
..Ён нарадзіўся 9 снежня 1891 года ў Мінску. Але ўжо летам гэтага ж года сям`я будучага паэта пераязджае ў Гродна. Пасля ў Ніжні Ноўгарад і Яраслаўль. Зноў у Мінск ён вернецца толькі ў кастрычніку 1916-га.
Тут Багдановіч знаходзіць аднадумцаў, актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці, працуе сакратаром у губернскім харчовым камітэце — дапамагае ахвярам вайны. Гэта была цяжкая і самаадданая праца, якая падарвала і без таго слабое здароўе паэта. З юнацтва ён хварэў на туберкулёз. Тым не менш і ў Мінску Багдановіч не перастае пісаць. Тут былі створаны яго выдатныя вершы «Страцім-лебедзь», «Пагоня».
Каб палепшыць фізічны стан паэта, сябры сабралі неабходныя грошы і адправілі яго лячыцца ў Крым. У канцы лютага 1917-га Багдановіч пакідае Мінск. Назад ён ужо не вернецца, яго не стане 25мая. Ён пражыў вельмі кароткае — 25 гадоў, але вельмі яркае і плённае жыццё. Самы малады класік беларускай літаратуры, наш Лермантаў, як яго называюць, Багдановіч пакінуў багатую творчую спадчыну, якая і сёння не перастае цікавіць, здзіўляць, уражваць і захапляць сучаснікаў.
Паэт, празаік, публіцыст, літаратуразнаўца, перакладчык, адзін з заснавальнікаў беларускай літаратурнай мовы новага часу. Пры гэтым мову вывучыў, знаходзячыся ўдалечыні ад радзімы. І асвоіў яе Максім Багдановіч дасканала. Сведчанне таму — яго непераўзыйдзеная, шчырая і душэўная лірыка кахання. Лепшыя з гэтых твораў могуць быць аднесены ды шэдэўраў сусветнай паэзii. Такія вершы не пішуцца з пустым сэрцам. Перажываў малады паэт і захапленні, і расчараванні.
Вясной 1909-га Максім Багдановіч захварэў на туберкулёз. Бацька паэта Адам Ягоравіч узгадваў ва ўспамінах, што павёз 18-гадовага сына на лячэнне ў Ялту, пасялiў у пансiёне на малочнай ферме «Шалаш», дзе жылі такія ж хворыя пастаяльцы, пераважна моладзь. І сярод іх — дзяўчына, з якой Максiм пазнаёмiўся, а пазней, ужо з Яраслаўля, падтрымлiваў некаторы час перапiску.
Пра яе амаль нiчога невядома: не захавалася ні імя, ні фотаздымкаў, ні перапiскі. Але ёй Багдановiч прысвяцiў адзiн з лепшых сваiх вершаў — «Цемень» (1909), пад якім подпіс: «Ахвярую М.А.Кіц-най». Даследчыкі называюць яе М.А. Кіціцынай, але загадчык Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Марына Запартыка гаворыць: прозвішча расшыфравана ўмоўна, дакладных звестак няма. Таксама застаецца гадаць, ці былі тыя адносіны больш чым сяброўскімі.
Гісторыя першага кахання Багдановіча звязана з імем Ганны Рафаілаўны Какуевай. А.Р.К., Ганна Р-на К-ва — таксама яна, сястра Максімавых гімназічных таварышаў Рафаіла і Мікалая Какуевых, трохі за іх старэйшая, удзельніца вясёлых гульняў у доме Какуевых у Яраслаўлі. Пазней, калі моладзь падрасла і раз’ехалася, Ганна вучылася ў Санкт-Пецярбургу ў кансерваторыі, была піяністкай. З Максімам яны бачыліся толькі, калі яна прыязджала на канікулы.

Ёй было аддадзена сэрца паэта. Сярод яго твораў — чацвяртны акраверш (з пачатковых літар складаецца імя), прысвечаны каханай дзяўчыне:
Ах, как умеете Вы, Анна,
Не замечать, что я влюблен.
Но все же шлю я Вам не стон,
А возглас радостный: осанна!
Ганне Багдановіч прысвяціў многа вершаў, у тым ліку цыкл пад назвай «Мадонны» з двух невялікіх паэм «У вёсцы» і «Вераніка». Знакамітыя радкі, якія сталі песняй «Ізноў пабачыў я сялібы, дзе леты першыя прайшлі…», — адтуль.
Але чаму — Вераніка? Гэта імя вельмі падабалася паэту. Яно належала яго маленькай сяброўцы Роначцы — Веранічцы Залатаровай, маленькай дзяўчынцы, якой паэт быў зачараваны, купляў ёй кніжкі і нават пісаў для яе вершыкі.
Палкіх пачуццяў Максіма Ганна не падзяляла. Выйшла замуж за яго аднакласніка Івана Лілеева, але яе вобраз заставаўся жыць у сэрцы паэта. Вершы пра Аню ён нават хацеў сабраць у асобны зборнік «Палын-трава», сама назва якога асацыіруецца з горыччу і расчараваннем ад нераздзеленага кахання.
Пасля Яраслаўля Максім і Ганна больш не бачыліся ніколі. Цікава, што менавіта ў сям’і Ганны Рафаілаўны ў Ленінградзе захоўваўся зборнік вершаў «Вянок» з дароўным аўтографам Багдановіча яе брату Мікалаю. Пра гэта стала вядома ў пачатку 1970-х ад сына Ганны Мікалая Лілеева, які перадаў кнігу ў Мінск. Ён расказваў, што на ўсе спробы высветліць у маці, чаму апынулася ў яе не ёй падораная кніга, тая адказвала маўчаннем.
Дарэчы, даследчыкі лічаць, што знакамітая «Зорка Венера» таксама прысвечана Ганне Какуевай.

Менавіта для Нюты Максім пераклаў на рускую мову свой зборнік «Вянок», бо тая сказала, што не ведае беларускай і не зможа ацаніць яго вершы. Рукапісную кніжку паэт назваў «Зеленя» (1909—1913) і, аддаючы ў падарунак, не абмінуў пакпіць: ці то з сястры, ці то са сваіх вершаў. На вокладцы яго рукой напісана нямецкая літаратурная прыказка: «Переводы стихов — словно женщины, если красивы, то неверны. А если верны, то некрасивы».
Пра гісторыю крымскага кахання паэта вядома вельмі мала. Захаваліся толькі звесткі з сяброўскіх перапісак пра тое, што ў 1915 годзе падчас лячэння Максім быў закаханы ў замужнюю жанчыну. Яе звалі Клава. Прозвішча — Салтыкова, вылічылі пазней даследчыкі. Жанчына з такім імем і прозвішчам жыла з Багдановічам у адзін час і ў адным пансіёне ў Ялце. Палкі курортны раман. Пасля яны раз’ехаліся кожны да сябе, вялі перапіску. Колькі — невядома… Пра тыя адносіны застаўся рукапіс, так званы «інтымны дзённік» Багдановіча, інтрыга якога захоўваецца ўжо шмат гадоў. Гэта не дзённік у звычайным уяўленні, а ўсяго некалькі старонак тэксту, напісаных неразборліва алоўкам. Нататкі паэт рабіў не для чужых вачэй і не клапаціўся выводзіць літары. Нават спробы спецыялістаў-экспертаў расшыфраваць запісы скончыліся нічым, расчыталі толькі часткова. Марына Запартыка гаворыць: ажыятажу вакол гэтага дзённіка многа, пакуль яго не бачаць. Дарэчы, выставіць рукапіс у пастаянную экспазіцыю нельга: такія правілы захоўвання. Але калі гадоў пяць таму дзённік паказалі на часовай выставе, ніхто асаблівай цікавасці чамусьці не праявіў — некалькі някідкіх і нечытэльных старых аркушаў.
Пачуццямі ж, якія жылі ў душы паэта пасля той сувязі, прасякнуты яго верш, напісаны ў 1915-м: «Забудется многое, Клава,/Но буду я помнить всегда,/ Как в сердце шипела отрава/ Любви, и тоски, и стыда».
З Вандай Лявіцкай, дачкой пісьменніка Ядвігіна Ш. Максім Багдановіч пазнаёміўся па перапісцы. У 1916 годзе ён заканчваў Яраслаўскі юрыдычны ліцэй, яна — актыўна ўдзельнічала ў літаратурна-грамадскім і асветніцкім руху ў Мінску. Ініцыятыва пісьмовага звароту да Багдановіча сыходзіла менавіта ад яе. І ён адгукнуўся.
Яе лісты — вельмі прыгожыя, шчырыя, натхнёныя. Максіма, магчыма, захапіў рамантычны настрой, разважае Марына Запартыка. Некаторыя даследчыкі творчасці паэта мяркуюць, што ў тым ліку і да Ванды ехаў у Мінск Багдановіч. І яна чакала яго як каханага. Але — зноў расчараванне: пры сустрэчы дзяўчына знешне Максіму не спадабалася. Паэту было прыкра, што пакрыўдзіў пачуцці Ванды, зрабіў ёй балюча. Гэтымі перажываннямі дзяліўся з Зоськай Верас, ёсць пра тое яе ўспаміны.
У канцы лютага 1917 года Багдановіч назаўсёды пакідае Мінск. Яго жыццёвы шлях абарвецца ў гэты ж год, 25 мая ў Ялце. А восенню Ванда Лявіцкая выйдзе замуж за пісьменніка Язэпа Лёсіка. Стане яму вернай жонкай і добрай маці для яго дзяцей.