Вершы нашай зямлячкі Галіны Нічыпаровіч пастаянныя чытачы “Іўеўскага краю” даволі часта сустракалі на старонках газеты. Не чытаць іх немагчыма – шчырыя, лірычна-узнёслыя, лёгкія, чуллівыя… У іх – само жыццё, як яно ёсць. Таму іх хочацца чытаць і перачытваць зноў і зноў. І кожны абавязкова знойдзе штосьці блізкае і роднае для сябе. Здаецца, што аўтар зазірнула табе ў душу…
Адметна тое, што Галіна Міхайлаўна цудоўна валодае родным словам, адшуквае ў скарбонцы беларускай мовы такія словазлучэнні, стварае такія вобразы, якія выйгрышна вылучаюцца сярод звычайных штампаў. У яе “… празрысты ранак атуліў пяшчотна”, “з промнікам светлым світанне на росах у лузе гуляла”, “чараўніца-ноч тчэ калыханку”, “ранак толькі заіскрыўся, ціха шкрабаў па акне”, “дзянёчкаў цёплыя імгенні ляцяць жоўтым лісцем на ганак”.
Сёння на старонках газеты мы знаёмім нашых чытатачоў не толькі з творчасцю паэткі, але і з яе жыццём, меркаваннямі і дасягненнямі.
– Галіна Міхайлаўна, адкуль вашы карані?
– Нарадзілася і вырасла я ў невялікай вёсцы Грабава Бакштаўскага сельсавета. Маё дзявочае прозвішча – Аўдзевіч. Скончыла ў Бакштах сярэднюю школу. Марыла быць настаўніцай, аднак мае мары не спраўдзіліся. У педагагічнае вучылішча я не паступіла. Пайшла працаваць на хлебазавод у г. п. Узда Мінскай вобласці. Адпрацавала там шэсць гадоў, затым выйшла замуж. І мая сям’я стала жыць у в. Магільна Уздзенскага раёна. Я ўладкавалася на працу ў мясцовае аддзяленне паштовай сувязі. І працавала паштальёнам 30 гадоў. Выхоўвала разам з мужам траіх дзяцей. Зараз маю шасцёра ўнучак.
– Жыццё вясковае і праца паштальёна займае шмат часу. Як яго выкройвалі на творчасць?
– У маёй паштальёнскай сумцы заўсёды былі аловак і аркуш паперы. Калі ў галаве з’яўляліся вершаваныя радкі, я тут жа іх запісвала. А пазней – дапрацоўвала.
Мне пашчасціла жыць і працаваць ў прыгожых маляўнічых наднямонскіх мясцінах, мець штодзённыя зносіны з простымі і шчырымі людзьмі. У гэтым я знаходзіла натхненне. Яго я чэрпала і ад успамінаў пра сваю малую радзіму – Іўеўшчыну, пра сваіх бацькоў, аднавяскоўцаў.
А ўвогуле, пачала пісаць вершы яшчэ школьніцай. А першы раз яны былі надрукаваны ў 1985 годзе ў раённай газеце “Чырвоная зорка”. Больш цеснае супрацоўніцтва з газетай склалася у 2000 годзе. І сябрую з выданнем амаль 15 гадоў.
– Які вынік вашай творчай дзейнасці на сённяшні дзень?
– Гэта сем асабістых зборнікаў вершаў для дзяцей і дарослых:”Дар душы”, “Ромашковое поле”, “І напаўняецца душа цяплом” , дзіцячыя – “Дзіва дзіўнае”, “Непаседа”, “В ожидании чудес”,”Забавы дзетвары”. Мае творы ўвайшлі ў дваццать калектыўных зборнікаў. Самадзейны кампазітар Тамара Кашчава напісала музыку на словы майго верша “Родны край”.
Мае вершы друкаваліся ў газеце “Звязда”, “Мінская праўда”, “Беларуская ніва”, “Краязнаўчая газета”, ЛіМ”, а ў раённай газеце “Чырвоная Зорка” – пастаянна, у журналах “Алеся”, “Гаспадыня”, “Вожык”, “Вясёлка” і інш.
Я з’яўляюся членам літаратурнага аб’яднання “Нёманец” і абласного клуба “Жывіца”. У 2009 годзе стала членам Саюза пісьменнікаў Беларусі.
– Ведаю, што ў вас нямала творчых узнагарод і перамог…
– Так. Я ганаруся тым, што была ў мінулым годзе ўзнагароджана Граматай Саюза пісьменнікаў Беларусі за шматгадовую і плённую працу на ніве беларуская літаратуры і ў сувязі з 80-годдзем Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 2015 годзе Саюз пісьменнікаў узнагародзіў мяне Дыпломам як пераможцу літаратурнага конкурсу, прысвечанага 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
У маёй творчай капілцы ёсць узнагарода ад установы “Выдавецкі дом “Звязда”, ад рэдакцыі газеты “Звязда”. Я – лаўрэат сямі раённых творчых конкурсаў. Маю два дыпломы ад народнага клуба паэтаў і кампазітараў “Жывіца” Мінскага абласного цэнтра народнай творчасці.
– Галіна Міхайлаўна, які след пакінула ў вашай душы малая радзіма – Іўеўскі край?
– На гэта пытанне хачу адказаць вершамі.
– Калі ласка!
– Куточак мой родны, дзе думкі начуюць,
Дзе боль і тугу маю сэрцам адчуюць,
Пяшчотай і ласкай мяне сустракаеш.
Я рэдка бываю, а ты ўсё чакаеш.
Калыска дзяцінства, юначыя мары,
Рачулкі сцяжынка, лясныя абшары,
Бацькоўская хата, буслянка ля бэзу –
Вы помніце тую дзяўчынку-гарэзу?
Гадам не вярнуцца, бо так не бывае.
А сэрца ўсё помніць, чагосьці чакае.
Чакае сустрэчы ў мінуты расстання.
Жыву і малюся на гэта спатканне.
– Мяркую, што чытачы зразумелі, наколькі дарагія вам родныя мясціны…
– На жаль, я бываю там нячаста, як хацелася б. Мне вельмі прыемна, што пра мяне памятаюць. У мінулым годзе я прымала ўдзел у святкаванні Дня горада. Я была прыемна ўражана, як змянілася Іўе, як папрыгажэла, памаладзела.
У гэтым годзе прыехаць на свята не атрымалася па аб’ектыўных прычынах. Але запрашэнню была рада.
– Хто ваш чытач?
– Пытанне скаладанае. Ведаеце, мне часта даводзіцца сустракацца з дзецьмі ў навучальных установах. У мяне, як гаварылася вышэй, нямала твораў для дзяцей. Я вельмі радуюся, калі ў зале стаіць цішыня, калі бачу зацікаўленыя вочы хлопчыкаў і дзяўчынак. Мне гэта вельмі важна.
– У вас большасць твораў на роднай мове…
– Я вельмі люблю сваю мову – жывую, шчырую, прыгожую і мілагучную.
Наша родная мова – то матульчына песня.
Яе кожнае слова – цёплы промнік прадвесня.
Роднай мовы гучанне праз валошкі прашыта,
Праз сівыя паданні са сваім каларытам.
І смяецца, і плача мілагучная мова.
Бы выток, не іначай тчэцца кожнае слова.
У вяках самавіта, як крынічка ліецца,
У вясёлку спавіта, беларускай завецца.
– Што б вы хацелі сказаць вашым землякам-іўеўчанам?
– Найперш, пажадаць усім здароўя і дабрабыту. Хай спраўдзяцца ўсе вашы мары і жаданні. Любіце сваю краіну, сваю мову.
– Дзякуй за інтэрв’ю. Творчых вам поспехаў і натхнення.
Гутарыла І. БУТУРЛЯ.