09 чэрвеня 2022 года ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу адкрылася раённая выстава-конкурс сямейнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці "Сям'я - крыніца натхнення", якая працягнецца да 29 чэрвеня. Асноўная мэта выстаўкі-конкурсу - павышэнне сацыяльнай і творчай актыўнасці сям'і, праз адраджэнне традыцый сумеснай сямейнай творчасці ў розных відах мастацтва. Сумесная творчасць, не толькі ўзбагачае сямейны вольны час, але і аб'ядноўвае дзяцей і дарослых у агульных справах. Бывае так, што гадзіна сумеснай творчай дзейнасці, жывая цікавасць бацькоў і агульныя ўражанні застаюцца ў памяці дзіцяці на ўсё жыццё.
Удзел у выставе бяруць 7 сем'яў (каля 30 чалавек) з 7 населеных пунктаў Іўеўскага раёна, якія прадставілі больш за 50 работ у розных тэхніках. Работы прадставілі і добра вядомыя нам сем'і – Пякша з аг. Ліпнішкі, Пуйдак з аг. Геранёны, Рынгель з аг. Дайліды, так і сем’і, якія бяруць ўдзел упершыню, напрыклад, сям’я Станулевіч з в. Красоўшчына. У экспазіцыі – традыцыйная і народная лялька, вышыўка і ткацтва, разьба па дрэве і саломапляценне, тэкстыль і паперапластыка і шмат іншага. Кожная работа са сваім настроем - тут і трапяткое стаўленне да гісторыі нашай Радзімы, да гісторыі сваёй сям'і, і па-майстэрску ўвасобленая фантазія. Усе работы цікавыя, арыгінальныя, своеасаблівыя. Вырабы, зробленыя сваімі рукамі, нікога не пакінуць абыякавымі.
Запрашаем жыхароў горада наведаць выставу і атрымаць задавальненне ад сустрэчы з прыгожым, якое дораць творчыя сем'і Іўеўшчыны. Выстава працуе штодня з 10.00 да 17.00, перапынак з 13.00 да 14.00. Тэлефон для даведак 68006.