Як прыгожа развітваецца лета! Класічна развітваецца, як і было спрадвеку задумана ў прыродзе. Крыху застыла ад халадоў прырода, як бы змірылася, а потым схамянулася ды і папрасіла ў восені некалькі кастрычніцкіх дзён. І загуляла па вуліцах, лясах і лугах бабіна лета. Правільна, класічна загуляла. У кастрычніку сонечныя промні зноў сталі цёплымі, а лісце - чароўна-залатым, а карункі павуціння ловяць у паветры кроплі туманаў, каб развесіць іх брыльянтамі на сонцы. Ах, якая прыгажосць!
Так і патрэбна, калі свята сваё адзначаюць стваральнікі той прыгажосці, гармоніі гукаў і рухаў, слоў і жэстаў - культработнікі, асобы неардынарныя, творчыя, апантаныя, якія добраахвотна здаліся ў палон музаў і служаць ім, не зважаючы ні на што.
Мне здаецца, што вельмі несправядліва, што канцэрт, прысвечаны прафесійнаму святу работнікаў культуры, пераўтвараецца ў невялічкае карпаратыўнае мерапрыемства. Невялічкае па часу, ды вялікае па зместу! Колькі талентаў! Колькі творчага запалу, колькі гумару! І ў такім своеасаблівым "капусніку" раскрываюцца і імёны, і дасягненні. Можна яго ўспрымаць і як справаздачу "культурнага" года. Усё гэта патрэбна б было паказаць гледачу! Ды нішто! Іўеўскі глядач не пакрыўджаны, бо на раённай і сельскай сцэнах працуюць сапраўдныя прафесіяналы, творцы. А творцам, можа, і сапраўды хочацца пабыць у вузкім коле. Напрыклад, такім, якое арганізавалі яны напярэдадні свайго свята ў пятніцу, 10 кастрычніка.
Святочная ўверцюра напоўніла залу адпаведным настроем. Таленты на сцэне, таленты ў глядзельный зале - вялікі сход талентаў!
Са сцэны гучаць віншаванні работнікам устаноў культуры і вольнага часу, музеяў і бібліятэк, кіраўні-кам і педагогам дзіцячых школ мастацтваў, кіраўнікам народных творчых калектываў, удзельнікам аматарскіх аб'яднанняў і калектываў аматарскай творчасці і, самае галоўнае, у адрас удзячных гледачоў. Напэўна, яно праві-льна - музы будуць плакаць, калі апусцее глядзельная зала.
У гэты дзень са сцэны былі агучаны наступныя факты: за год было праведзена больш як 480 канцэртаў і спектакляў, арганізавана 148 выстаў, праведзена 1718 мерапрыемстваў. Атрыманы перамогі на раённых, абласных фестывалях, аглядах, конкурсах. Лаурэатам першай ступені адкрытага рэгіянальнага фестывалю - конкурсу дзіцячых аматарскіх танцавальных калектываў сярод сельскіх устаноў культуры стаў калектыў "Аквамарын" Ліпнішкаўскага сельскага Дома культуры.
Дыпломам лаўрэата другой ступені абласнога агляду-конкурсу аматарскіх аб'яднанняў "Свет захапленняў" узнагароджаны Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу.
Дзіцячы фальклорны калектыў "Жавароначкі" Бобравіцкага сельскага Дома культуры, фальклорны калектыў "Жытніца" Суботніцкага сельскага Дома культуры, а таксама фальклорны ансамбль і аўтэнтычны гурт Бакштаўскага сельскага Дома культуры сталі ўдзельнікамі тэлепраграмы "Наперад у мінулае".
Сардэчна віншаваў прысутных са святам намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Аляксандравіч Раманюк, які, у прыватнасці, сказаў:
- Гэтае свята аб'ядноўвае неардынарных, творчых, таленавітых людзей, якія ствараюць узнёслы настрой, дадатныя эмоцыі, дабром і прыгажосцю напаўняюць чалавечыя сэрцы.
Дзякуючы вашым ідэям і карпатлівай працы, наша грамадства жыве цікавым жыццём. Сваёй штодзённай працай вы захоўваеце і ўзбагачаеце культурна - духоўныя каштоўнасці.
Вы выконваеце высакародную місію - выхоўваеце духоўна, далучаеце да цудоўнага, дапамагаеце людзям развіваць свае таленты, робіце жыццё людзей больш цікавым і насычаным.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вольга Чаславаўна Барко шчыра віншавала калег з надыходзячым святам. Яна адзначыла, што "сёння Іўеўшчына славіцца моцнымі традыцыямі, якія ідуць з глыбіні стагоддзяў. Дзякуючы работнікам культуры, з года ў год гэтыя традыцыі мацнеюць і развіваюцца. Вынікі часам нябачнай работы ў клубах, кнігасховішчах, фондах, бібліятэках дазваляюць ажыццяўляць бесперапынную перадачу духоўнага вопыту ад пакалення да пакалення, далучаюць чалавека да вечных каштоўнасцей."
Вольга Чаславаўна выказала ўпэўненасць, што пастаянны творчы пошук культработнікаў будзе, як і раней, накіраваны на захаванне, развіццё і памнажэнне гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю, далейшы росквіт усіх відаў мастацтва ў імя адраджэння духоўнасці, узвышэння дабра, людскасці, узаемаразумення і любові. В. Барко сардэчна павіншавала таксама ветэранаў культасветработы.
Вялікая група культработнікаў была адзначана за шматгадовую творчую працу, значны ўклад у справу адраджэння і захавання культуры нашага раёна.
Ганаровай граматай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі ўзнагароджаны: Генадзь Францавіч Рынгель (акампаніятар Дайлідскага СДК), Мікалай Пятровіч Завадскі (рэжысёр народнага тэатра Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу), Галіна Віктараўна Кот (бухгалтар цэнтралізаванай сістэмы), Ірына Аляксандраўна Марозава (бібліятэкар Юрацішкаўскай бібліятэкі), Ірына Тадэўшаўна Траццякевіч (загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Іўеўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі), Тамара Міхайлаўна Ягела (бібліятэкар аддзела камплектацыі), Наталля Алегаўна Афоніна (настаўнік тэатральнага аддзялення Іўеўскай дзіцячай школы мастацтваў).
Як вядома, Іўеўскі райвыканкам узнагароджан Дыпломам Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь за паспяховую рэалізацыю праекта Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей "Адміністратыўны рэгіён Рэспублікі Беларусь - арганізацыя суайчыннікаў за мяжой". За актыўную работу па падрыхтоўцы гэтага праекта памятнымі падарункамі ўзнагароджаны: галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Іўеўскага райвыканкама Любоў Мікалаеўна Міхноўская, дырэктар Іўеўскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Святлана Абрыеўна Мірончык, дырэктар гімназіі №1 горада Іўе Галіна Станіславаўна Халява.
Ліст падзякі старшыні Іўеўскага райвыканкама атрымалі Людміла Стэфанаўна Трубіцкая (дырэктар Суботніцкага СДК) і Ірына Віктараўна Баўтрэль (бібліятэкар аддзела камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі адзінага фонду Іўеўскай раённай цэнтральнай бібліятэкі).
Каштоўным падарункам Іўеўскай раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання "Беларускі фонд міра" ўзнагароджана Алена Вацлаваўна Гурына (дырэктар Юрацішкаўскага гарадскога Дома культуры).
Прэмію Іўеўскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў культуры "Лепшы па прафесіі" атрымала дырэктар Іўеўскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Святлана Абрыеўна Мірончык.
За лепшую падрыхтоўку і арыгінальнасць у афармленні прыклубнай тэрыторыі ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі пераможцы раённага конкурсу "Прыклубны дызайн-2014": дырэктар Лелюкінскага цэнтра народнай творчасці Вера Паўлаўна Чурэйна (3-е месца - прынтэр), дырэктар Бобравіцкага СДК Вольга Міхайлаўна Шурпі-цкая (2-е месца - "мікрахвалевая печ"), дырэктар Эйгердаўскага СДК Святлана Генрыхаўна Воўк-Карачэўская (1-е месца - музычны цэнтр).
Свята вітала таксама маладых спецыялістаў, якія сёлета прыехалі працаваць у сферу культуры раёна.
Выступалі лепшыя салісты клубных устаноў, а затым падарункам культработнікам стала выступленне сапраўдных прафесіяналаў - дзяржаўнага ансамбля танца, музыкі і песні "Белыя росы".
В. ГУЛІДАВА.
Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.