Больш 13 тысяч квадратных метраў плошчы перад Палацам спорту ў Мінску заняла выстава-кірмаш вырабаў народных промыслаў (рамёстваў), нацыянальнай сувенірнай прадукцыі і страў беларускай кухні "Беларускі сувенір", якая была прысвечана 70-й гадавіне вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Майстры з усёй Беларусі прадставілі на гэтае вялікае цудоўнае відовішча вырабы традыцыйных мастацкіх рамёстваў: разьбу, ганчарныя і кавальскія вырабы, ткацтва, вышыўку, бісерапляценне, роспіс, пляценне з прыродных матэрыялаў і іншае.
Гэта было свята ўмельцаў, творчых, апантаных любоўю да сваёй цікавай справы людзей. Гэта было свята і для наведвальнікаў гэтай выставы. Можна было набыць непаўторныя сувеніры ручной работы, паспрабаваць смачныя беларускія стравы, як бы вярнуцца ў далёкія гады, калі і тыя вырабы, і тыя стравы не былі сувенірамі для выстаў, а проста звычайным укладам жыцця, патрэбнай работай, каб забяспечыць сябе неабходнымі рэчамі штодзённага ўжытку.
Гродзенскую вобласць сярод асобных яе раёнаў прадстаўлялі і нашы майстры, якія славяцца сваімі талентамі, а раённы цэнтр рамёстваў пад кіраўніцтвам Ірыны Смірновай лічыцца адным з лепшых у вобласці і краіне.
Ірына Смірнова, Вера Чурэйна, Зоя Старасціна, Алеся Андрыянава ўдзельнічалі ў выставе - кірмашы. І, безумоўна, творчае адкрыццё РЦМ апошняга часу - Леакадзія Канстанцінаўна Іваноўская разам са сваім калаўротам. Прыгожыя жанчыны, прыгожыя вырабы прыцягвалі ўвагу наведвальнікаў выставы да "Іўеўскага падворка".
А яшчэ на выставе-кірмашы спявалі артысты "Юрацішкаўскага кірмашу" - сплаў творчых людзей, кожнае выступленне якіх з удзячнасцю ўспрымаецца публікай. Артысты з Юрацішак выступалі і на "Іўеўскім падворку", і на галоўнай сцэне выставы-свята.
В. ГУЛІДАВА.