Культработнікі ў каторы раз далі шанец прагучаць на галоўнай сцэне Іўеўскага раёна прыгожай беларускай мове. "Раённы конкурс выканаўцаў размоўнага жанру" ладзіўся ў Іўеўскім цэнтры культуры і вольнага часу напрыканцы мінулага тыдня.
Сёлета ў творчых чытаннях прынялі ўдзел 8 аддзелаў і сектараў культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадкоў Суботнікі, Геранёны, Лаздуны1, Ліпнішкі, Дайліды, Морына, Эйгерды, г.п. Юрацішкі і г. Іўе.
Кожны прадставіў таленавітых людзей, унікальных, поўных дзіўнай жыццёвай энергіі, дабрыні, шчырасці, якія чыталі свае любімыя творы на беларускай мове.
Урачыстасць, прысвечаная Году народнага адзінства, спрыяла апасродкаванай камунікацыі праз тэкст.
Творчыя нумары, прадстаўленыя на конкурс, адрозніваліся багаццем вобразаў і разнастайнасцю стыляў. Чытальнікі-выканаўцы выступалі ў трох намінацыях.
Першая намінацыя - "Лепшае выкананне вершаванага твора". Чытальнікі прадэманстравалі свае навыкі выразнага чытання, артыстычнае майстэрства, яскрава перадалі настрой твораў. Цікава, што гучалі вершы нашых землякоў (напрыклад, верш А. Ігліцкага "Світанак над Іўем") побач з паэзіяй класікаў літаратуры (напрыклад, балада "Маці"А. Куляшова).
Бурнымі апладысментамі ўдзельнікі творчага спаборніцтва ўспрынялі апавяданне А.П. Чэхава "Жизнь прекрасна", якое гучала ў другой намінацыі "Лепшае выкананне празаічнага твора". Прачытала Анастасія Джураева (аддзел культурна-масавай і асветніцкай работы г.п.Юрацішкі), і яе выступленне вылучалася сваёй індывідуальнасцю і адкрытасцю.
Трэцяя намінацыя "Лепшае выкананне камедыйна - сатырычнага твора" стала цудоўнай магчымасцю падзяліцца тым, што назапашана ў нашай памяці і душы, што засталося нам ад нашых продкаў, ад духоўнай спадчыны . Вось гэта быў прыклад-заклік да захавання роднай мовы і беражлівых адносін да яе! А назвы твораў гаварылі самі за сябе: "Чаму ж я не замужам", "Ганна ў ваннай", "З вясковага жыцця", "Мне чужога не патрэбна" - кладзезь народнай мудрасці, гумару і трапнага беларускага слова.
На працягу праграмы можна было не толькі праслухаюць удзельнікаў конкурсу, але і пазнаёміцца з цікавымі старонкамі біяграфіі пісьменнікаў і паэтаў, з традыцыямі і народным адзеннем, пачуць ігру на музычных інструментах.
Зразумела, конкурс - гэта свята, яркія, незабыўныя ўражанні. Але гэта яшчэ і праца. Няпроста было чытальнікам і журы. Таму сумесным рашэннем гледачоў усе удзельнікі прызнаны пераможцамі конкурсу.
Аднак рашэннем журы былі ўзнагароджаны дыпломамі сектара культуры Іўеўскага райвыканкама, Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу у намінацыі "Лепшае выкананне вершаванага твора " - Дар'я Уляшка ( г.п.Юрацішкі), Валерыя Грынюк (аг.Геранёны), Аляксандра Бурбліс ( аг.Ліпнішкі); Сяргей Марцінкевіч (Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу); у намінацыі " Лепшае выкананне празаічнага твора" - Анастасія Джураева ( г.п.Юрацішкі); у намінацыі "Лепшае выкананне камедыйна - сатырычнага твора" - Алена Куколь (аг.Эйгерды), Уладзіслава Грынюк ( аг. Геранёны), Марына Аніскевіч (аг.Суботнікі).
Ірына ХАЛЯВА.
Фота Станіслава ЗЯНКЕВІЧА.