ivyenews.by

Дом для патрэбных людзей і месца апошняй надзеі. Краязнаўчы праект "Былое ў сучасным"

О малой родине

Аўтар праекта - старэйшы навуковы супрацоўнік Іўеўскага музея нацыянальных культур М. ПАЗНЯК.

Пакуль рыхтаваўся дадзены матэрыял, з'явіліся новыя звесткі пра "Дом для патрэбных людей", пра які вялася размова напярэдадні. У адным з рукапісных успамінаў чытаем: "Па вуліцы Бернардзінскай, ад вугла плошчы па правым баку ўніз, дом, у якім жыў Меламед, належыў Фішэлеўскім". Раней адзначалася, што гэты дом быў узведзены на агульныя сродкі абшчыны. Але ў той час у Іўі былі і такія сем'і, што здавалі свае будынкі або іх частку ў арэнду. Магло быць і такое, а хутчэй за ўсё так і было, што сям'я Мошэ Фішэлеўскага здавала памяшканні, якія пуставалі, на патрэбы яўрэйскай абшчыне. Па памерах дома можна меркаваць, што сям'я была заможнай. У Мошэ і Хавы (сустракаецца і другое імя - Рашка) не было дзяцей. Яны мелі невялікую кандытарскую пякарню па вытворчасці прысмакаў. Выраблялі цукеркі, халву і прадавалі ў сваёй краме. Прадукцыя Фішэлеўскіх радавала як дзяцей, так і дарослых. Цяжка было абмінуць іх лаўку, бо ўся вуліца наўкол напаўнялася смачным водарам.

Наступны дом па вуліцы Бернардзінскай (дом № 13) належыў сям'і Ківялевіч (Кігялевіч). Пра яе вядома толькі тое, што ў сям'і было шмат дзяцей. Адзін з сыноў працаваў сакратаром у школе Тарбут. Тарбут - яўрэйская свецкая асветніцка-культурная арганізацыя, пад эгідай якой у перыяд між дзвюма сусветнымі войнамі была створана сетка свецкіх адукацыйных устаноў на іўрыце.
Дом №15. У даваенны час тут размяшчалася вядомая на ўсё мястэчка і яго ваколіцы крама тканін Шышкі Блоха. У той час тканіна была найбольш папулярным прадметам гандлю яўрэйскіх крамнікаў. Пералік тканін, якія прапаноўваў Шышка Блох, быў разнастайным і вялікім. Тут можна было набыць якасныя тканіны на касцюм, сукенкі і іншае адзенне. Гандаль быў наладжаны і прыносіў добры прыбытак. Тканіну на продаж закуплівалі ў вытворцаў і прывозілі з іншых гарадоў.

А вось для іўеўскіх яўрэяў, якім пашчасціла выжыць у страшныя гады Айчыннай вайны, і для іх нашчадкаў, гэты дом назаўжды страціў той салодкі пах і стаў месцам жудаснай з'явы, месцам апошняй надзеі, домам, ля якога праводзілася, так званая, "селекцыя".

У той векапомны страшны дзень, 12 мая 1942 года, на ганку менавіта гэтага дома стаялі тыя, хто вырашаў далейшы лёс 4 тысяч вязняў гета Іўя: афіцэры гестапа Вернер і Віндзіш, начальнік паліцыі Іўя обер-лейтэнант Шобер. Перад імі, у напрамку касцёла, прама ішлі асуджаныя на смерць сем'і. Ішло шмат дзяцей, якімі былі багаты яўрэўскія сем'і, ішлі жанчыны, пажылыя, аслабленыя і хворыя прадстаўнікі яўрэйскага насельніцтва мястэчкаў Іўеўшчыны. Налева і направа накіроўвалі тых, каму часова было падаравана права на жыццё - мужчыны маладога ці сярэдняга ўзросту, якіх можна было яшчэ выкарыстоўваць на работах, разам са сваімі сям'ямі.

Дом Ківялевіча, дом Шышкі Блоха.
Вуліца Карла Маркса (гіст.назва Бернардзінская) д. 13 і д.15

Гаспадару ж указанага дома Шышку Блоху наканавана было рушыць прама па вуліцы Бернардзінскай, насустрач смерці. І глядзеў Сусвет, як майскі, заліты сонцам і квеценню садоў і дрэў, дзень, пераўтвараўся для гэтых людзей і іх нашчадкаў у самы чорны, самы халодны, самы пракляты…

У пасляваенны час гэтыя дамы былі жылымі. У палове дома дома №15 з 2015 года размяшчалася крама "Автозапчасти", уладальнікам якой быў Дзмітрый Часлававіч Федарака. А з лістапада 2019 у гэтай жа палове размяшчаецца крама "Балычок" Яна Алегавіча Навасельскага.

Такімі звесткамі валодае музей. Мы будзем вельмі ўдзячны ўсім, хто дапоўніць або выправіць нашу інфармацыю, падзеліцца фотаздымкамі (зразумела, арыгіналы мы вам вернем), дапаможа нам і стане ўдзельнікам краязнаўчага праекта "Былое ў сучасным". Не абавязкова ісці да нас, можна звязацца з намі па тэлефоне 6-80-35.

Адновім і захаваем гісторыю Іўя для нашчадкаў разам!

Падрыхтавала да друку
В. ГУЛІДАВА.

Читайте ещё:



Оставить комментарий