Па гэтых шляхах адыходзілі савецкія воіны напружаным летам 1941 года. Ляснымі сцежкамі нашага краю прабіраліся затым партызаны, небяспечнымі дарогамі пад час акупацыі крочылі падпольшчыкі. А ў ліпені 1944 года гэтымі дарогамі прайшлі вызваліцелі. З ваеннымі шляхамі Іўеўшчыны звязана мноства драматычных, часам, нават вельмі незвычайных падзей. Пра адзін такі выпадак мне хочацца сёння расказаць.
У вызваленні Іўеўскага раёна прымалі ўдзел падпалкоўнікі Барыс Званароў і Наталля Званарова. Супадзенне ў прозвішчах не выпадковае. Гаворка ідзе пра родных брата і сястру. І вось яна, жорстскасць вайны: у час Вялікай Айчыннай вайны ім так і не давялося сустрэцца, хаця ў нейкія моманты, напрыклад, на тэрыторыі Гродзеншчыны, яны знаходзіліся зусім непадалёку адзін ад аднаго. А ўвогуле іх лёсы, надзвычай яркія і нават неверагодныя, выдатна характарызуюць тагачасную эпоху.
Барыс Званароў нарадзіўся ў 1899 годзе ў Санкт-Пецярбурзе. Дзевятнаццацігадовым юнаком назаўжды звязаў сваё жыццё з Чырвонай Арміяй. Удзельнічаў у грамадзянскай вайне. Затым вучыўся ва ўсходнім аддзяленні Ваеннай акадэміі, пасля атрымання дыплому быў накіраваны на Далёкі Ўсход і вельмі хутка апынуўся ў Токіа. Афіцыйна Званароў меў пасаду сакратара генконсульства СССР ў японскай сталіцы, а на самай справе збіраў звесткі для савецкай ваеннай разведкі і адначасова займаўся расшыфроўкай тэлеграфнай перапіскі, якая вялася паміж Токіа і Берлінам. Гэта ў многім дзякуючы менавіта яго намаганням і напружанай працы яго таварышаў, стала вядома пра пэўныя сакрэтныя планы гітлераўскай Германіі. У 1936 годзе Барыса ўзнагародзілі ордэнам Чырвонага Сцягу “за выкананне асаблівых дзяржаўных заданняў”.
Аднак настаў сумнавядомы 1938 год. Званарова адклікалі ў Маскву, дзе вопытны разведчык хутка апынуўся ў турэмнай камеры. Здавалася б, службовая кар’ера спецыяліста нябачнага фронту на гэтым скончылася, аднак скаргі арыштанта на беспадстаўнае затрыманне раптам разгледзелі. Барыса Званарова вызвалілі яшчэ ў даваенны час. Праўда, за мяжу выехаць ужо не дазволілі. Разведчык застаўся ў Маскве і працаваў выкладчыкам у адным з інстытутаў.
З першых дзён Вялікай Айчыннай Барыс Уладзіміравіч знаходзіцца на фронце. Ён узначальвае разведку стралковага корпуса. У 1944 г. ён становіцца адным з удзельнікаў аперацыі “Баграціён”. Гэта менавіта яго падначаленыя накіроўваюцца ў бліжэйшы нямецкі тыл, збіраюць там неабходную інфармацыю, бяруць у палон, калі гэта трэба, нямецкіх ваеннаслужачых. Падпалкоўнік Званароў вызначыўся пры вызваленні Мінска, Бабруйска, Гродзенскай вобласці. Яго асабістая адвага і ўмелае кіраванне падраздзяленнямі разведкі 4 жніўня 1944 г. было адзначана ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені. І яшчэ месяц пасля гэтага ваяваў Барыс Уладзіміравіч. Ён быў смяротна паранены ўжо на польскай тэрыторыі 6 верасня 1944 г. Пахавалі падпалкоўніка Званарова каля вёскі Малкіна Гурыя непадалёку ад Варшавы.
А цяпер звернемся да біяграфіі яго роднай сястры. Наталля Званарова нарадзілася ў 1901 г. На пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя займалася ў Ціміразеўскай сяльгасакадэміі ў Маскве. Пад час вучобы добра вывучыла нямецкую і французскую мовы. Менавіта гэтая акалічнасць зацікавіла прадстаўнікоў савецкай ваеннай разведкі. Наталля прайшла неабходную практыку ў Маскве, а затым была накіравана на выкананне спецзадання ў Вену. Што канкрэтна рабіла маладая жанчына ў аўстрыйскай сталіцы, дакладна невядома і сёння, аднак яе камандзіроўка была адзначана высокай дзяржаўнай узнагародай. І хутка пасля гэтага - круты жыццёвы паварот. У лістападзе 1938 г. яе звальняюць з Чырвонай Арміі і затым арыштоўваюць. Абвінавачванне не жартоўнае – Наталлю падазраюць у шпіянажы. Аднак яна вельмі мужна трымаецца на допытах, адмаўляецца рабіць ілжывыя прызнанні. У выніку ў яе жыцці адбываецца такі ж цуд, як і ў лёсе брата – поуўная рэабілітацыя яшчэ ў перадваенны час. А калі пачынаецца Вялікая Айчынная, Званарова не лічыць для сябе магчымым заставацца ў тыле.
Паколькі Наталля бездакорна валодае нямецкай мовай, яе залічваюць у спецыяльнае падраздзяленне па рабоце сярод войск праціўніка. Падпалкоўнік Званарова арганізуе рэгулярныя радыёперадачы для гітлераўскіх ваеннаслужачых. Заклік перастаць ваяваць, здавацца ў палон гучыць непасрэдна на лініі фронту. Вядома ж, вораг імкнуўся знішчыць надакучлівую машыну з радыёўстаноўкай, абстрэльваў з кулямётаў, мінамётаў і гармат.
Летам 1944 г. ваенны маршрут Наталлі Званаровай праходзіў праз Мінск, Маладзечна, Іўе, Ліду, Масты, Гродна… Так яна дайшла да Берліна, дзе пасля Перамогі некаторы час працавала ў камендатуры горада. Сярод яе ваенных узнагарод – ордэны Леніна, Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 2-й ступені. У другой палове 40-х Наталля Ўладзіміраўна вярнулася ў Маскву і некаторы час працавала ў разведупраўленні. Лёс падарыў ёй 93 гады жыцця, відавочна, за сябе і за брата.
Ю. КАМЯГІН.