Каплічкі, невялічкія культавыя пабудовы, якія стаяць пры ўездзе ў населеныя пункты, заўсёды дапаўнялі і дапаўняюць беларускі краявід. І наша іўеўская зямля не выключэнне. Найбольш вядомыя каплічкі ў Ліпнішках, Геранёнах, Жамыслаўлі, Ганчарах, Суражы, Квяткоўцах, Чарнэлях. Усе яны датуюцца канцом ХІХ - пачаткам ХХ стагоддзяў. Яны і сёння спыняюць на сабе позірк кожнага падарожнага, нагадваюць, што, акрамя матэрыяльных каштоўнасцей, ёсць і духоўныя. Узводзячы гэтыя культавыя пабудовы, нашы продкі такім чынам выказвалі сваю любоў і ўдзячнасць Богу за апеку над імі, над ўсім пасяленнем.
Але, амаль ніхто не ведае, што і наша Іўе таксама мела падобную капліцу. Упершыню пра існаванне прыдарожнай капліцы ў Іўі даведалася з успамінаў былога жыхара Іўя Канстанціна Юрэвіча, 1930 г. нараджэння. Яны захоўваюцца ў фондах нашага музея: "Пры вуліцы Віленскай (цяпер 1 Мая) стаяла невялікая мураваная каплічка з фігурай Пана Езуса".
У інвентары рымска-каталіцкай парафіі Іўя ад 9 снежня 1930 года, складзеным ксяндзом Ільдэфонсам Бобічам, пасля яго ўступлення ў кананічнае валоданне, сярод пераліку парафіяльных капліц ёсць звесткі і аб прыдарожнай мураванай капліцы, што стаяла на канцы мястэчка пры развілцы дарог на Ліпнішкі і Суботнікі. Толькі Бобіч у апісанні зазначае, што капліца "змяшчае крыж з фігурай Збаўцы".
Карэнная жыхарка Іўя Рэгіна Ігнатаўна Давідовіч, якая пражывае па вуліцы 1 Мая, памятае гэтую каплічку. Дзякуючы ўспамінам жанчыны, мы паспрабавалі ўзнавіць яе выгляд. Гэта была адкрытая слупковая каплі-ца. Пастамент быў з бутавага каменя. На ім ўзвышалася фігура прыкленчанага Хрыста з крыжам на плячах. Менавіта такая постаць нашага Збаўцы была красамоўным знакам для спрацаванага селяніна ў тым, што ўсе цяжкасці і пакуты акупяцца ўваскрасеннем. Згодна ўспамінам Рэгіны Ігнатаўны, яна стаяла на развілцы дарог на Ліпнішкі і Урцішкі, а за ёй яшчэ хаты тры.
На чые сродкі была пабудавана капліца, калі? Гэта, на жаль, невядома. Няма звестак не аб фундатары, не аб будаўніках. Шкада, што і яна сама не захавалася да сённяшняга дня. У час атэізму знішчана частка гісторыі нашага Іўя, сведчанне мінулага для наступных пакаленняў.
Матэрыял падрыхтавала М.Пазняк, старшы навуковы супрацоўнік Іўеўскага музея нацыянальных культур.
Малюнкі Сяліма Ільясевіча, выкладчыка мастацкага аддзялення ДШМ.