ivyenews.by

У гэтай вёскі лёс такі: дзе Гаўя, там і Рыбакі. Новае краязнаўчае даследванне Алега Ігліцкага. Частка 4

О малой родине

Выпрабаванне
калектывізацыяй

У пачатку 1952 года ў Рыбаках арганізаваўся калгас "Герой труда". Першым старшынёй быў абраны Эдвард Анташэўскі, бацька вядомага ў Польшчы вучонага. Рахункаводам выбралі мясцовага жыхара Хаткевіча. Прыём заяў у калгас арганізавалі ў хаце Пробаршча. Людзі неахвотна ўступалі ў калгас, але ў большасці пісалі заявы, бо да пасяўной 1952 года патрэбна было аддаць у калгас зямлю, гумны, коней, вупраж, лішкі насення.

Мая бабуля Браніслава, заможная гаспадыня, каб не раскулачылі і не адправілі ў ссылку, першая аддала ў калгас зямлю, коней, гумно, малатарню, сячкарню. Пайшла працаваць паляводам. Яе, як адукаваную жанчыну, абралі членам рэвізійнай камісіі.

Страціўшы прыватную ўласнасць, многія жыхары Рыбакоў з'ехалі на пастаяннае месца жыхарства ў Польшчу. Хваля эміграцыі з Рыбакоў працягвалася з 1953 па 1959 год. Ад'язджаючы, перасяленцы прадалі больш 30 хатаў. Куплялі жыхары іншых вёсак. Прыязджалі купцы з Украіны, са стэпавых абласцей, дзе няма лесу. Яны куплялі хаты, разбіралі іх, наймалі машыны "Студабекеры" на аўтабазе ў г.п. Юрацішкі, везлі зрубы на станцыю Юрацішкі і ў таварных вагонах адпраўлялі ва Украіну.
У 1958 г. у Польшчу з'ехала з Рыбакоў сям'я Анташэўскіх і пасялілася ў горадзе Лодзь. Іх сын Збігнеў, 1942 г.н., вучыўся ў Суботніцкай школе, а потым працягнуў вучобу ў Лодзі. У 1969 годзе ён закончыў факультэт рускай філалогіі ў Лодзінскім універсітэце. У 1978 г. закончыў аспірантуру кафедры тэорыі літаратуры і мастацтвазнаўства ў Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС у Маскве. Затым праходзіў чатырохгадовую вочна-завочную доктарскую стажыроўку ў той жа маскоўскай Акадэміі. У 1988 годзе абараніў доктарскую дысертацыю ў інстытуце славяназнаўства. Сумяшчаў выкладчыцкую дзейнасць ва ўніверсітэце Лодзі з грамадскай дзейнасцю.
У пачатку 90-х гадоў стаў ініцыятарам і лідарам таварыства Польшча-Беларусь. У 2013 г. Анташэўскі прымаў удзел у шостым з'ездзе беларусаў свету, які праходзіў у Мінску.
Такія выхадцы з Беларусі, як Збігнеў, і за мяжой змаглі праявіць сябе без нечай падтрымкі, апіраючыся толькі на свой розум, здольнасці, працалюбства, дабіцца ў грамадстве павагі, рангаў, званняў.

Збігнеў Анташэўскі,
ураджэнец вёскі Рыбакі


Пасля вайны людзі жылі ў вёсках бедна. У калгасах доўгі час не плацілі зарплату за работу. За год калгасніку трэба было вырабіць мінімум 120 працадзён. За адпрацаваныя дні калгаснікі атрымоўвалі пасля ўборкі невялікую колькасць зерня.
Толькі ў 1958-1959 гадах калгаснікі пачалі атрымоўваць невялікія зарплаты за здадзеную прадукцыю: льновалакно, зерне, буракі, кукурузу, тытунь, і то некалькі разоў на год. Таму моладзь імкнулася выехаць у гарады, але не магла, бо калгаснікам не выдавалі пашпарты, каб затрымаць іх у вёсцы. Атрымаць пашпарт СССР можна было, толькі выехаўшы па вярбоўцы на асваенне паўночных раёнаў СССР. І многія з Рыбакоў ехалі. Ім выдавалі пашпарты, 200 рублёў на дарогу. На поўначы перасяленцы працавалі на будоўлях заводаў, фабрык, мастоў, дарог, партоў.
У 1950-я гады з Рыбакоў з'ехалі 46 чалавек на працу ў Мурманскую, Архангельскую, Калінінградскую вобласці, Карэлію. Пазней, у 1974 годзе, калі ў 16-гадовым узросце пашпарты пачалі выдаваць усім жыхарам вёсак, моладзь з Рыбакоў паехала на працу ў Вільнюс, Маскву, Гродна, Мінск, Ліду. Вёска Рыбакі апусцела напалову ў 1986 г. А ў 1990-я гады тут засталіся толькі 12 двароў і 22 жыхары.

Засталіся
адданымі зямлі і вёсцы

Але падзяка і пашана тым, хто не з'ехаў за мяжу, застаўся верным і адданым роднай зямлі і вёсцы. У нялёгкі час яны цяжкай працай падымалі гаспадарку калгаса пасля вайны.

У Рыбаках быў пабудаваны вялікі драўляны кароўнік, у другім канцы якога размяшчалася канюшня. Побач узвялі цялятнік для маладняку. Воддаль пабудавалі з бярвенняў навес для плугоў, касілак, баронаў. Запалаў горн у новай калгаснай кузні. Славіліся ў вёсцы сваім майстэрствам кавалі Станіслаў Жульпа і Пазавуць. Яны рамантавалі плугі, акучнікі, падкоўвалі коней, акоўвалі абады на калёсы да вазоў.

Дзяўчаты з в. Рыбакі. 1960 г.

Паляводы вырошчвалі добрыя ўраджаі лёну. Снапы вазілі ў гумны, малацілі. Каля вёскі былі пабудаваныя дзве льносушні, дзе льняныя снапы мялі, трапалі, часалі вырабленае валакно. Пазней з'явіліся механічныя малацілкі ад прывада трактара.
Людзей натхняў на працу ў Рыбаках брыгадзір паляводчай брыгады калгаса Ян Пробаршч, які і сам ніколі не заставаўся без справы. Сабраўшы касцоў на касьбу, ён сам прыходзіў з касой у белай рубашцы і першы клаў пракос. Касіў разам з мужчынамі як рабочы. А ў канцы работы, як брыгадзір, усіх браў на спіс.
Кантора калгаса размяшчалася ў хаце Людвісі Келдановіч. У яе прасторнай хаце праходзілі і вечарынкі вясковай моладзі. Было вельмі весела. На гармоніку ігралі два рыбакоўскія музыканты - браты Вацлаў і Эдзік Пазавуці. Дзяўчаты і хлопцы танцавалі старадаўнія танцы, спявалі песні. Адпачыць сюды прыходзіла моладзь з навакольных вёсак. Вечарынкі праіснавалі да 1965 года. Пасля многія сталі хадзіць на танцы ў былы жамыслаўльскі палац Умястоўскіх, дзе адкрыўся клуб.
У 1962 г. з’віліся ў Рыбаках першыя камбайны "Ніва-2" без кабін, з казыркамі. На адным працаваў камбайнер Альфрэд Жульпа, на другім - Зянон Келдановіч. У 1964 г. калгас "Герой труда" быў аб'яднаны з саўгасам "Суботнікі". Рыбакоўскія спецыялісты ў аб'яднаным саўгасе праявілі сябе як прафесіяналы. Альфрэд Жульпа займаў 1-я месцы на ўборцы зерневых культур у раёне, меў прызавыя месцы і ў вобласці.
Высокіх паказчыкаў у працы дабіваўся трактарыст Ян Пробаршч, трактарыст-камбайнер Вацлаў Грынюк. Сярод вадзіцеляў машын перадавікамі былі Анатоль Рамановіч, Франц Сенькевіч.
Даярка з Рыбакоў Тарэза Жульпа дабівалася высокіх надояў малака на ферме "Суботнікі". Кіраўнікі яе прыкмецілі і прызначылі загадчыкам фермы. А потым яна ўзначальвала суботніцкую паляводчую брыгаду, якая дабівалася значных вынікаў у працы.

Мар'янна Трубіцкая з сынам Леанідам і дачкой Янінай. 1953 г.

Старанна вялі рыбакоўцы і свае асабістыя гаспадаркі. У падвор'ях налічвалася 78 кароў. Кожную раніцу малако збіраў у флягі на здачу дзяржаве малаказборшчык Тучкоўскі з Суботнікаў, былы старшыня Суботніцкага сельсавета.
Шчырых слоў падзякі заслугоўвае і мая мама Мар'янна Браніславаўна, 1929 г.н. Яна была родам з в. Баравікі, з сям'і ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Браніслава Пашко, які вызваляў Берлін. У Рыбакі прыехала ў 1949 г., калі выйшла замуж за майго бацьку Івана Браніслававіча, 1930 г.н.

Працяг будзе.
А. Ігліцкі.

Читайте ещё:



Оставить комментарий