Пражыла 63 гады. Пахавана побач з мужам у магільнай крыпце Суботніцкага касцёла. 

Пасля смерці маці сын Уладзіслаў Умястоўскі пераехаў з маёнтка Пузіневічы, што на Навагрудчыне, у Жэмласлаў і стаў яго ўладальнікам. 15 ліпеня 1882 года ажаніўся з Янінай Вострарог-Садоўскай, якая была родам з Украіны. Вянчанне адбылося ў касцёле П.П.Візытак у Варшаве. Уладзіславу было на той час 49 гадоў, Яніне – 22 гады. Закаханая пара пражыла разам няшмат – 22 гады, але шмат чаго паспела зрабіць у Жэмлаславе. Умястоўскія займаліся ўнутранай аздобай палаца, пасадзілі ліпавую алею з 24 дрэўцаў. Арганізоўвалі пасадку дрэў пры дарогах да Гуты, Клявіцы, Суботнікаў.

Уладзіслаў Умястоўскі цікавіўся жывапісам, паэзіяй, літаратурай. Наведваў Іспанію, Англію, Італію, Швейцарыю, Бельгію, Галандыю, Францыю, дзе пазнаёміўся з многімі знакамітымі асобамі. Сярод іншых Уладзіслаў сябраваў з аўтарам “Трох мушкецёраў” Аляксандрам Дзюма і яго сынам, а таксама са знакамітым камедыйным пісьменнікам Арсенам Гаўзэ і яго сынам Генрыкам Гаўзэ. 

Летам у Жэмласлаў прыязджалі родзічы графаў або знаёмыя, сябры з Варшавы, каб любавацца і дыхаць бальзамічным паветрам Жэмласлава, папраўляць здароўе, купацца недалёка ад палаца ў рацэ Гаўя. Для гасцей арганізоўваўся конны брэк пад сёдламі, ішла вясёлая язда прыгожай дарогай праз лес да Залесся або да Дабраўлянскай цагельні з мэтай, каб вярнуцца дарогай каля пошты з боку Сурвілішак.

Брат графіні Аляксандр Вострарог-Садоўскі, калі меў 27 гадоў, захварэў. Праз тры гады ездзіў у Рыўеру, у Меран, у Егіпет, а толькі ў Жэмлаславе адчуў сябе здаровым. 

У кнізе ўспамінаў Яніны Умястоўскай “Шмат зямлі і жыцця” аўтарам адзначана, што Жэмласлаў быў не толькі прамысловым, але і гаспадарчым, разумна арганізаваным цэхам, адкуль быццам бы цякла рака з малаком і мёдам, бо шмат мёду збіралі жэмласлаўскія пчолы.

Калі больш канкрэтна, то гэта былі залескія пчолы, бо вялікая пасека Умястоўскіх знаходзілася ў фальварку Залессе. У графскім двары мёд перапрацоўвалі ў старапольскую медавуху, якая пастаўлялася ў шматлікія піўныя. Калі граф Умястоўскі завёз некалькі бутэлек медавухі ў Лондан, то знатакі і дэгустатары выказвалі сваё задавальненне і прапаноўвалі завозіць чым больш такога цудоўнага напою.

Пасля смерці графа Уладзіслава Умястоўскага 16 студзеня 1905 года адзінай спадчынніцай маёнтка і фальваркаў стала яго жонка Яніна. 

Хутка пасля адкрыцця Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя, яна паабяцала аддаць універсітэту на навуковыя мэты свае ўладанні ў Жэмлаславе. У склад фундацыі ўваходзілі маёнтак Жэмласлаў, фальваркі Гута і Залессе. Усе разам складалі 2200 га, у тым ліку 1200 га высакасортнага сасновага лесу. Дарэнне незвычайнага аб’екта графіняй на патрэбы асветы 6 сакавіка 1922 года Жэмласлаў стала фактам.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

(Працяг будзе).

Алег ІГЛІЦКІ.

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@ivyenews.by

Тел/факс: (01595) 6-96-40

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.