Пакінуўшы канцэртную пляцоўку на беразе іўеўскага возера, творчы праект культработнікаў раёна"Мелодыі лета" перамясціўся ў вёскі і вёсачкі раёна. Зрэшты, цудоўна атрымалася. Раённага гледача і слухача ўжо нічым не "проймеш", таму што шмат у нас канцэртаў, розных сцэнічных праектаў. А вёска шчыра сустракае, радасна ўспрымае кожны творчы калектыў.
Жнівеньскім надвячоркам парог бібліятэкі аграгарадка Цэнтральная пераўтварыўся ў эксклюзіўную сцэну, на якую выйшлі артысты - творчыя калектывы аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадка Ліпнішкі. Гэта былі не проста калектывы. Гэта былі два вядомыя далека за межамі раёна "Весялуха" і "Ворожея". Яны збіралі залы і адкрытыя пляцоўкі ў Татарстане і Літве падчас сяброўскіх візітаў туды прадстаўнікоў Іўеўскага райвыканкама і раённага Савета дэпутаў.
Маладыя, прыгожыя, пявучыя ліпнішкаўскія дзяўчаты, здаецца, не ўмеюць распланаваць свае канцэрты. Кожны раз іх канцэртная праграма, разлічаная на адну гадзіну, чамусьці пераўтвараецца ў 2-гадзінны, а то і больш працяглы канцэрт. Што тут паробіш - не адпускае іх глядач. А ў рэпертуары столькі прыгожых, меладычных, гарэзлівых песень, што могуць яны іх спяваць і ад вечара да ранку.
Удзячныя гледачы Цэнтральнай неслі на гэтую сцэну-парог і кветкі, і цукеркі, і іншыя салодкія пачастункі.
Вось такі чароўны вечар з праекта "Мелодыі лета" атрымаўся ў артыстаў з Ліпнішак і іх паклоннікаў з Цэнтральнай.
В. ГУЛІДАВА.