Некалі бабуля казала: “І пень убяры, дык будзе прыгожы”. Усе ўборы яна хавала ў вялікім драўляным куфары. Перад галоўнымі каляндарнымі святамі, шырока яго расчыніўшы і дастаючы з нейкіх таямнічных глыбінь ільняныя палотна, тканіны, вышыванкі і ручнікі ў беларускіх арнаментах, неяк асабліва беражліва іх гладзіла натруджанай рукой і няспешна распавядала, што квадрат ці ромб — гэта знак зямлі, хлебнага поля, крыж — знак агню, лінія або хваля — знак вады.
Гэтыя ўспаміны прыйшлі падчас свята рамёстваў “ Повязь часоў “, якое адбылося а дванаццатай гадзіне ў нядзелю ў аграгарадку Дайліды на базе сектара культурна-масавай і асветніцкай работы.
Тут можна было ўбачыць сапраўдных “сведкаў” даўніны на выставах народнай творчасці і падчас майстар- класаў па традыцыйных відах рамёстваў.
Дзень радаваў цяплом і прыгажосцю, а залатыя галасы беларускай душы паклікалі ў карагод- прывітанне “Сення ў нашай хаце свята”.
Гаспадыня растлумачыла, што традыцыйныя мастацтва і рамёства беларусаў, як повязь часу мінулага з сучаснасцю, вечна жывая душа народа, яго багаты, назапашаны стагоддзямі практычны вопыт. У ролі гаспадыні мерапрыества, вядома, старшыня сельскага выканаўчага камітэта Таісія Валенцінаўна Лось.
Знакі родавай памяці беларускія прашчуры пачалі перадаваць нашчадкам пяць-сем тысячагоддзяў таму назад.
А цяпер мы маглі іх бачыць усе разам у святочным дэфіле-кампазіцыі “Дзівосы рамёстваў”: вырабы з лазы і саломы, вышыўка гладдзю, сучасная выцінанка, прылады з апрацаванага дрэва…
Праграма свята была вельмі цікавай і пазнавальнай. Так, даведаліся, што з лазы нашы продкі ўзводзілі жыллё, гаспадарчыя пабудовы, рабілі посуд. З лазы плялі нават рыбалоўныя сеткі і пасткі для птушак і жывёл і, вядома, кошыкі. Лозапляценне было не толькі паўсюдным хатнім заняткам але і развітым промыслам, асабліва у канцы 19 - пачатку 20 стагоддзя.
Вышыўка ж з’яўлялася абавязковай часткай упрыгожвання вопраткі і жылля. Першапачаткова вышывалі белымі і шэрымі ніткамі. Пазней навучыліся фарбаваць іх, а потым выкарыстоўвалі для вышыўкі бісер, валасы, каштоўныя камяні.Таксама на тканіну клаліся вобразы кветак, лістоў, звяроў, птушак. Усё мела выгляд, як у жыцці, толькі замест фарбаў - рознакаляровыя ніткі. Мова геаметрычных фігур была усім зразумелай і суправаджала любую падзею ў жыцці чалавека: ад нараджэння да смерці.
Ужо да 11-13 стагоддзяў беларусы валодалі ўсімі спосабамі апрацоўкі дрэва: разьбою,сталярным і бондарным рамяствамі. Ведалі такарны станок. У кожным доме былі прадметы хатняга ўжытку і прылады працы: лодкі,калёсы,сані, павозкі, калаўроты, посуд, віды мэблі.У нашы дні шырока распаўсюджаны дрэваапрацоўчыя рамёствы: цяслярства,бондарства, дзяўбленне, разьба па дрэве. З часам з простага рамяства дрэваапрацоўка ператварылася ў сапраўднае мастацтва.
Выкарыстанне саломы для пляцення розных гаспадарчых прадметаў адносіцца да таго перыяду гісторыі чалавецтва, калі было асвоена земляробства.
У цяперашні час найбольш папулярныя куфэркі, шкатулкі, лялечкі і фігуркі з саломкі, апранутыя ў традыцыйныя касцюмы з льну і аздобленыя вышыўкай, рамкі, насценныя карціны, жаночыя ўпрыгожванні.
Ткацтва ў беларусаў было хатнім заняткам жанчын. Любая дзяўчына з малых гадоў умела ткаць паясы, ручнікі, коўдры з лёну,воўны і бавоўны.
У канцы 19 і асабліва у пачатку 20 стагоддзя папяровыя ўзоры можна было бачыць у кожнай хаце. Гэта традыцыйны дэкор беларускага народнага жылля, у якім выцінанка выконвала ролю белых фіранак на вокнах,кветак на шыбах, сурвэтак на мэблі, аздобы паліц, рамак, абразоў.
-Вельмі прыемна адзначыць той факт, што адзін з вядомых у Беларусі майстар па выцінанцы Станіслаў Муліца наш зямляк. Зараз майстар жыве у горадзе Гродна. Работы яго вядомы шырока за межамі нашай дзяржавы. Амаль за 30 гадоў Станіслаў Вітольдавіч стварыў больш за тысячу значных твораў. Некаторыя з іх знаходзяцца у фондах вялікіх музеяў: у гісторыка-археалагічным музеі гісторыі рэлігіі у Гродна, у музеі сучаснага мастацтва ў Дрэздэне, у Варшаве, у Кракаве. На пачатку лютага ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Карскага адкрылася вялікая і самая масштабная за ўсе часы дзейнасці майстра выстава “Чароўны свет выцінанкі”. На ёй больш за 200 твораў,- паведамілі работнікі культуры.
Жартавалі, спявалі песні, адгадвалі загадкі і прымаўкі. Вось вы, напрыклад, ведаеце, у каго было больш шанцаў выйсці замуж: у ткачыхі ці ў не ткачыхі? Так, сялянка павінна быць рукадзельніцай, умеліцай.
Паспрабавалі свае навыкі ткацтва разам з Зояй Эдуардаўнай Старасцінай. Займальная творчасць з простага матэрыялу да густу і малым, і дарослым.
А майстар-клас народных танцаў “Кракавяк”, “Лысы” і побытавых танцаў, а таксама выконвання народных песень дарылі народны ансамбль народнай песні “Спадчына” аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аг.Лаздуны, ансамбль народнай музыкі “Вечарынка” аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аг. Геранёны, творчы калектыў работнікаў Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу, народны ансамбль народнай песні “Даўніна” аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аг.Геранены.
Напрыканцы заспявалі разам песню“Бывайце здаровы, жывіце багата” і згадзіліся, што калі ў народзе кажуць” чалавек згубіў свае карані”, дык вось гэта не пра іўяўчан .
Традыцыйнае мерапрыемства натхняла вывучаць родную краіну разам з яе маляўнічымі месцамі і моцнымі традыцыямі. Калі творчасць змешваецца з прыродай, асабліва адчуваеш веліч беларускай спадчыны і даеш абяцанак быць святлом на тым месцы, дзе ты ёсць. Бо ўсе цудоўнае ў чалавеку-ад малака маці, промняў сонца і генетыкі зямлі і роду.
Ірына Халява.