13 студзеня у абласным цэнтры - горадзе Гродна - ушаноўвалі прадстаўнікоў творчых прафесій - лаўрэатаў прэміі імя Аляксандра Дубко абласнога выканаўчага камітэта " За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва”.
З 1999 года існуе гэтая прэмія і яе атрымала больш як 200 чалавек - самых творчых і таленавітых, самых яркіх прадстаўнікоў галіны культуры і мастацтва, якія сваімі поспехамі, сваёй творчай апантанасцю, сваёй самаадданай працай на ніве культуры і мастацтва славяць родны край, яго людзей, адраджаюць і захоўваюць культуру рэгіёна, не даюць кануць у небыццё і матулінай мове, і мату-лінай песні, нясуць друкаванае слова чытачам, вучаць мастацтву дзяцей, пішуць вершы і кнігі… Карацей кажучы, вобласць віншавала людзей, без працы якіх жыццё мела б толькі шэрыя фарбы.
Лаўрэатаў прэміі па-віншавалі старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Краўцоў і ўдава Аляксандра Дубко Эма Нікіфараўна Дубко.
У цырымоніі віншавання прынялі ўдзел намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Павел Скрабко і яго першы намеснік Аляксандр Версоцкі.
Гэта вельмі прыгожая цырымонія. А якія цудоўныя канцэртныя праграмы штогод прысвячаюцца пераможцам! Напэўна, інакш і нельга. Прыгожым людзям - прыгожыя хвіліны адпачынку і радасці.
І сярод лаўрэатаў, людзей прыгожых і таленавітых - і прадстаўніца Іўеўшчыны - Юзэфа Старасціна, загадчыца Геранёнскага філіяла Іўеўскага раённага цэнтра рамёстваў, якая атрымала прэмію імя Аляксандра Дубко ў намінацыі "Народны майстар года". І на цырымонію яна прыехала з групай падтрымкі, якую ўзначаліла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Іўеўскага райвыканкама Вольга Чаславаўна Барко.
Юзэфа Эдвардаўна - яркі прадстаўнік людзей творчых, умелых, якія сваёй дзейнасцю робяць усё дзеля таго, каб захаваць рэгіянальныя рамёствы і традыцыі, навучыць ім маладое пакаленне, паказаць людзям, у якім прыгожым і непаўторным сваёй культурай, рамёствамі, народным мастацтвам і традыцыямі краі мы жывём.
Юзэфа Старасціна - унікальны майстар саломапляцення, якая займаецца гэтым сонечным мастацтвам больш як дваццаць гадоў. Яе саламяныя вырабы - гэта вялікае мноства вобразаў, кампазіцый, тэм. І ўсе вырабы маюць прыгожыя вытанчаныя формы, зроблены з вялікім мастацкім густам, у іх адчуваецца любоў творцы да свайго мастацтва, цеплыня і прыгажосць яе душы. Юзэфа Эдвардаўна стварыла калекцыю лялек у нацыянальных строях, брэндавыя сувеніры Іўеўшчыны.
Паслядоўным вынікам творчай работы майстрыцы з'явілася тое, што ў 2009 годзе Юзэфа Старасціна была прынята ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці.
Шмат перамог і ўзнагарод розных (і самых высокіх рэспубліканскіх) узроўняў вянчаюць яе творчую працу.
А прэстыжная прэмія імя Аляксандра Дубко яшчэ раз падкрэсліла яе самабытнасць, высокі прафесійны ўзровень, талент, адданасць любі-май справе, што і паставіла яе майстэрства на такую вышыню.
З узнагародай, Майстар!
В. ГУЛІДАВА.
Фота І. Смірновай.