ivyenews.by

Незабыўныя ў жыцці Шаркуці. Новае даследванне Алега Ігліцкага (частка 4)

О малой родине

Гэта наша з табой біяграфія

У верасні 1950 года ў Шаркуцях быў арганізаваны калгас "1 Мая". Такія маленькія калгасы былі створаныя ў кожнай вёсцы Жамыслаўльскага сельсавета. Яны праіснавалі чатыры гады. Многія - толькі на паперы, бо ўся маёмасць у вёсках належала ўласнікам. Дзейнічалі банды, якія перашкаджалі калгаснаму будаўніцтву.
У канцы студзеня 1954 года бюро Іўеўскага райкама партыі зацвердзіла старшынёй аб'яднанага калгаса ў Жамыслаўльскім сельсавеце Аляксандра Пятровіча Кудраўцава, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Сход па стварэнні аб'яднанага калгаса праходзіў у Жамыслаўльскім клубе, які размяшчаўся ў былым палацы графаў Умястоўскіх. Прысутныя адзінагалосна прагаласавалі за кандыдатуру, прапанаваную райкамам. Кудраўцаў прапанаваў на сходзе назваць калгас імя Кутузава, і гэтая прапанова была адобраная.

Сям'я Кудраўцавых Аляксандр Пятровіч з дачкой на руках,
Ганна Паўлаўна, сын Жэня, дачка Ларыса

У калгас імя Кутузава ўвайшлі вёскі Лаўкенікі, Шаркуці, Гута, Дабраполь-1, Дабраполь-2, Высоцкія і Падваранцы. Былыя дробныя калгасы сталі вытворчымі брыгадамі. Іх было шэсць, Шаркуці лічыліся трэцяй брыгадай.
Да аб'яднання Шаркуці былі лепшым, больш арганізаваным калгасам. Таму старшыня Кудраўцаў адкрыў кантору ў Шаркуцях, паўхаты адпусціў жыхар Васілеўскі. Ды і самому старшыні вельмі спадабаліся Шаркуці на беразе Гаўі, і ён пасяліўся тут з сям'ёй на кватэры ў Паплаўскіх.
Калгас ствараўся ў цяжкіх умовах: у брыгадах квітнеў крадзёж, прыязджалі пажывіцца суседзі з Літвы. Але Кудраўцаў не паў духам. Ён падабраў кадры: талковых брыгадзіраў, работнікаў бухгалтэрыі, аптымістычна настройваў калгаснікаў. Да першай пасяўной нарыхтавалі насенне, торф, арганічнае ўгнаенне, інвентар. Вясной пасеялі ячмень, авёс, грэчку, бульбу. Асабліва важкі прыбытак кожны год даваў лён. За ільнавалакно высокай якасці калгас атрымоўваў ад дзяржавы добрыя грошы. Але праца ільнаводаў была вельмі цяжкай.
Пасля першага года працы калгаснікі атрымалі па 2 кг хлеба і па 2,5 рублі за кожны працадзень. У наступныя гады яшчэ больш - па 4 кг хлеба і 7 рублёў за працадзень. У той час у суседніх калгасах нічога не атрымоўвалі або мізэр.

Галоўны бухгалтар калгаса імя Кутузава Марыя Станчык

У калгасе імя Кутузава сеялі 55-60% жыта ад ворыўнай плошчы. Угнаенняў на палі не хапала. Таму збіралі ў насельніцтва курыны памёт, драўняны попел з печаў.
Старшыня Кудраўцаў прадумаў меры стымулявання працы калгаснікаў. На ўборцы бульбы прымянілі індывідуальную здзельшчыну - выдавалі кожнаму 10% ад сабранага ўраджаю. Затое бульбу капалі хутка, без стратаў на палях. Праз некалькі гадоў у калгасе быў асвоены брыгадны дзяржразлік. Быў створаны агульнакалгасны фонд, каб разлічыцца з дзяржавай і ўтрымліваць сваю гаспадарку. Астатняе дзялілася паміж членамі брыгадаў і размяркоўвалася на агульнабрыгадныя патрэбы. Брыгадным разлікам у калгасе імя Кутузава зацікавіліся вучоныя і прыязджалі вывучаць вопыт.
У 1959 годзе Аляксандр Пятровіч Кудраўцаў даў згоду пайсці старшынёй калгаса "Вольнае жыццё" у вёску Геранёны і пераехаў туды з сям'ёй.
У 1960 годзе калгас імя Кутузава быў далучаны да саўгаса "Жамыслаўль".

Кантора калгаса імя Кутузава

Аляксандр Уладзіміравіч Жынко, 1934 г.н., родам з вёскі Ацмінава Навагрудскага раёна. Пасля заканчэння Лідскага тэхнікума механізацыі сельскай гаспадаркі ў 1960-м годзе прыехаў на працу загадчыкам мехмайстэрні саўгаса "Жамыслаўль". Дырэктарам саўгаса з 1961 года працаваў Ілля Сямёнавіч Талака.
У 1966 годзе Жынко быў прызначаны галоўным інжынерам саўгаса. Працаваў і без адрыву ад вытворчасці завочна закончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, па спецыяльнасці інжынер-механік. У 1973 годзе пабудаваў у Шаркуцях уласны дом і стаў карэнным жыхаром вёскі. Тут жыла яго сям'я, выраслі дзеці.

Ільнаводы брыгады Лаўкенікі калгаса імя Кутузава. 1960 -я гг


За 34 гады працы ў саўгасе Жынко бачыў, як раслі ў прафесійным плане многія маладыя спецыялісты, тут стваралі свае працоўныя біяграфіі, штодзённа працаваў з імі разам, добра ведаў іх чалавечыя і прафесіянальныя якасці. Вось што ён расказаў:
- У 1960-м годзе ў саўгасе "Жамыслаўль" працавалі пяць вытворчых брыгадаў: Цэнтральная (Жамыслаўль), Раманы, Гіравічы, Залессе, Васілевічы. Праз некалькі гадоў брыгады ўзбуйнілі і іх стала тры: Цэнтральная, Васілевічы і Раманы.
Да 1980 года саўгас значна пабагацеў і быў больш тэхнічна аснашчаны. Трактарны парк размяшчаўся ў Жамыслаўлі і налічваў 64 трактары МТЗ-50, МТЗ-80, МТЗ-82, Т-150, К-700 (дзве адзінкі), ДТ-74, ДТ-75 (гусянічныя). У кожным саўгасным аддзяленні была свая мехмайстэрня і пасада механіка з разлікам 20 трактараў на аднаго механіка.
Шаркуці ўваходзілі ў брыгаду Цэнтральную. Тут з сярэдзіны 1960-х гадоў працавала малочна-таварная ферма на 100 галоў. Побач з вёскай знаходзілася стаянка аўтатранспарту саўгаса, дзе на той час размяшчаліся 36 саўгасных машын ГАЗ-51, ГАЗ-53, ЗІЛ-130. Аўтамеханікам працаваў Віктар Манулік, а пасля яго Іосіф Фунт. Аўтапарк у Шаркуцях знаходзіўся да 1986 года, пакуль у Жамыслаўлі не былі пабудаваныя новая мехмайстэрня і мехдвор для машын і трактараў.
Значны ўклад у развіццё саўгаснай вытворчасці ўнеслі механізатары, якія пражывалі ў вёсцы Шаркуці. Генадзь Нарбут працаваў у мехмайстэрні слесарам па рамонце трактараў і прычапнога інвентару. Выконваў работу добрасумленна, якасна. У перыяд уборкі зерневых культур сядаў за руль камбайна "Ніва". Па намалоце зерня часта займаў другое месца ў саўгасе.
Альфрэд Кулеш закончыў курсы матарыстаў у Ліпнішкаўскай сельгастэхніцы і вярнуўся ў саўгас. Якасна рамантаваў маторы калёсных трактараў МТЗ-50, МТЗ-80, гусенічных трактараў ДТ-54. Вельмі добра ведаў устройства камбайна. Да яго звярталіся за дапамогай многія камбайнеры. Кожнае лета сядаў за руль камбайна "Ніва" і збіраў ураджай на палях. Быў у саўгасных лідарах па намалоце збожжа.
Станіслаў Верабей на трактары Т-150, Генадзь Нарбут, Іван Яцкевіч і Павел Нарбут на трактарах МТЗ-80 якасна праводзілі ворыва, культывацыю, сеў яравых і азімых культур, пасадку, апрацоўку і копку бульбы на палях.
Іосіф Даўгуль з Шаркуцёў працаваў у саўгасе "Жамыслаўль" трактарыстам. Потым вучыўся ў Азёрскім сельскагаспадарчым тэхнікуме па спецыяльнасці тэхнік-механік. Доўгі час працаваў у саўгасе механікам брыгады "Цэнтральная". Займаўся арганізацыяй работы па рамонце сельгастэхнікі і яе захоўванні. З 1996 па 1998 год працаваў галоўным інжынерам саўгаса.
Яніна Іванаўна Мароз (дзявочае прозвішча Мікша) нарадзілася ў вёсцы Шаркуці ў 1944 годзе. Закончыла Жамыслаўльскую васьмігадовую школу. Марыла звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай. Паступіла і закончыла Азёрскі сельскагаспадарчы тэхнікум у 1965 годзе ў Калінінградскай вобласці па спецыяльнасці тэхнік-меліяратар.

Пётр Антонавіч і Яніна Іванаўна Марозы. 1970-я гг

У час вучобы пазнаёмілася з беларускім хлопцам з Барысаўскага раёна Пятром Марозам, які таксама вучыўся ў Азёрску на тэхніка-механіка. Маладыя пажаніліся ў 1965 годзе. Пасля заканчэння Пётр служыў у арміі ў г.Гвардзейску Калінінградскай вобласці. Яніна, атрымаўшы дыплом, працавала ў Азёрскай ПМК меліярацыі. Пасля службы Пётр таксама працаваў механікам у калгасе Азёрскага раёна.
У 1971 годзе сям'я Марозаў пераехала на працу ў саўгас "Жамыслаўль" і пасялілася ў бацькоўскім доме ў в. Шаркуці. Яніна Іванаўна ўладкавалася на працу ў кантору саўгаса інспектарам аддзела кадраў і працавала да выхаду на пенсію ў 2000 годзе. Пётр Антонавіч пачынаў працаваць у саўгасе аўтамеханікам. А потым быў прызначаны механікам па трактарах і сельгасмашынах брыгады Васілевічы. Быў адказны ў рабоце. Пастаянна забяспечваў надзейную работу тэхнікі на палях і фермах, своечасовую пастаноўку яе на рамонт і захоўванне.

Пётр Антонавіч і Яніна Іванаўна Марозы
з унукамі Віцем і Валерам. 2000 г.

Пётр Антонавіч пры жыцці рэгулярна адклікаўся на просьбы медыкаў і здаваў кроў, неабходную хворым людзям. Быў узнагароджаны нагрудным знакам "Почётный донор СССР".
Дачка Марозаў Галіна закончыла Чарняхоўскае педвучылішча ў 1990 годзе і два гады працавала настаўнікам пачатковых класаў у школе пасёлка Садовае Азёрскага раёна. У 1992 годзе пераехала жыць у Шаркуці. Працавала ў Жамыслаўльскай сярэдняй школе педагогам - арганізатарам, выхавальнікам групы падоўжанага дня. Завочна закончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы ў 2009 годзе па спецыяльнасці настаўнік пачатковых класаў. З 2000 года працуе настаўнікам пачатковых класаў у Жамыслаўлі. За шматгадовую і добрасумленную працу ў школе Галіна Пятроўна заслужыла павагу педкалектыву, вучняў і бацькоў.
Значны ўклад у развіццё гаспадаркі ўнеслі вадзіцелі машын, якія пражывалі ў Шаркуцях. Іван Хаткевіч працаваў і шафёрам, і кранаўшчыком на ЗІЛ-130 на розных пагрузачна-разгрузачных работах. Шафёр Альфрэд Грынюк працаваў на машыне ГАЗ-53 у саўгасе "Жамыслаўль", а потым у саўгасе "Суботнікі" да выхаду на пенсію. Быў адказны, машыну заўсёды трымаў у спраўным стане, перавозіў усе неабходныя грузы ў гаспадарках.
Працоўная біяграфія Генадзя Пясецкага таксама звязаная з пастаяннай работай вадзіцелем саўгаса "Жамыслаўль". Генадзю Іосіфавічу даручалі любыя транспартныя работы ў гаспадарцы, пасылалі ў камандзіроўкі, і ён, як старанны шафёр, ніколі не падводзіў. Яго жонка Галіна Эдуардаўна з 1982 года працавала даяркай, а потым да 2010 года - лабарантам фермы "Жамыслаўль". Генадзь Іосіфавіч і Галіна Эдуардаўна пражываюць у Шаркуцях.

А. Ігліцкі.
Працяг будзе.

Читайте ещё:



Оставить комментарий