Наша Бацькаўшчына цікавая перш за ўсё сваімі таленавітымі людзьмі і іх творчай дзейнасцю. Вырабы з дрэва, гліны, саломы ды лёну захапляюць і здзіўляюць сваёй прыгажосцю. А ткацтва здаўна было адным з распаўсюджаных заняткаў на Беларусі. Да гэтага часу майстры захоўваюць традыцыі рамяства і працягваюць перадаваць сваё майстэрства наступным пакаленням.
У гэтым годзе ў Геранёнскім філіяле раённага цэнтра рамёстваў пачаў працаваць гурток па ткацтве, якім кіруе Юзэфа Эдуардаўна Старасціна.
Юзэфа Эдуардаўна з'яўляецца загадчыцай філіяла, але заўсёды імкнецца знайсці час на заняткі з дзецьмі, каб падзяліцца з імі сваім захапленнем тварыць прыгажосць. Якія толькі цуды ні стварае гэтая чароўная жанчына: ў яе руках салома ператвараецца ў капялюшы, пташкі ды кветкі, і ў адзін момант ажываюць лялькі. Ды і яна сама здалася мне нейкай чараўніцай, якая ведае казачныя таямніцы.
Цяпер Юзэфа Эдуардаўна зацікавілася ткацтвам, якім раней займалася яе матуля. Яна знайшла кросны, якія падаравала філіялу Ганна Іванаўна Садоўская з вёскі Жылі. Станок як раз добра падышоў да адведзенага для заняткаў пакою. Калі кросны былі ўстаноўлены, іх трэба было аснаваць, у чым дапамог майстар з Ліды, які сам ужо некалькі год займаецца ткацтвам і нават зарабляе добрыя грошы за продаж сваіх вырабаў.
І цяпер майстрыха спасцігае гэтую справу разам са сваімі вучнямі. Ткацтва - гэта вельмі карпатлівая праца, але вырабы атрымліваюцца на дзіва прыгожымі і ўнікальнымі. У гуртку займаюцца 8 дзяцей: 7 дзяўчынак і 1 хлопец, і Юзэфе Эдуардаўне хочацца кожнаму данесці сакрэты гэтага цікавага майстэрства.
- Я кажу дзеткам, каб яны займаліся і набывалі вопыт, калі гэта ім падабаецца, - расказвае Юзэфа Эдуардаўна. - У жыцці гэта справа можа быць як цікавым заняткам, так і асноўнай працай. Я вось раней і падумаць не магла, что пляценне з саломкі настолькі запоўніць маё жыццё.
Дзеткі каля Юзэфы Эдуардаўны так і тульчаць, слухаючы яе аповяды і старанна выконваючы яе парады. Яны з вялікай павагай дакранаюцца да кроснаў і перабіраюць нітачкі, мабыць так яны знаёмяцца з працай, каб дабіцца потым у ёй поспехаў.
- Мне вельмі падабаецца хадзіць на заняткі, - паведамляе мне адна з вучаніц Ганна Юруш. - Я хачу навучыцца ткаць прыгожыя ручнікі і сурвэты, каб яны ўпрыгожвалі беларускія хаты.
Гурток працуе ўсе дні, акрамя панядзелка і аўторка. Даўжэй гурткоўцы займаюцца ў суботу і нядзелю, таму што і ў Юзэфы Эдуардаўны, і ў дзяцей у выхадныя дні больш часу. Гурток толькі пачаў дзейнічаць, а дзеткі - вучыцца, але ў іх ужо адчуваецца бадзёры настрой і імкненне. Як пісаў раней пра слуцкіх ткачых Максім Багдановіч: "I тчэ, забыўшыся, рука замiж пярсiдскага ўзору цвяток радзiмы васiлька" - так сёння і я з замілаваннем расказваю вам пра геранёнскіх аматараў гэтай справы. Пажадаем ім поспехаў і будзем чакаць ад іх унікальных вырабаў!
М.БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.